Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вытворцы павінны шукаць іншыя рынкі». Мінэканомікі Ўкраіны пра магчымую забарону гандлю зь Беларусьсю


Чарга фураў на ўкраінскай мяжы
Чарга фураў на ўкраінскай мяжы

Украіна рэкамэндуе нацыянальным таваравытворцам пераарыентоўваць сваю працу зь беларускага на іншыя рынкі, каб пазьбегнуць беларускай залежнасьці ў вытворчасьці сваёй прадукцыі.

«Беларусь — яскравы прыклад таго, як цяжка спалучаць вонкавую палітыку і палітыку гандлю, трэба балянсаваць між бясьпекай і эканомікай», — сказаў намесьнік міністра эканомікі Ўкраіны, гандлёвы прадстаўнік краіны Тарас Качка ў Кіеве ў часе дыскусіі аб стратэгіі зьнешняй палітыкі Ўкраіны ў 2022 годзе.

Паводле яго, гандлёвыя дачыненьні зь Беларусьсю — пэўны выклік для Ўкраіны.

«Зь Беларусьсю нас аб’ядноўвае пагадненьне аб свабодным гандлі, нягледзячы на яе сяброўства ў Эўразійскім эканамічным саюзе і на адсутнасьць сяброўства ў Міжнароднай гандлёвай арганізацыі, у нас ёсьць двухбаковы гандаль. Ня варта забывацца, што ў нас ёсьць два крытычна важныя тавары — гэта нафтапрадукты з Мазыра і ўгнаеньні», — патлумачыў намесьнік міністра эканомікі Ўкраіны.

Тарас Качка мяркуе, што характар выклікаў у гандлёвых дачыненьнях Украіны зь Беларусьсю мае характар бясьпекі. «Таму калі контрадзеяньне па бясьпецы будзе мець месца ў выглядзе эканамічных санкцый — гэта будуць добра ўсьвядомленыя контрасанкцыі. Але гэта будзе палітыка бясьпекі», — дадаў ён.

Намесьнік міністра эканомікі нагадаў, што цяпер Міжведамасная камісія Ўкраіны ў пытаньнях міжнароднага гандлю праводзіць шэраг антыдэмпінгавых расьсьледаваньняў у дачыненьні да беларускай прадукцыі. «І кожны раз паўстае пытаньне, што які-небудзь вытворца ўкраінскай прадукцыі залежыць ад беларускага тавару, аналягі якога ёсьць і ва Ўкраіне, проста таму, што ёсьць пэўныя канкурэнтныя перавагі», — патлумачыў Тарас Качка.

У той жа час ён падкрэсьліў, што выклікі бясьпекі ў дачыненьнях зь Беларусьсю — не аднадзённы крызіс, які зьменіцца цягам некалькіх месяцаў.

«Наша парада ўсім тым прадпрыемствам, якія залежаць ад беларускай прадукцыі, — перабудоўваць свае вытворчыя працэсы такім чынам, каб не залежаць ад пастаўкі складнікаў зь Беларусі і потым — ад разьвіцьця сытуацыі бясьпекі».

Тарас Качка дадаў, што цалкам спыніць гандлёвыя дачыненьні немагчыма. «Як у выпадку з Расейскай Фэдэрацыяй, у нас працягваецца гандаль, бо ёсьць рэчы, якія вельмі цяжка спыніць. Палітычна выглядае, што лёгка, але потым жыцьцё аказваецца нашмат складанейшым. Таму ў дадзеным выпадку ня будзе ніякіх гучных заяваў. Усё гэта пытаньне доўгатэрміновае, і гэтую доўгатэрміновасьць павінны ўлічваць усе нашыя вытворцы», — адзначыў намесьнік міністра эканомікі Ўкраіны.

«А пытаньне бясьпекі будзе асобна. Менавіта таму ў нас ёсьць асобна закон пра санкцыі, асобна заканадаўства аб гандлёвай абароне і асобна гандлёвая палітыка», — перакананы Тарас Качка.

У лістападзе дэпутат з праўладнай фракцыі «Слуга народу» Аляксандар Дануца ініцыяваў праект закону аб забароне імпарту зь Беларусі. Дакумэнт зарэгістраваны ў сакратарыяце Вярхоўнай Рады Ўкраіны і накіраваны на разгляд у профільныя камітэты.

Пасьля прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі ў 2020 годзе і масавых пратэстаў у Беларусі Ўкраіна заявіла пра намер далучыцца да санкцый Эўрапейскага Зьвязу. У ліпені ўрад Украіны на прапанову Міністэрства замежных спраў Украіны зацьвердзіў распараджэньне аб далучэньні да першых двух пакетаў санкцый ЭЗ, але яго дагэтуль не разгледзела Рада нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG