Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як я зьмяніў сваю думку пра Ярузэльскага. Да гадавіны ваеннага становішча


Танкі на вуліцы польскага мястэчка ў сьнежні 1981 году

У Беларусі ваеннае становішча дзейнічае ўжо больш за год, проста мадыфікаванае пад умовы XXI стагодзьдзя. І Лукашэнка гэта робіць не дзеля таго, каб абараніць краіну ад расейскіх танкаў.

Сорак гадоў таму генэрал Ярузэльскі ўвёў у Польшчы ваеннае становішча. Гэта адна з самых трагічных падзеяў у найноўшай гісторыі Польшчы. На вуліцы вывелі танкі, увялі камэнданцкую гадзіну, ізалявалі апазыцыйных лідэраў. Былі дзясяткі сьмяротных ахвяраў. Але абсалютная большасьць палякаў ня лічыць сёньня Ярузэльскага катам польскага народу. Зьмяніў сваю думку пра яго і я.

Вось вынікі апошняга сацыялягічнага дасьледаваньня. 43% — супраць Ярузэльскага, 26% — за, і ажно 30% — ня маюць свайго меркаваньня. Што да стаўленьня наконт уласна ваеннага становішча, то яно амаль заўсёды было прыблізна 50/50. Для мяне, як да чалавека, які сталеў у Польшчы, фактычна фармаваўся як асоба, ніколі не было зразумела, як палова палякаў можа пазытыўна ацэньваць Ярузэльскага. Я заўсёды быў у групе 43%. Але цяпер я ў групе 30%, бо бачу іншы прыклад у Беларусі.

У палякаў 40 гадоў таму адбывалася нешта падобнае, як летась у нас, але ў большых маштабах — «карнавал „Салідарнасьці“», магутная мабілізацыя грамадзтва на барацьбу супраць камуністаў. Ваеннае становішча прыпыніла гэты працэс на 8 год, стварыўшы яшчэ горшую атмасфэру, чым цяпер у Беларусі. Але палова палякаў перакананая, што калі б тады Ярузэльскі не пайшоў на такі крок, то Брэжнеў ужо б скакаў на кані вызваляць «славянскі братэрскі народ» і вынік для польскай гісторыі быў бы ў разы горшы, чым ад ваеннага становішча. А такі варыянт пацьвярджаюць савецкія дакумэнты (фрамаваньне вайсковых адзінак на мяжы з ПНР), і ўспаміны, у тым ліку беларусаў, якія былі тады ў войску і памятаюць нэрвовую атмасфэру. Таму частка палякаў лічыць, што Ярузэльскі наўмысна ўвёў ваеннае становішча, каб апярэдзіць расейцаў.

Войцех Ярузэльскі на польскай тэлевізіі зачытвае дэкрэт аб ваенным становішчы, 13 сьнежня 1981 году
Войцех Ярузэльскі на польскай тэлевізіі зачытвае дэкрэт аб ваенным становішчы, 13 сьнежня 1981 году

Важнае значэньне ў пазытыўнай ацэнцы Ярузэльскага мае і ягоная роля ў падзеньні камунізму ў Польшчу. Ён пайшоў на круглы стол з апазыцыяй, які прывёў да зьмены ўлады ў краіне (незалежна ад таго, якую ён ставіў задачу, камуністы ўладу страцілі). Многія палякі нэгатыўна ставяцца да круглага стала, бо на іх думку камуністы абдурылі апазыцыю: гарантавалі сабе бясьпеку, увайшлі ў палітыку пад новай шыльдай, а былыя супрацоўнікі спэцслужбаў узбагаціліся і сталі алігархмі. А трэба было, маўляў, расправіцца з камуністамі напоўніцу.

А паколькі такога не было, то гэта, на думку той часткі палякаў, стварыла масу паталёгій і ўскладніла трансфармацыю ў Польшчы. І я таксама доўгі час быў на іх баку. Але ўсё пазнаецца ў параўнаньні.

У Беларусі ваеннае становішча дзейнічае ўжо больш за год, проста мадыфікаванае пад умовы XXI стагодзьдзя (у турмах і асуджаных ужо значна больш, чым тады ў Польшчы). Лукашэнка ўсё гэта робіць не дзеля таго, каб абараніць краіну ад расейскіх танкаў. Наадварот, ён у жніўні сам прасіў Пуціна сфармаваць вайсковыя рэзэрвы для таго, каб ратаваць сваю ўладу ад беларусаў. А цяпер ён прадае рэшткі незалежнасьці за магчымасьць даўжэй прачынацца «як прэзыдэнт». І Лукашэнка ніколі не пойдзе на кампраміс, на круглы стол. Гэта ўжо відавочна ўсім.

Сёньня Польшча бясьпечная краіна, якая дынамічна разьвіваецца і багацее, яна ў NATO і Эўразьвязе, і туды едуць жыць грамадзяне з былога «постсаўка», а не наадварот. Палякі самі абіраюць уладу і адказваюць за свае выбары, калі яны кепскія. Але ніхто не дае гарантыю, як усё магло б пайсьці, калі б Ярузэльскі павёў сябе інакш: запрасіў бы савецкія танкі і адмовіўся ад перамоваў з апазыцыяй у 1989 годзе. Калі б, калі б — гэта ўсё тэорыі. А тое, што палякі перамаглі трагедыю сваёй гісторыі — гэта факт. І не ў апошнюю чаргу дзякуючы таму, хто быў сымбалем гэтай трагедыі. Такое бывае. Але, відаць, гэта ня наш выпадак.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG