Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Францыі арыштавалі падазраванага ў забойстве журналіста Джамаля Хашокджы


Джамаль Хашокджы, 2018 год
Джамаль Хашокджы, 2018 год

У Францыі арыштавалі падазраванага ў датычнасьці да забойства ў 2018 годзе ў Стамбуле журналіста Джамаля Хашокджы.

Пра гэта паведамляе BBC.

Падазраваны Халед Аед аль-Атайбі быў затрыманы 7 сьнежня ў парыскім аэрапорце Шарль-дэ-Голь, паведамілі францускія СМІ. Халед аль-Атайбі — 33-гадовы вайсковец каралеўскай гвардыі, які прыбыў у Францыю пад сваім імем. Ён адзін з 26 саудытаў, якія вышукваюцца Турэччынай у справе аб забойстве журналіста.

Джамаль Хашокджы, які супрацоўнічаў з амэрыканскай газэтай Washington Post і меў від на жыхарства ў ЗША, неаднаразова крытыкаваў улады Саудаўскай Арабіі. Ён загінуў у кастрычніку 2018 году, ягонага цела так і не знайшлі. Вядома, што журналіст пайшоў на прыём у консульства Саудаўскай Арабіі ў Стамбуле, каб аформіць дакумэнты на развод з жонкай, пасьля гэтага ніхто яго ня бачыў. Празь некалькі тыдняў улады ў Эр-Рыядзе прызналі, што Хашокджы памёр на тэрыторыі дыпляматычнага прадстаўніцтва, але адмовіліся расказаць, як гэта адбылося.

Саудаўскія ўлады спачатку сцвярджалі, што журналіст нібыта памёр выпадкова, у выніку бойкі з супрацоўнікамі консульства. Аднак турэцкія спэцслужбы лічаць, што Хашокджы стаў ахвярай наўмыснага забойства, сплянаванага і ўчыненага службовымі асобамі Саудаўскай Арабіі. Турэцкія афіцыйныя крыніцы заяўляюць, што саудаўскія агенты дзейнічалі на загад, аддадзены на самым верхнім узроўні ўлады ў Эр-Рыядзе.

Празь некалькі месяцаў былі апублікаваныя запісы праслухоўваньня консульства Саудаўскай Арабіі ў Стамбуле. Паводле іх, калі Хашокджы ўвайшоў у будынак консульства, яго амаль адразу сустрэла група чыноўнікаў, якія прыбылі з Эр-Рыяду. Яны заявілі, што яго шукае Інтэрпол і зараз яго дэпартуюць у Саудаўскую Арабію.

23 сьнежня 2019 году пяць чалавек былі асуджаныя на пакараньне сьмерцю, аднак у траўні 2020 году сям’я журналіста заявіла, што даравала вінаватым і папрасіла аб іх памілаваньні. Згодна з законамі каралеўства, у такім выпадку абвінавачанага нельга асудзіць на сьмерць.

Пяцёра фігурантаў справы замест сьмяротнага пакараньня атрымалі па 20 гадоў пазбаўленьня волі. Астатнім траім прысуд пакінулі ў сіле: адзін чалавек атрымаў 10 гадоў пазбаўленьня волі, яшчэ двое — па сем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG