Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За забойства саудаўскага журналіста вынесьлі сьмяротныя прысуды


Прынц Мухамэд ібн Салман, якога падазраюць у загадзе на забойства

Пяцёра абвінавачаных у справе аб забойстве саудаўскага журналіста Джамаля Хашокджы асуджаныя да сьмяротнага пакараньня, яшчэ трое — да турмы. Пра гэта заявіў у панядзелак абвінаваўца на працэсе, ягоныя словы прыводзіць канал «Аль-Джазіра».

Сярод асуджаных няма былога дарадцы насьледнага прынца Сауда аль-Кахтані, адзначае «Аль-Джазіра». Ордэр на ягоны арышт праз падазрэньне ў дачыненьні да забойства выпісвала раней пракуратура ў Турэччыне.

У кастрычніку праваабарончая група Human Rights Watch назвала судовы працэс аб забойстве Хашокджы, які праходзіў за зачыненымі дзьвярыма, неадпаведным міжнародным стандартам.

Сёлета ў чэрвені спэцыяльная дакладчыца ААН Аньес Калямар апублікавала вынікі расьсьледаваньня забойства Хашокджы.

Паводле яе, турэцкія спэцслужбы перадалі групе экспэртаў ААН частку гуказапісаў, зробленых у дзень забойства журналіста ў консульстве Саудаўскай Арабіі ў Стамбуле. Гэтыя запісы і іншыя доказы сьведчаць, што Хашокджы стаў ахвярай «жорсткага і наўмыснага забойства, сплянаванага і зробленага службовымі асобамі Саудаўскай Арабіі», адзначыла Калямар.

У ААН таксама асудзілі Эр-Рыяд за непразрыстае расьсьледаваньне забойства Хашокджы. Калямар меркавала, што вінаватымі трэба лічыць улады Саудаўскай Арабіі, якіх яна заклікала прасіць прабачэньня перад сям’ёй Хашокджы за забойства, а таксама адпусьціць людзей, абвешчаных падазраванымі.

Турэцкія і амэрыканскія спэцслужбы лічаць, што да забойства Хашокджы можа быць датычнае вышэйшае кіраўніцтва Саудаўскай Арабіі і асабіста насьледны прынц Мухамэд бін Салман.

Летась турэцкае выданьне Hurriet Daily News паведаміла са спасылкай на свае крыніцы, што прынц Салман перад забойствам журналіста Хашокджы аддаў загад прымусіць яго замаўчаць. Салман нібыта аддаў такі загад у тэлефоннай размове, а гутарку перахапіла ЦРУ ЗША. Афіцыйнага пацьверджаньня гэта інфармацыі не было.

Калюмніст газэты Washington Post Джамаль Хашокджы быў забіты ў пачатку кастрычніка 2018 году ў саудаўскім кансуляце ў Стамбуле. Апошнія гады журналіст выступаў з рэзкай крытыкай палітыкі Эр-Рыяду.

ЗША раней ўвялі санкцыі адносна 17 падданых Саўдаўскай Арабіі, якія, як мяркуецца, уваходзілі ў склад так званай апэратыўнай групы па ліквідацыі Хашокджы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG