Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Bloomberg: новыя санкцыі ЗША і ЭЗ супраць Расеі могуць закрануць абмен рубля


ЗША і Эўрапейскі Зьвяз разглядаюць увядзеньне санкцый у дачыненьні да найбуйнейшых расейскіх банкаў і Расейскага фонду прамых інвэстыцый (РФПІ), у выпадку магчымага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну.

Пра гэта паведаміў Bloomberg са спасылкай на крыніцы.

Акрамя таго, санкцыі могуць закрануць канвэртаваньне рублёў у даляры, эўра і фунты стэрлінгаў. Таксама разглядаецца варыянт увесьці абмежаваньні для інвэстараў купляць расейскія даўгавыя абавязаньні на другасным рынку.

Самым радыкальным варыянтам было б адключэньне Расеі ад сыстэмы фінансавых плацяжоў SWIFT, але гэта, паводле суразмоўцаў агенцтва, «нанесла б шкоду шараговым грамадзянам».

Напярэдадні аб магчымасьці адлучэньня расейскіх банкаў ад сыстэмы SWIFT паведамляў тэлеканал CNN. Праўда, гэтая «ўдарная мера», як адзначаюць журналісты, ужо неаднаразова была на слыху — пачынаючы зь вясны 2014 году, калі Расея анэксавала Крым.

Раней крыніцы, блізкія да адміністрацыі ЗША, паведамілі, што ў асяродзьдзі прэзыдэнта Джо Байдэна працягваюць «узважваць» усе магчымыя санкцыі ў дачыненьні да Расеі, якія маглі б утрымаць расейскае кіраўніцтва ад уварваньня на тэрыторыю Ўкраіны.

Сярод санкцый, якія разглядаюцца, — абмежавальныя меры ў дачыненьні да людзей з блізкага кола прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, кіраўнікоў найбуйнейшых расейскіх энэргетычных кампаній і банкаў. Канчатковае рашэньне аб санкцыях яшчэ не прынятае, паведамляе CNN.

Варыянты магчымых санкцый прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн можа выказаць расейскаму лідэру Ўладзіміру Пуціну падчас тэлефонных перамоваў увечары 7 сьнежня, піша Bloomberg.

Раней шэраг амэрыканскіх і эўрапейскіх СМІ са спасылкай на крыніцы ў выведцы пісалі аб тым, што ў пачатку году Расея можа пачаць маштабнае ўварваньне на тэрыторыю Ўкраіны, магчыма, з мэтай зьвяржэньня дзейных уладаў у Кіеве або захопу тэрыторыі. Аб падобных дадзеных выведкі паведамляла і Міністэрства абароны Ўкраіны.

Напярэдадні дырэктар ЦРУ Ўільям Бэрнс заявіў, што ў выведвальных службаў ЗША пакуль няма ўпэўненасьці ў тым, што Расея мае намер ажыцьцявіць «уварваньне» ва Ўкраіну. Аднак трэба прыняць да ўвагі, што расейскія ўзброеныя сілы «здольны дзейнічаць вельмі радыкальна», сказаў ён. На думку Бэрнса, у адказе на палітыку Масквы важна спалучаць стрымліваньне і дыпляматыю.

У Маскве такія пляны адмаўляюць і заяўляюць, што ў Расеі ёсьць права разьмяшчаць войскі на сваёй уласнай тэрыторыі на свой розум. Масква назвала публікацыі ў заходніх СМІ «спэцапэрацыяй для нагнятаньня абстаноўкі вакол Украіны зь перакладваньнем адказнасьці на Расею».

  • Паводле Кіева, Расея трымае каля ўкраінскай мяжы больш за 100 тысяч вайскоўцаў і цяжкай тэхнікі. Гэта адбылося пасьля маштабных вайсковых вучэньняў у Расеі на пачатку гэтага году, якія выклікалі асьцярогі магчымага ўварваньня.
  • Расея, якая захапіла Крым у 2014 годзе і падтрымлівае гібрыдныя сілы на Данбасе, адмаўляе плянаваньне нападу і абвінавачвае Ўкраіну і яе заходніх саюзьнікаў у эскаляцыі напружанасьці.
  • Захад неаднаразова заклікаў Маскву вывесьці свае сілы, пагражаючы наступствамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG