Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Financial Times: дадзеныя выведкі ЗША пераканалі ЭЗ і NATO ў расейскай пагрозе Ўкраіне


Вайсковыя вучэньні ўкраінскай арміі ў Херсонскай вобласьці непадалёк ад мяжы з Крымам, 17 лістапада 2021

Саюзьнікі ЗША ў ЭЗ і NATO падтрымалі высновы амэрыканскай выведкі аб тым, што Расея можа ўварвацца на тэрыторыю Ўкраіны. Аб гэтым піша Financial Times са спасылкай на крыніцы.

Суразмоўцы выданьня расказалі, што амэрыканскі бок у пачатку лістапада, перад самітам NATO, даў шырокі аб’ём выведных дадзеных. Да гэтага некаторыя краіны Эўразьвязу сумняваліся ў пераканаўчасьці доказаў Вашынгтону аб магчымым уводзе расейскіх войскаў ва Ўкраіну.

Financial Times піша, што зьмяніць думку саюзьнікаў змаглі пададзеныя зьвесткі аб канцэнтрацыі расейскіх войскаў паблізу ўкраінскай мяжы.

Прадстаўнік Белага дому заявіў, што Масква магла плянаваць уварваньне ўжо ў пачатку 2022 году. Пры гэтым расейскі бок можа задзейнічаць у наступе палову вайсковых частак, якія цяпер знаходзяцца паблізу мяжы з Украінай.

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн 7 сьнежня ў размове па відэасувязі з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным мае намер перасьцерагчы Крэмль ад нападу на Ўкраіну. Байдэн таксама паведаміць Пуціну аб поўнай падтрымцы мераў у адказ краінамі ЭЗ і NATO ў дачыненьні да Расеі ў выпадку ўварваньня, піша Financial Times. Дэталі санкцый у дачыненьні да Масквы пакуль абмяркоўваюцца.

Прадстаўнік Эўракамісіі ў размове з РБК зазначыў, што Брусэль не камэнтуе «спэкуляцыі ў СМІ» на пытаньнях магчымага расейскага нападу. Пры гэтым ЭЗ уважліва сочыць за сытуацыяй і нязьменна падтрымлівае сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны.

Раней шэраг амэрыканскіх і нямецкіх СМІ са спасылкай на крыніцы ў выведцы пісалі аб тым, што ў пачатку году Расея можа пачаць маштабнае ўварваньне на тэрыторыю Ўкраіны, магчыма, з мэтай зьвяржэньня дзейных уладаў у Кіеве або захопу тэрыторыі. Аб падобных дадзеных выведкі паведамляла і Мінабароны Ўкраіны.

У Маскве такія пляны адмаўляюць і заяўляюць, што ў Расеі ёсьць права разьмяшчаць войскі на сваёй уласнай тэрыторыі на свой розум. Масква назвала публікацыі ў заходніх СМІ «спэцапэрацыяй па нагнятаньні абстаноўкі вакол Украіны зь перакладваньнем адказнасьці на Расею».

  • Паводле Кіева, Расея трымае каля ўкраінскай мяжы больш за 100 тысяч вайскоўцаў і цяжкай тэхнікі. Гэта адбылося пасьля маштабных вайсковых вучэньняў у Расеі на пачатку гэтага году, якія выклікалі асьцярогі магчымага ўварваньня.
  • Расея, якая захапіла Крым у 2014 годзе і падтрымлівае гібрыдныя сілы на Данбасе, адмаўляе плянаваньне нападу і абвінавачвае Ўкраіну і яе заходніх саюзьнікаў у эскаляцыі напружанасьці.
  • Захад неаднаразова заклікаў Маскву вывесьці свае сілы, пагражаючы наступствамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG