Ціханоўская ўпершыню наведвае Мальту. Што ў плянах

Сьвятлана Ціханоўская, архіўнае фота
Сьвятлана Ціханоўская, архіўнае фота

Гэта першы візыт Сьвятланы Ціханоўскай на Мальту — туды яе запрасіў міністар замежных спраў Мальты і дзейны старшыня Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ) Ян Борг.

Як паведаміла прэсавая служба Ціханоўскай, падчас візыту яна, акрамя міністра Яна Борга, сустрэнецца з прэзыдэнткай Мальты Мірыям Сьпітэры Дэбона (Myriam Spiteri Debono), са сьпікерам парлямэнту Анджлю Фаруджа (Anglu Farrugia) і са старшынёй Эўрапейскага парлямэнту Рабэртай Мэтсалай.

Паведамляецца, што Ціханоўская абмяркуе зь імі ўдзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне, магчымыя крокі АБСЭ ў вызваленьні палітвязьняў, прыцягненьне памагатых рэжыму Лукашэнкі да адказнасьці, падтрымку дэмакратычных сілаў, супрацоўніцтва паміж Эўразьвязам і дэмакратычнымі сіламі Беларусі.

Таксама Ціханоўская зьбіраецца папрасіць, каб Мальта падчас свайго старшынства ў АБСЭ падымала пытаньне Беларусі.

Першыя сустрэчы на Мальце заплянаваныя 2 траўня ў другой палове дня.

Мальта ўжо падтрымала апошнюю пастанову Замежнай Рады Эўразьвязу аб Беларусі, якая, з аднаго боку, заклікае да падтрымкі мабільнасьці беларусаў, а з другога — да працягу ціску на рэжым Лукашэнкі для вызваленьня палітвязьняў і спыненьня рэпрэсіяў у Беларусі.

  • У 29 і 30 траўня Ціханоўская знаходзілася зь візытам у Осла, сустракалася, сярод іншага, зь міністрам замежных спраў Нарвэгіі, міністрам культуры, дзяржсакратаром Міністэрства юстыцыі, а таксама правяла сустрэчы ў нарвэскім парлямэнце і прыняла ўдзел у міжнароднай канфэрэнцыі «Word Matter!» («Словы маюць значэньне!») аб барацьбе з мовай варожасьці.
  • Прэм’ер-міністар Нарвэгіі Юнас Стэрэ падчас сустрэчы са Сьвятланай Ціханоўскай сказаў, што Нарвэгія ўносіць 10 мільёнаў нарвэскіх крон (850 тысяч эўра) як першы ўнёсак у Міжнародны фонд падтрымкі беларускіх палітвязьняў.

    Распараджацца фондам будуць беларускія арганізацыі і ініцыятывы, якія дапамагаюць палітвязьням, паведаміла па выніках сустрэчы ў Осла прэсавая служба Ціханоўскай.

​
XS
SM
MD
LG