Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белы дом расказаў, пра што будуць гаварыць Байдэн і Пуцін


Сустрэча ў Жэнэве

Прэс-сакратар Белага дому Джэн Сакі пацьвердзіла паведамленьні СМІ аб тым, што 7 сьнежня прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн паразмаўляе з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным па абароненым канале відэасувязі. Размова адбудзецца на фоне рэзкага абвастрэньня сытуацыі вакол Украіны.

Як гаворыцца ў паведамленьні Белага дому, лідэры абмяркуюць розныя тэмы амэрыкана-расейскіх дачыненьняў, у тым ліку стратэгічную стабільнасьць, кібэрбясьпеку і рэгіянальныя пытаньні. «Прэзыдэнт Байдэн падкрэсьліць занепакоенасьць ЗША ў сувязі з дзеяньнямі расейскіх вайскоўцаў на мяжы з Украінай і пацьвердзіць падтрымку Злучанымі Штатамі сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны», — сказана ў паведамленьні.

Раней аб тым, што дасягнута дамоўленасьць аб размове ў відэафармаце, паведамілі ў Крамлі. Памочнік прэзыдэнта Расеі Юрый Ушакоў расказаў журналістам, што Байдэн і Пуцін на віртуальным саміце абмяркуюць таксама сытуацыю ў Афганістане, перамовы аб выратаваньні атамнай угоды з Іранам і амэрыкана-расейскія адносіны. Прэзыдэнты падчас гутаркі таксама абмяркуюць двухбаковыя сувязі і выкананьне дамоўленасьцей, дасягнутых на чэрвеньскім саміце ў Жэнэве, заявіў прадстаўнік Крамля Дзьмітрый Пяскоў у суботу.

Сам Байдэн у пятніцу падкрэсьліў, што Злучаныя Штаты не прымаюць якіх-небудзь «чырвоных ліній» з боку Расеі ў размове пра Ўкраіну. Байдэн таксама сказаў, што ён і яго дарадцы рыхтуюць комплекс ініцыятыў, накіраваных на стрымліваньне агрэсіўных памкненьняў Крамля. Раней Пуцін казаў, што магчымае ўступленьне гэтай краіны ў NATO ці разьмяшчэньне там ваеннай інфраструктуры NATO зьяўляюцца «чырвонымі лініямі» для Расеі.

Камандаваньне ўзброеных сіл Украіны ацэньвае колькасьць расейскіх войскаў, якія знаходзяцца блізу мяжы з Украінай, у 94 тысячы вайскоўцаў. Выведка ЗША апошнім часам адзначае, што расейская вайсковая групоўка складае прыкладна 70 тысяч вайскоўцаў, але дапускае рост іх колькасьці да 175 тысяч салдат і афіцэраў. Шэраг амэрыканскіх і нямецкіх СМІ са спасылкай на крыніцы ў выведцы пісалі аб тым, што ў студзені-лютым Расея можа ажыцьцявіць маштабнае ўварваньне на тэрыторыю Ўкраіны, магчыма з мэтай зрынаньня дзейных уладаў у Кіеве або захопу тэрыторыі. Аб падобных дадзеных выведкі паведаміў у суботу і міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў.

У Маскве такія пляны адмаўляюць, настойваючы пры гэтым, што ў Расеі ёсьць права разьмяшчаць войскі на сваёй уласнай тэрыторыі па сваім меркаваньні. Прадстаўнікі адміністрацыі Байдэна кажуць, што яны яшчэ ня ведаюць, якія намеры Пуціна, паведамляе «Голас Амэрыкі».

  • На гэтым тыдні ў Стакгольме дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен правёў перамовы зь міністрам замежных справаў Расеі Сяргеем Лаўровым, на якіх заявіў, што Расею чакаюць «сур’ёзныя выдаткі і наступствы, калі яна распачне далейшыя агрэсіўныя дзеяньні супраць Украіны».
  • Агенцтва Bloomberg са спасылкай на крыніцыпаведамляе, што на афіцыйным абедзе падчас саміту АБСЭ ў Стакгольме Лаўроў і Блінкен уступілі ў палеміку: расейскі міністар назваў падзеі ва Ўкраіне ў 2014 годзе «пераваротам» і абвінаваціў NATO і ЭЗ у «прыцісканьні іншадумства» і ў тым, што яны ўяўляюць пагрозу для Расеі.
  • Блінкен, як паведамляецца, адказаў, што ў 2014 годзе прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч уцёк у Расею пасьля таго, як падначаленыя яму прадстаўнікі сілавых структур забілі на Майдане ў Кіеве каля 100 чалавек, а таксама падкрэсьліў, што NATO — гэта абарончы саюз.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG