Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Энтані Блінкен заявіў, што Расея павінна адвесьці войскі ад мяжы з Украінай


Энтані Блінкен
Энтані Блінкен

Дзяржсакратар ЗША заявіў аб неабходнасьці таго, каб і Масква, і Кіеў пацьвердзілі сваю гатоўнасьць выконваць Менскія пагадненьні

Пра гэта інфармуе Голас Амэрыкі.

Злучаныя Штаты спадзяюцца, што Расея ўлічыць пажаданьні заходніх партнэраў і абярэ шлях дыпляматыі, а не канфрантацыі і агрэсіі ў вырашэньні крызісу, які склаўся ў адносінах Масквы і Кіева. Дзяржсакратар Энтані Блінкен сказаў пра гэта ў інтэрвію з Алесандрай Галані на віртуальнай глябальнай канфэрэнцыі Reuters NEXT.

Адказваючы на пытаньне журналісткі аб тым, ці зьбіраецца Расея ўварвацца ва Ўкраіну, Блінкен выказаў надзею на тое, што гэтага не адбудзецца, дадаўшы, што падчас самітаў NATO і АБСЭ дзяржсакратар падрабязна абмеркаваў сытуацыю, якая склалася на расейска-ўкраінскай мяжы, з найбліжэйшымі саюзьнікамі і партнэрамі. Блінкен сказаў, што ўбачыў сярод усіх заходніх краін прысутнасьць «пачуцьця агульнай заклапочанасьці, а таксама рашучасьці даць зразумець Расеі, што магчымая агрэсія супраць Украіны будзе мець вельмі сур’ёзныя наступствы».

Дзяржсакратар расказаў, што ў час размовы зь міністрам замежных спраў Расеі Сяргеем Лаўровым ён ясна даў гэта зразумець свайму расейскаму калегу.

«У нас была доўгая размова пра гэта. І я вельмі, вельмі спадзяюся, што Расея нас вельмі выразна пачула і ўлічыць гэта і абярэ дыпляматычны шлях, а ня шлях канфрантацыі і агрэсіі», — заявіў Блінкен.

Адказваючы на пытаньне аб тым, што павінны зрабіць і Расея, і Ўкраіна для выхаду з крызісу, Блінкен вылучыў два важныя моманты: па-першае, на яго думку, Расея павінна адвесьці сілы, якія сканцэнтраваны каля мяжы з Украінай, каб зьнізіць напружанасьць«.

Па-другое, Расеі і Ўкраіне трэба дакладна пацьвердзіць, што яны па-ранейшаму адданыя выкананьню абавязаньняў, прапісаных у Менскіх пагадненьнях.

«І тады, я спадзяюся і чакаю, што мы разам з французамі і немцамі, якія маюць гэты так званы Нармандзкі працэс, сапраўды зможам аднавіць узаемадзеяньне з Украінай і з Расеяй, каб убачыць, ці будуць яны рэалізоўваць крокі, якія яны ўзгаднілі ў Менскам працэсе. Калі яны гэта зробяць, то мы зможам вырашыць гэта дыпляматычным шляхам», — падкрэсьліў Блінкен.

Камэнтуючы заяву Ўладзіміра Пуціна аб тым, што NATO «перасячэ чырвоную рысу», калі разьмесьціць ва Ўкраіне ракетныя сыстэмы, гіпэргукавую зброю і пускавыя ўстаноўкі МК-41, Блінкен заявіў, што Пуцін, хутчэй за ўсё, ігнаруе той факт, што NATO зьяўляецца абарончым альянсам.

«Гэта празрысты альянс. Гэта не саюз, накіраваны супраць Расеі. Гэта не альянс, які зьбіраецца рабіць акты агрэсіі супраць Расеі. Адзіная агрэсія, якую мы назіралі ў гэтай прасторы ў апошнія гады, на жаль, была з боку Расеі — спачатку ў дачыненьні да Грузіі, а затым Украіны», — заявіў Блінкен, назваўшы заяву Пуціна «недарэчнай».

Дзяржсакратар падкрэсьліў, што «Ўкраіна можа мець эўрапейскую будучыню, якой хоча пераважная большасьць яе народ, і пры гэтым мець цесныя сувязі і цесныя адносіны з Расеяй». На жаль, як сказаў дзяржсакратар, дзеяньні Расеі ў 2014 годзе кардынальна зьмянілі сытуацыю.

  • Паводле Кіева, Расея трымае каля ўкраінскай мяжы больш за 100 тысяч вайскоўцаў і цяжкай тэхнікі. Гэта адбылося пасьля маштабных ваенных вучэньняў у Расеі на пачатку гэтага году, якія выклікалі асьцярогі магчымага ўварваньня.
  • Расея, якая захапіла Крым у 2014 годзе і падтрымлівае гібрыдныя сілы на Данбасе, адмаўляе плянаваньне нападу і абвінавачвае Ўкраіну і яе заходніх саюзьнікаў у эскаляцыі напружанасьці.
  • Захад неаднаразова заклікаў Маскву вывесьці свае сілы, пагражаючы наступствамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG