Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці адмовіліся друкаваць незалежную газэту «Ганцавіцкі час»


Пратэсты 2020 году ў Ганцавічах, зь якіх «Ганцавіцкі час» вёў трансьляцыі
Пратэсты 2020 году ў Ганцавічах, зь якіх «Ганцавіцкі час» вёў трансьляцыі

Ад студзеня 2022 году дзяржаўная друкарня ў Берасьці вырашыла не працягваць дамову з ганцавіцкай рэдакцыяй.

Паведамленьне аб скасаваньні дамовы прыйшло 30 лістапада па электроннай пошце з подпісам намесьніцы дырэктара Берасьцейскай друкарні Ірыны Іванісік, паведамляе сайт «Першы рэгіён».

Пазьней у тэлефоннай размове яна патлумачыла, што «мяняецца загрузка». На дадатковае пытаньне, чаму пра гэта ня ўказана ў электронным паведамленьні, адказала: «А навошта?»

У офісе «Ганцавіцкага часу» зазначаюць, што на друк штотыднёвага нумара газэты друкарня траціла ў сярэднім 20-30 хвілін. Атрымліваецца, «загрузка» павінна быць вельмі сур’ёзнай, калі наклад выданьня стаў настолькі прынцыповым момантам.

Як зазначыў галоўны рэдактар Пятро Гузаеўскі, 20 гадоў «Ганцавіцкі час» сумленна выконвае сваю працу на карысьць чытачоў у раёне і за яго межамі.

«Мы спрабавалі дапамагчы шматлікім людзям: падымалі актуальныя праблемы, трымалі чытачоў у курсе падзеяў на Ганцавіцкім раёне і ня толькі. Аб’ектыўна пісалі гісторыю раёну. Дзякуй усім, хто падтрымліваў і давяраў нам».

Пятро Гузаеўскі дадаў, што рэдакцыя накіруе запыты ў іншыя друкарні і будзе чакаць станоўчага адказу.

«Ганцавіцкі час» не разьвітваецца са сваёй чытацкай аўдыторыяй, запэўнілі ў рэдакцыі.

Змаганьне ўлады супраць недзяржаўных СМІ

У 2020–2021 гадах перасталі выходзіць на паперы шэраг незалежных газэтаў нацыянальнага і рэгіянальнага абсягу. Большасьць газэтаў спынілі выхад праз палітычны ціск пасьля публікацый — ім не давалі далей друкавацца ў Беларусі. Перасьлед працягнуўся ў 2022-2023 гг.

Праблемы з друкарнямі паўсталі перад рэдакцыямі выданьняў:

  • «Белгазета»,
  • «Брестская газета»,
  • «Газета Слонімская»,
  • «Информ-прогулка»,
  • «„Комсомольская правда“ в Белоруссии»,
  • «Лидер-пресс».
  • «Народная воля»,
  • «Новы час»,
  • «Рэгіянальная газета»,
  • «Свободные новости плюс»,
  • «Ганцавіцкі час».

У многіх рэдакцыях і ў журналістаў дома прайшлі ператрусы. Некаторыя рэдакцыі зазналі некалькі ператрусаў.

Фінансавыя праблемы сталі прычынай закрыцьця яшчэ дзьвюх папулярных у сваіх рэгіёнах незалежных газэтаў. На пачатку мінулага году перасталі выходзіць «Барысаўскія навіны», а ў канцы 2020 году выйшаў апошні нумар газэты «Вольнае Глыбокае».

Мэдыя і мэдыяарганізацыі, прызнаныя ўладай «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі»: Радыё Свабода, Белсат, БелаПАН, Эўрарадыё, Tut.by, Kyky.org, Наша Ніва, Хартыя’97, Флагшток, Hrodna.life, Volkovysk.by, Маланка Медыя, «Бабруйск Online», «Брестская газета», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Мост, Люстэрка, Ранак, Беларускі расьсьледавальніцкі цэнтар, Tribuna.com Беларусь, Ex-press.livе.

У Воршы па рашэньні пракуратуры заблякавалі рэгіянальны партал Orsha.eu, у Гомлі «Свободные новости Плюс», у Віцебску «Витебский курьер».

Некаторыя рэдакцыі самі вырашылі спыніць выхад папяровых вэрсій, як, напрыклад, «Информ-прогулка» ў Лунінцы ці «ЎзГорак» у Горках.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG