Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прысуд у Расеі: За забойства былой жонкі — два гады абмежаваньня волі


Суд Савецкага раёну Махачкалы, Дагестан, Расейская Фэдэрацыя

Раённы суд у сталіцы Дагестану, Махачкале паўторна прыгаварыў былога супрацоўніка МУС Тагіра Велагаева да двух гадоў абмежаваньня волі за забойства былой жонкі.

Раней Вярхоўны суд Дагестану адмяніў аналягічны прысуд і накіраваў справу на дадатковае расьсьледаваньне. Пра гэта паведамляе кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Агора» Павел Чыкаў.

Велагаева прызналі вінаватым у забойстве, учыненым у стане афэкту. Паводле вэрсіі сьледзтва, у лютым 2019 года Велагаеў у нецьвярозым стане прыйшоў дадому да былой жонкі, нанёс ёй чатыры ўдары траўматычным пісталетам па галаве і задушыў. Яе цела знайшлі праз 12 дзён загорнутым у дыван.

На допыце былы паліцыянт заявіў, што ня памятае, як задушыў былую жонку. Пры гэтым ён расказаў, што забраў з кватэры загінулай тэлефоны і ключы і выкінуў іх па дарозе. Сын забітай расказаў сьледчым, што Велагаеў не даваў ёй спакойна жыць, прыходзіў да яе п’яным і ламаў дзьверы.

Спачатку ў дачыненьні да Велагаева распачалі крымінальную справу аб забойстве, а пазьней абвінавачаньне перакваліфікавалі на больш мяккае — забойства ў стане афэкту. У сакавіку 2020 года Савецкі раённы суд Махачкалы прыгаварыў былога супрацоўніка МУС да абмежаваньня волі тэрмінам на 2 гады.

Мяккасьць прысуду судзьдзя патлумачыў тым, што ў момант забойства Велагаеў знаходзіўся ў стане «моцнага душэўнага хваляваньня, якое раптоўна ўзьнікла», і што абвінавачаны супрацоўнічаў са сьледзтвам.

Праз тры месяцы Вярхоўны суд Дагестану адмяніў гэтае рашэньне і накіраваў справу на новы разгляд у той жа Савецкі райсуд, але ў новым складзе. Праз амаль паўтара года райсуд вынес такі ж прысуд. У мінулым годзе праваабаронцы заяўлялі, што зьвернуцца ў Эўрапейскі суд па правах чалавека, калі прысуд ня зробяць больш жорсткім.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG