Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік чачэнскай дзяржаўнай тэлевізіі паабяцаў забіваць крытыкаў Рамзана Кадырава


Дырэктар ЧГТРК «Грозный» Чынгіз Ахмадаў

Дырэктар дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Грозный» Чынгіз Ахмадаў паабяцаў забіваць крытыкаў і ворагаў кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава.

Відэа з такой заявай на чачэнскай мове Ахмадаў выклаў у сябе ў Інстаграме. Пераклад яго прамовы на расейскую мову публікуе выданьне Кавказ.Реалии.

На думку дырэктара ЧГТРК «Грозный», кожны вораг Кадырава ёсьць ворагам усяго чачэнскага народу, а таксама яго асабістым ворагам. «Калі кагосьці трэба забіць, таго, хто заслугоўвае сьмерці, то заб’ем. Калі кагосьці трэба пабіць, то паб’ем», — заяўляе Ахмадаў на відэа.

Раней тэлерадыёкампанія «Грозный» у сваім этэры рэгулярна паказвала кадры, на якіх крытыкі Рамзана Кадырава просяць прабачэньня перад кіраўніком Чачні на камэру.

У канцы траўня было паказана прабачэньне блогера з Тульскай вобласьці зь нікам «Андрей Бушмелёв», які назваў Кадырава «шайтанам» у сацыяльнай сетцы TikTok. Пасьля запісу блогер асьцерагаў ад абразьлівых словаў на адрас кіраўніка Чачні ўсіх маладых людзей.

Незадоўга да таго публічныя прабачэньні Рамзану Кадыраву выказалі пермскі падлетак і сваякі 15-гадовага ўраджэнца Дагестану, які жыве ў падмаскоўным Чэхаве, — абодва хлопцы да таго таксама назвалі Кадырава «шайтанам» у сацсетках.

Паводле дадзеных Кавказ.Реалии, за спыненьне выпадаў расейцаў на адрас кіраўніцтва Чачні адказваюць прадстаўнікі чачэнскіх дыяспар за межамі рэспублікі. У іх абавязкі, у прыватнасьці, уваходзіць маніторынг выказваньняў аб Рамзану Кадыраву і яго сямейнікаў і пошук аўтараў. У самой Чачні, паведамляе выданьне, такая праца «пастаўленая на паток».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG