Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саакашвілі на судзе расказаў пра тэлефонную размову Пуціна і Лукашэнкі


Экс-прэзыдэнт Грузіі Міхэіл Саакашвілі ў судзе
Экс-прэзыдэнт Грузіі Міхэіл Саакашвілі ў судзе

Экс-прэзыдэнт Грузіі Міхэіл Саакашвілі на судовым паседжаньні па справе аб разгоне мітынгу ў Тбілісі 7 лістапада 2007 году і разгроме офіса тэлекампаніі «Імэды» расказаў пра падзеі таго пэрыяду.

Па словах палітыка, якія цытуе «Эхо Кавказа», Грузія «ішла ў NATO», а прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін папярэдзіў яго, што перашкодзіць гэтаму працэсу.

Саакашвілі кажа, што ўладальнік «Імэды», бізнэсовец Бадры Патаркацышвілі, быў праектам Крамля. Экс-прэзыдэнт Грузіі сьцьвярджае, што даведаўся пра гэта ад Аляксандра Лукашэнкі, які спытаў у Саакашвілі: «Хто такі гэты Аркадзь [Бадры. — ЭК] Патаркацышвілі, кіраўнік Алімпійскага камітэту? Ён хоча прыехаць і сустрэцца са мной».

Пасьля гэтага Патаркацышвілі, па словах Саакашвілі, накіраваўся ў Менск, а Пуцін патэлефанаваў Лукашэнку і сказаў:

«Хлопцы пад’едуць і будуць размаўляць з Патаркацышвілі. Табе не абавязкова зь ім бачыцца».

Саакашвілі кажа, што з Патаркацышвілі ў Беларусі сустрэліся тры генэралы ФСБ Расеі.

«Пасьля гэтага Пуцін абвясьціў Лукашэнку, што гэта [Патаркацышвілі. — ЭК] — будучы прэзыдэнт Грузіі. Гэта адбываецца ў верасьні 2007 году», — заявіў Саакашвілі, дадаўшы, што «грошы Патаркацышвілі былі цалкам расейскія».

Пасьля разгону мітынгу ў Тбілісі 7 лістапада 2007 году і разгрому офіса тэлекампаніі «Імэды», якая належыць Бадры Патаркацышвілі, прэзыдэнт Міхэіл Саакашвілі падаў у адстаўку. На прэзыдэнцкіх выбарах, якія адбыліся 5 студзеня 2008 году, Саакашвілі перамог, а Патаркацышвілі набраў 7,1% галасоў. Патаркацышвілі памёр 12 лютага 2008 году ў Лёндане ад сардэчнага прыступу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG