Памежны камітэт Беларусі паведаміў пра чарговую сьмерць на беларуска-літоўскай мяжы

Мітынг мігрантаў з Курдыстану на беларуска-польскай мяжы
Мітынг мігрантаў з Курдыстану на беларуска-польскай мяжы

Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі паведаміў, што 27 лістапада на ўчастку памежнай заставы «Відзы» Полацкага памежнага атраду знойдзены труп мужчыны афра-азіяцкай зьнешнасьці ўзростам каля 30 гадоў.

Беларускае ведамства сьцьвердзіла, што цела зьбітага мігранта ў спальным мяшку без прыкметаў жыцьця знаходзілася непасрэдна на літоўска-беларускай мяжы і яго туды нібыта «выкінулі літоўскія сілавікі». Для высьвятленьня абставінаў і прычынаў сьмерці на месца здарэньня выклікалі сьледча-апэратыўную групу.

У Літве зафіксавалі рост спробаў нелегальнага пераходу мяжы зь беларускага боку. Як паінфармавала Delfi са спасылкай на памежныя службы краіны, за 27 лістапада ў Літву не пусьцілі 108 мігрантаў.

На мінулым тыдні ў панядзелак зафіксавалі 18 спробаў нелегальнага пераходу беларуска-літоўскай мяжы, у аўторак — 9, у сераду — 55, у чацьвер — 29, у пятніцу — 45.

Па інфармацыі польскай памежнай службы, у Польшчу за мінулыя суткі спрабавалі незаконна трапіць 125 мігрантаў. У дачыненьні да 51 іншаземца вынесьлі рашэньне аб выезьдзе з тэрыторыі Польшчы. Групы зь некалькіх дзясяткаў мігрантаў спрабавалі перайсьці мяжу на ўчастку ля Дубічаў Царкоўных і Мельніку.

У Беларусі застаюцца яшчэ некалькі тысяч мігрантаў, як найменей 10 чалавек загінулі за час мігранцкага крызісу.

​
XS
SM
MD
LG