Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Усе за ўсімі сочаць». Як за год зьмянілася беларуская адукацыя


Што стала за год з эканомікай, адукацыяй, бізнэсам ды іншымі важнымі для жыцьця беларусаў сфэрамі? Падсумоўваем разам з экспэртамі ў пяці выніковых інтэрвію. Гэтым разам гаворым пра адукацыю.

Што мяняецца ў беларускай адукацыі:

  • Зь першага верасьня гэтага году ў школах увялі пасаду ваенрукоў. Гэта настаўнікі, якія займаюцца патрыятычным выхаваньнем вучняў.
  • У школах увялі факультатыў па духоўнай культуры і патрыятызьме, а таксама факультатыў аб правах чалавека.
  • Аплата навучаньня ў беларускіх ВНУ сёлета вырасла на 10%.
  • Сёлета пасьля набору ў ВНУ засталіся вакантнымі амаль паўтысячы месцаў.
  • Больш за 8% сталічных выпускнікоў зьехалі вучыцца за мяжу.
  • З 2023 году ў Беларусі сумесьцяць цэнтралізаванае тэставаньне і выпускныя экзамэны. Гэта будзе адзіны дзяржаўны экзамэн па матэматыцы і адной зь дзяржаўных моў у фармаце цэнтралізаванага тэставаньня.

Колькі настаўнікаў сышло са школы і колькі студэнтаў зьехалі за мяжу, як апошнім часам зьмянілася сыстэма адукацыі Беларусі, разважаем з экспэртам па адукацыі, навуцы і інавацыях Андрэем Лаўрухіным.

Андрэй Лаўрухін
Андрэй Лаўрухін

— Што за год зьмянілася ў сыстэме адукацыі?

— За год сыстэма стала больш рэпрэсіўнай. У ВНУ ўвялі новых прарэктараў для ідэалягічнага кантролю. Мы бачылі, як адміністрацыя судзейнічае сілавікам, якія могуць хапаць студэнтаў проста ў будынку ВНУ. Гэта і звальненьні выкладчыкаў, і масавыя адлічэньні студэнтаў. Мы ўбачылі ўцёкі студэнтаў, якія апасаюцца перасьледу. Вышэйшая школа стала месцам, дзе небясьпечна атрымліваць адукацыю. Гэта месца, дзе трэба кантраляваць нават сваю вопратку. Мы ведаем выпадкі, калі студэнтаў хапалі за чырвона-белыя шкарпэткі. Гэта новы ўзровень рэпрэсій у ВНУ.

Найперш вышэйшая школа ў Беларусі цяпер небясьпечная для грамадзян Беларусі.

«Школы пацярпяць ад санкцый»

— А што зь сярэдняй школай?

— Аналягічныя тэндэнцыі і ў сярэдняй школе. Гэта і ўвядзеньне турнікетаў, увядзеньне ваенрукоў, увядзеньне факультатываў па патрыятычным выхаваньні. Гэта канфліктнае сацыяльнае асяродзьдзе, дзе ўлада працуе на павышэньне градуса канфлікту ў грамадзтве. Школа была месцам, дзе праводзіліся выбары, больш за 50% настаўнікаў працавалі ў камісіях. Палітызацыя сярэдняй школы дасягнула больш высокага ўзроўню, чым гэта было раней.

Установы адукацыі ператварыліся ў паноптыкумы, дзе ўсе за ўсімі ўважліва сочаць. Усе разумеюць рызыкі, калі нехта на кагосьці дасьць нейкую інфармацыю. У такім асяродзьдзі гэта можа быць фактычна даносам.

Таксама для сыстэмы адукацыі будуць эканамічныя наступствы ад санкцый. Сыстэма адукацыі фінансавалася заўжды па рэштавым прынцыпе, а цяпер мы будзем назіраць, як недафінансаваньне сыстэмы адукацыі стане відавочным. Мы ўжо бачым адток настаўнікаў са школ — такой колькасьці вакансій, як цяпер, не было ніколі.

Настаўнікі не вытрымліваюць ціску і сыходзяць. Шмат вакансій для настаўнікаў фізыкі, хіміі, матэматыкі. Гэта ўжо набывае эпідэмічны характар.

«2,5 тысячы студэнтаў зьехалі з прычыны палітыкі»

— Наколькі вялікі адток кадраў з унівэрсытэтаў?

— Мяркую, што калі гаварыць пра выкладчыкаў, то лік ідзе на дзясяткі. Што да студэнтаў, то дакладных дадзеных няма, але, па маіх падліках, каля 5 тысяч студэнтаў зьехалі сёлета. Зь іх ня менш за палову — канкрэтна з палітычных матываў.

Зьехала і нямала абітурыентаў, пра гэта кажа колькасьць бюджэтных месцаў, якія засталіся пасьля набору. Там ёсьць шэраг спэцыяльнасьцяў, па якіх заўжды быў недабор, але ўсё ж такі такой колькасьці незанятых бюджэтных месцаў не было ніколі.

— Пры гэтым Беларусь усё яшчэ застаецца ў Балёнскім працэсе?

— Балёнскі працэс не прадугледжвае працэдуры выключэньня. 19 лістапада мінулага году прайшла канфэрэнцыя міністраў Эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, на ёй меліся падсумоўвацца вынікі «дарожнай мапы» для Беларусі. Падзеі 2020 году ўсё памянялі. На канфэрэнцыі не прысутнічаў міністар адукацыі Беларусі, прысутнічала намесьніца. Галоўнай тэмай былі рэпрэсіі. Было прапанавана трыма краінамі зрабіць рэзалюцыю па Беларусі, у якой бы асуджалася парушэньне каштоўнасьцяў эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. Але гэтую рэзалюцыю заблякавалі Расея і Францыя.

Ніякіх санкцый для Беларусі не прапанавалі, Беларусь застаецца ў Балёнскім працэсе.

— У Беларусі ўсё яшчэ працуюць прыватныя школы. Ці варта апасацца, што іх пачнуць правяраць ці зачыняць?

— Пагроза была агучаная, але не была рэалізаваная. Аднак ніхто ня можа гарантаваць, што гэтая тэндэнцыя ня ўзновіцца. Зразумела, што ўлады ў любы момант могуць закрыць такія школы. Ва ўмовах гораду школы перапоўненыя. Калі зачыняць прыватныя школы, будуць праблемы. Магчыма, самі чыноўнікі вучаць сваіх дзяцей у прыватных школах.

«Нягледзячы на ўсе праблемы, сярэдняя школа застаецца добрай»

— Як на сёньня можна ацаніць сярэднюю і вышэйшую школу ў Беларусі па 10-бальнай шкале?

— У 2018 годзе Беларусь упершыню ўзяла ўдзел у дасьледаваньні PISA — міжнароднай праграме ацэнкі адукацыйных дасягненьняў вучняў. Дасьледаваньне ацаніла сярэднюю школу на «добра». Але было адзначана некалькі момантаў, зьвязаных з сацыяльнай няроўнасьцю. Так, вучні з больш заможных сем’яў маюць доступ да рэпэтытараў. Другі нэгатыўны момант зьвязаны з дэфіцытам крэатыўных навыкаў. Гэта зразумела, бо ў школе важная найперш дысцыпліна, а крэатыўныя рэчы не ўхваляюцца.

Сярэдняя школа, нягледзячы на ўсе палітычныя праблемы, застаецца добрай. Яе можна ацаніць на 6–7 балаў.

Наконт вышэйшай школы дасьледаваньняў не было. Мая асабістая ацэнка — з ВНУ справа стаіць горш, чым зь сярэдняй школай. Відавочнае падзеньне якасьці адукацыі і выкладчыцкага складу. Я б ацаніў на 5 па 10-бальнай шкале. У міжнародныя рэйтынгі ВНУ трапляюць БДУ, БДУІР і БНТУ. І ў гэтых рэйтынгах яны далёка ад вядучых ВНУ нашых суседзяў, яны канкуруюць хіба з рэгіянальнымі расейскімі ВНУ.

За час, пакуль Беларусь імітавала рэформы, у суседніх краінах гэтыя рэформы ўсё ж правялі. У выніку цяпер відавочныя сымптомы дэградацыі вышэйшай адукацыі ў Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG