Пра гэтыя пытаньні на канале Свабода Premium вядуць гутарку і спрачаюцца палітоляг, экспэртка нямецкага фонду Маршала Марына Рахлей, палітычны аглядальнік Радыё Свабода Віталь Цыганкоў і пісьменьнік Макс Шчур.
Шчур
- Становішча мігрантаў і пратэстоўцаў у нечым падобнае.
- Улада абыходзіцца зь імі паводле сваіх патрэбаў.
- З беларускімі пратэстоўцамі яна абыходзіцца гвалтоўна, зь мігрантамі — таксама.
- Немагчыма сказаць, што яна на баку мігрантаў.
- Я лічу памкненьні мігрантаў легітымнымі, законнымі і справядлівымі.
- Права дамагацца іх мэтаў ім даюць міжнародныя пагадненьні.
- Яны трапілі ў геапалітычную гульню, якую вядзе беларускі рэжым.
- У гэтым іх падтрымліваць ня варта. Але разумець іх памкненьні і прызнаваць за імі права на міжнародную абарону — гэта абсалютна нармальна.
Цыганкоў
- За гэты мігранцкі крызіс нясе адказнасьць афіцыйны Менск, ён штучна яго стварыў дзеля ўяўнага прызнаньня сваёй легітымнасьці.
- Аргумэнт на карысьць мігрантаў — маўляў, яны маюць права дамагацца лепшага жыцьця.
- Я не мільянэр, але гэта таму, што я нічога для гэтага не зрабіў — не заснаваў Фэйсбук, не напісаў «Гары Потэра».
- Адзін чалавек зарабіў тысячу даляраў, другі — скраў. Хіба яны нічым не адрозьніваюцца?
- Людзі, якія апраўдваюць любыя дзеяньні мігрантаў, павінны сказаць, што тыя законы, якія ёсьць у Эўропе, — няправільныя.
- Я мяркую, што эўрапейскія законы наконт міграцыі дастаткова лібэральныя, некаторыя лічаць, што аж занадта.
- І я лічу, што парушаць гэтыя эўрапейскія законы няправільна, і ў пэўнай ступені незаконна.
Рахлей
- У СМІ Нямеччыны выказваюцца погляды і блізкія да меркаваньняў Віталя, і да меркаваньняў Макса.
- Ёсьць кансэнсус наконт таго, што гэта штучна створаны крызіс, што гэта зроблена Лукашэнкам асабіста, магчыма, пад прыкрыцьцём Крамля.
- Нельга дапусьціць новых сьмерцяў на мяжы Эўразьвязу.
- Больш за 300 чалавек арыштаваныя па абвінавачаньні ў спрыяньні мігрантам трапіць у Нямеччыну.
- Зьявіліся групы нямецкіх грамадзян, якія, узброіўшыся сякерамі, спрабуюць ахоўваць нямецка-польскую мяжу, якой не існуе.
- Частка нямецкага грамадзтва занепакоеная гуманітарнай катастрофай, хоча прадухіліць пакуты.
- Іншая частка кажа, што нам тут непатрэбныя мігранты. І калі палітыкі ня могуць гэта прадухіліць, то мы самі пакажам мігрантам, што ім тут ніхто ня рады.
- Нямецкія палітыкі выказваюць салідарнасьць з польскімі дзеяньнямі па ахове межаў.
- Мы супраць межаў, але тут размова ідзе пра шантаж.
- Сёньняшні ўрад — тэхнічны, і ён хутка сыдзе.
- Аднапартыйцы Мэркель, магчыма, у хуткім часе апынуцца ў апазыцыі.
Цыганкоў
- Калі тых, хто спрыяе міграцыі, прыцягваюць да крымінальнай адказнасьці, гэта азначае, што нямецкая дзяржава вядзе барацьбу з парушальнікамі закону ў гэтым крызісе.
- Мая пазыцыя адпавядае пазыцыі эўрапейскіх уладаў — ад цяперашняга нямецкага ўраду да Брусэлю.
Шчур
- Ёсьць глябальная праблема міграцыі з сусьветнага Поўдня на сусьветную Поўнач.
- Чаму ў Нямеччыне зараз жыве каля мільёна курдаў — гэта пытаньне да нямецкай пасьляваеннай міграцыйнай палітыкі.
- Эўропе патрэбныя мігранты, яна старэе.
- І ЭЗ, і мігранты зацікаўленыя ў тым, каб гэта адбывалася бяз гвалту і ў межах закону.
- Шараговаму мігранту ня трэба ніякія штурмы ў парушэньне закону.
- Мігранты калі ў нечым і зацікаўленыя, дык у тым, каб закон абысьці.
- Людзей правых поглядаў хапае па ўсёй Эўропе. Яны думаюць, што мігранты — гэта пагроза эўрапейскай цывілізацыі.
- На шчасьце, большасьць эўрапейцаў думае інакш.
- Большасьць эўрапейцаў крытыкуюць дзеяньні Польшчы, гэта робяць ня нейкія анархісты, а людзі лібэральных поглядаў, быў ліст нобэлеўскіх ляўрэатак па літаратуры, у тым ліку і Сьвятланы Алексіевіч.
- Я не хачу зараз крытыкаваць палітыку польскіх уладаў, бо гэта зараз вада на млын беларускіх уладаў.
- Спроба выставіць Польшчу абаронцай эўрапейскіх каштоўнасьцяў не зусім адэкватная.
Рахлей
- Мэйнстрым нямецкай палітыкі — гэта падтрымка польскіх высілкаў па падтрыманьні парадку на мяжы.
Цыганкоў
- Польшча магла б адкрыць сваю мяжу, 99% з гэтых мігрантаў імкнуцца ў Нямеччыну.
- Польшча дзеля чаго іх стрымлівае? Хіба ня дзеля Нямеччыны?
- Можа, яна ўсё ж абараняе нейкія агульнаэўрапейскія парадкі?
Шчур
- Крытыка дзеяньняў польскіх уладаў гучыць і ў самой Польшчы.
- Гэта шырока асьвятляецца ў Чэхіі.
- Гуманітарныя арганізацыі, журналісты спрабавалі прабіцца да мігрантаў падчас блякады.
- Лукашэнка гэта адразу ж скарыстаў, дапусьціўшы іх да мяжы са свайго боку.
- Польскі ўрад абраны законна, гэта яго галоўны плюс і перавага ў параўнаньні зь беларускім.
Цыганкоў
- У Нямеччыне жыве мільён курдаў. Большасьць зь іх трапіла туды легальна.
Рахлей
- А якія ў грамадзянаў Сырыі ці Іраку ёсьць зараз легальныя магчымасьці трапіць у Нямеччыну?
- Раней былі іншыя магчымасьці.
Цыганкоў
- А што здарылася? Нямеччына закрыла ім дарогу?
Рахлей
- У Сырыі нямецкая амбасада візы не дае.
- Гэтыя людзі карыстаюцца тымі магчымасьцямі, якія ў іх ёсьць.
Цыганкоў
- Рух сусьветнага Поўдня на Поўнач — гэта сапраўды тэма стагодзьдзя, усе мы памятаем падзеі 2015 году.
- Тэма міграцыі будзе гарачай заўсёды.
- Сацыялёгія паказвае, што беларусам найбольш блізкія расейцы, украінцы і палякі.
- І самыя далёкія этнасы — жыхары Блізкага Ўсходу і Афрыкі.
- Тое, што мігранты кідаюць у польскіх памежнікаў камяні, не спрыяе добраму да іх стаўленьню з боку беларусаў.
Рахлей
- Польскія палітыкі рэзка адрэагавалі на званок Мэркель Лукашэнку часткова таму, што іх папярэдне не паінфармавалі аб гэтай ініцыятыве.
- Офіс Мэркель падкрэсьліў, што яна размаўляла са «спадаром Лукашэнкам», а не з «прэзыдэнтам Лукашэнкам».
- Мэркель патэлефанавала таму, хто ў Беларусі прымае рашэньні.
- У жніўні 2020 году яна таксама спрабавала зь ім паразмаўляць на зусім іншую тэму. Лукашэнка тады не захацеў здымаць слухаўку.
- Гэтыя перамовы не зьмякчаць санкцыйны пакет.