Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паміж Беларусьсю і ЭЗ пачынаецца сапраўдны торг, — Карбалевіч пра другую размову Мэркель з Лукашэнкам


Падчас спробы штурму мігрантамі беларуска-польскай мяжы 16 лістапада 2021
Падчас спробы штурму мігрантамі беларуска-польскай мяжы 16 лістапада 2021

Брусэль зьмяніў тактыку, вырашыўшы пачаць дыялёг, торг з афіцыйным Менскам, — такую выснову робіць палітычны аглядальнік Свабоды Валер Карбалевіч, камэнтуючы другую размову Ангелы Мэркель і Аляксандра Лукашэнкі.

Дзьве тэлефонныя размовы Ангелы Мэркель з Лукашэнкам, таксама дзьве гутаркі міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея з высокім прадстаўніком Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэпам Бурэлем, перанос рашэньня аб пятым пакеце санкцый Эўразьвязу адносна беларускіх уладаў — усё гэта сьведчыць, што Брусэль зьмяніў тактыку. Вырашана пачаць дыялёг, торг з афіцыйным Менскам.

З паведамленьня БелТА пра зьмест другой тэлефоннай размовы Мэркель з Лукашэнкам вынікае, што ствараецца нейкая інфраструктура, пляцоўка для такога дыялёгу.

Гэта азначае, што Лукашэнка атрымаў некалькі дывідэндаў, якія маюць хутчэй псыхалягчны характар. Умоўна кажучы, атрымаў маральнае задавальненьне.

Па-першае, адпомсьціў суседзям (Польшчы, Літве, Латвіі) за іх пазыцыю адносна ўнутрыпалітычнага крызісу ў Беларусі, тым, што стварыў для іх сур’ёзныя праблемы.

Па-другое, прымусіў ЭЗ пачаць дыялёг, чаго Эўропа ня вельмі хацела.

Па-трэцяе, дыялёг пачаўся па тым парадку дня, на якім настойваў Менск. Гаворка вядзецца не пра вырашэньне ўнутрыпалітычнага крызісу ў Беларусі, а пра ўмовы пераадоленьня канфлікту зь мігрантамі на мяжы.

Уласна, пакуль гэтым дывідэнды вычэрпваюцца. Пра адмену санкцый гаворкі няма.

Але і пра разрадку, размарозку сытуацыі на мяжы Беларусі з Польшчай і Літвой таксама інфармацыі няма.

То бок, пакуль будуць ісьці перамовы, захоўваецца статус-кво. Хіба што робяцца крокі па вырашэньні гуманітарнай праблемы зь мігрантамі. ЭЗ гатовы выдзеліць для іх 700 тысяч эўра.

Небясьпечна тое, што Лукашэнка можа прыйсьці да высновы: шантаж мігрантамі працуе, дае эфэкт, гэтым інструмэнтам можна карыстацца і далей.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG