Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пакуль міграцыйны крызіс для Нямеччыны мае толькі сымбалічны характар». Меркаваньне палітоляга


Мігранты на беларуска-польскай мяжы
Мігранты на беларуска-польскай мяжы

Як нямецкае грамадзтва і палітыкі ўспрымаюць цяперашні міграцыйны крызіс? Чым адрозьніваюцца польская і нямецкая рэакцыі? Ці можа гэты крызіс ператварыцца ў эўрапейскую вайну? Ці гатовая Нямеччына размаўляць з Лукашэнкам?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае нямецкі палітоляг, экспэрт па Беларусі Марцін Шон.

Шон

  • Цяперашні міграцыйны крызіс выклікае ў нямецкім грамадзтве ўспаміны пра крызіс 2015 году.
  • У 2015–2016 гадах нямецкія межы былі адкрытыя для пэўных групаў мігрантаў.
  • Памеры тагачаснай міграцыі пераўзыходзілі цяперашнія ў сотні і тысячы разоў.
Марцін Шон
Марцін Шон
  • Тады дзяржаўныя службы Нямеччыны не маглі справіцца з крызісам такога маштабу.
  • Такой сытуацыі цяпер няма.
  • Зараз размова ідзе пра некалькі тысячаў чалавек.
  • Пакуль гэты крызіс для Нямеччыны мае толькі сымбалічны характар.
  • Рэакцыя непрапарцыйна мацнейшая за колькасьць мігрантаў, якія трапілі ў Нямеччыну.
  • Гэта выклікана адчуваньнем страты кантролю.
  • У Нямеччыне няма кансэнсусу ў пытаньні міграцыі.
  • Раней Нямеччына імкнулася пускаць у краіну як мага менш людзей, пускалі толькі тых, хто меў на гэта права паводле Жэнэўскай канвэнцыі — тых, каго перасьледавалі на радзіме.
  • Гэта зьмянілася пасьля рашэньня канцлеркі Ангелы Мэркель пусьціць у краіну значную колькасьць мігрантаў.
  • Гэтае рашэньне прывяло да ўмацаваньня нацыяналістычных тэндэнцыяў, да стварэньня партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны».
  • У Нямеччыне ёсьць дэмаграфічныя прычыны пускаць мігрантаў у краіну, бо ёсьць вялікі недахоп працоўнай сілы.
  • Ня так важна, чаму людзі бягуць — таму што Мэркель нешта некалі сказала ці Лукашэнка.
  • Але ёсьць сталае жаданьне людзей трапіць у Нямеччыну.
  • Людзі стаяць на мяжы, польскія памежнікі спрабуюць іх не пусьціць і адправіць назад.
  • Робіцца гэта спосабамі, не заўсёды адпаведнымі Жэнэўскай канвэнцыі.
  • Эўракамісія заявіла, што эўрапейскія інстытуты гатовыя дапамагчы, пачынаючы ад Fontex (памежная служба ЭЗ).
  • Але Польшча павінна папрасіць гэтай дапамогі.
  • Там людзі знаходзяцца ў складанай гуманітарнай сытуацыі, туды не пускаюць гуманітарныя арганізацыі, якія ім маглі б дапамагчы.
  • 4 ляўрэаткі Нобэлеўскай прэміі па літаратуры заклікалі Эўрапарлямэнт забясьпечыць доступ гуманітарных арганізацыяў да ўцекачоў.
  • З улікам тых, значна большых, патокаў міграцыі, якія ідуць у Нямеччыну зь іншых кірункаў, гэты крызіс для Нямеччыны — хутчэй гуманітарны, палітычны, чым міграцыйны.
  • Для Польшчы гэта фізычная мяжа. Таму зьяўленьне гэтых мігрантаў успрымаецца больш жорстка.
  • Ёсьць адрозьненьне ў каштоўнасьцях паміж Заходняй і Ўсходняй Эўропай.
  • У краінаў Усходняй Эўропы, якія ўваходзяць у ЭЗ, значна больш кансэрватыўныя погляды.
  • Рашэньні, якія прымаюцца ў шэрагу гэтых краінаў, знаходзяцца ў канфлікце з эўрапейскімі дамовамі.
  • У Нямеччыне больш цэняць разнастайнасьць, diversity, больш насьцярожанае стаўленьне да нацыяналістычных, расісцкіх поглядаў і тэндэнцыяў.
  • Пасьля Другой сусьветнай вайны такое стаўленьне сфармавалася з натуральных прычын.
  • Узьяднаньне Нямеччыны ўмацавала разуменьне плюсаў разнастайнасьці.
  • Ёсьць шмат фірмаў, якія залежаць ад мігрантаў, іх шмат у вялікіх гарадах.
  • У Франкфурце-на-Майне — самая высокая доля мігрантаў, але і самая нізкая доля канфліктаў паміж немцамі і этнічнымі меншасьцямі.
  • Існая структура інстытутаў ЭЗ прадухіляе магчымасьць узьнікненьня вайны з прычыны міграцыйнага крызісу на мяжы.
  • Я лічу, што гэта амаль выключана.
  • Цяпер у Эўропе няма нават думкі пра вайну як пра легітымны інструмэнт вырашэньня праблемаў.
  • У Літвы і Польшчы ёсьць гістарычныя прычыны хваравіта ставіцца да страты кантролю над мяжой.
  • Але яны ўбудаваныя ў інстытуты ЭЗ і NATO, і яны ня хочуць выйсьці за межы гэтых інстытутаў.
  • Перамовы з Лукашэнкам — варыянт значна больш імаверны, чым вайна.
  • Але з улікам расстаноўкі сілаў на нямецкай палітычнай арэне я мяркую, што ў бліжэйшы час гэта нерэальная опцыя.
  • Аднак з таго, што Мэркель шмат размаўляла з Пуціным, не вынікала, што Нямеччына прызнавала дзеяньні Расеі ў Данбасе і Крыме.
  • Дыялёг і гатоўнасьць да саступак — гэта розныя рэчы.
  • Аднак я сумняюся, што бліжэйшым часам будзе нават дыялёг.
  • У цяперашняй сытуацыі гэты паток мігрантаў успрымаецца як шантаж, паддацца на яго — гэта праявіць вялікую палітычную слабасьць.
  • У Нямеччыне гэтая тэма пакуль не займае першыя палосы вядучых газэтаў.
  • Нас зараз больш турбуе праблема каранавірусу, ці хопіць месцаў у шпіталях.
  • У адносінах з Польшчай у межах ЭЗ зараз ёсьць вельмі важныя пытаньні канстытуцыйнага характару.
  • У Нямеччыне пакуль няма новага ўраду.
  • У новай кааліцыі дастаткова розныя пазыцыі адносна Расеі і Беларусі.
  • Сацыял-дэмакраты, магчымы будучы канцлер Шольц, ставяць на дыялёг.
  • «Зялёныя» займаюць вельмі жорсткую пазыцыю адносна Расеі.
  • Ёсьць цікавы фактар гэтага міграцыйнага крызісу — гэта Турэччына.
  • Адносіны ЭЗ з Турэччынай цяпер вельмі кепскія, асабліва пасьля пагрозы Эрдагана выслаць амбасадараў краінаў ЭЗ.
  • І, магчыма, вынікам гэтага зьяўляецца тое, што ладная частка гэтых мігрантаў трапляюць у Беларусь з Турэччыны.
  • У Нямеччыне гавораць, што Эрдаган можа ўдзельнічаць у разьдзьмуваньні гэтага крызісу, каб са свайго боку шантажаваць ЭЗ.
  • Масква як мінімум добра паінфармаваная пра хаду міграцыйнага крызісу.
  • Адносна Беларусі гавораць пра ўвядзеньне новых, больш жорсткіх санкцыяў.
  • Я днямі быў у сяброў ва Ўсходняй Нямеччыне, на лецішчы. Мы гулялі па лесе і бачылі там спальнікі і беларускія прадукты.
  • Вельмі імаверна, што Нямеччына будзе зачыняць мяжу з Польшчай. Пра гэтую магчымасьць учора заявіў кіраўнік МУС Нямеччыны.

Міграцыйны крызіс — 2021. Асноўнае

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
  • Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
  • У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
  • Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
  • Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
  • 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
  • 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
  • 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
  • У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
  • 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
  • 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
  • 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
  • Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
  • 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
  • Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
  • 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
  • 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
  • На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
  • На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.
  • За 2023 год памежнікі суседніх зь Беларусьсю краін Эўразьвязу спынілі 42 тысячы спробаў нелегальнага пранікненьня на сваю тэрыторыю, што на траціну больш за 2022 год.
.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG