Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перамовы аб надзвычайным становішчы, 4-ы артыкул NATO. Як на Захадзе рэагуюць на абвастрэньне міграцыйнага крызісу


Мігранты ў Менску перад адпраўкай на мяжу з Польшчай
Мігранты ў Менску перад адпраўкай на мяжу з Польшчай

8 лістапада каля тысячы мігрантаў прыбыла да беларускай мяжы з Польшчай. Эўрапейскія палітыкі праводзяць экстрэнныя паседжаньні і перамовы адносна далейшых крокаў у адказ на гібрыдную агрэсію.

Спачатку група мігрантаў, як мяркуецца, курдзкай нацыянальнасьці, крочыла па праезнай частцы да памежнага пераходу «Брузгі». Аднак узброеныя беларускія сілавікі сагналі людзей у лес, прыціснуўшы мігрантаў да калючага дроту на самай паласе з польскай мяжой.

Міністэрства абароны Польшчы паведаміла, што на мяжы дзяжураць больш за 12 тысяч салдат і што сілы тэрытарыяльнай абароны перавялі ў рэжым чаканьня .

«Па той бок мяжы ёсьць ёсьць жаданьне выклікаць вялікі інцыдэнт, пажадана са стрэламі і сьмерцямі. Рыхтавалася вялікая правакацыя на мяжы ў Кузьніцы Беластоцкай (памежны пераход на польскім баку. — РС). Выглядае, што там будзе спроба сілавога пераходу мяжы», — сказаў віцэ-міністар замежных справаў Польшчы Пётар Ваўжык.

Колішні кіраўнік Рады Эўропы і экс-прэм’ер Польшчы Дональд Туск заявіў, што заходнім краінам варта зьвярнуцца да заканадаўства NATO і нарэшце кваліфікаваць дзеяньні Лукашэнкі як агрэсію супраць Эўразьвязу.

«Магчыма, ужо трэба падумаць, ці не прыйшоў час пачаць рэалізацыю 4-га артыкулу NATO. Калі нашая мяжа будзе пад пагрозай фізычнага ціску пры ўдзеле беларусаў, я маю на ўвазе беларускія службы, то, думаю, гэта нагода пачаць кансультацыі ў рамках Паўночна-атлянтычнага альянсу. Бо гэта ўжо датычыць бясьпекі ўсёй усходняй мяжы ЭЗ і NАТО, такіх краін як Польшча і Літва». — сказаў Туск.

Міністэрства замежных спраў Нямеччыны ў адказ на чарговую ўспышку крызісу выступіла за супольны адказ краін Эўразьвязу на падобныя дзеяньні рэжыму Лукашэнкі, піша ТАСС.

У Літве з-за вялікай колькасьці мігрантаў каля беларуска-польскай мяжы перадысьлякуюць свае ўзброеныя сілы. Пра гэта паведаміла агенцтва BNS са спасылкай на Службу аховы дзяржаўнай мяжы Літвы (САДМЛ).

«Да магчымых сцэнароў мы рыхтаваліся ў выходныя, сёньня ўжо будуць прымацца рашэньні, зараз праходзяць сустрэчы са Штабам Узброеных сіл Літвы, плянуем скарыстацца магчымасьцю дысьлякацыі дадатковай колькасьці вайскоўцаў. Таксама ў дадзены момант ужо ўзгоднены дзеяньні з паліцыяй, Службай грамадзкай бясьпекі, перадысьлякуюцца нашы сілы», — адзначыў кіраўнік САДМЛ Рустамас Любаевас на пасяджэньні камітэту Сэйму па нацыянальнай бясьпецы і абароне.

Як сьцьвярджае Любаевас, паводле розных крыніц на мяжы Беларусі з Польшчай могуць знаходзіцца ад 1 тыс. да 5 тыс. нерэгулярных мігрантаў.

«Яны зьбіраюцца на подступах да кантрольна-прапускнога пункта Брузгі (на беларускім баку)-Кузьніца (на польскім баку), гэтую інфармацыю мы ўжо мелі ў выходныя дні».

Міністэрства ўнутраных спраў Літвы хадайнічае перад урадам аб увядзеньні надзвычайнага становішча на тэрыторыі ўсёй краіны, што пацьвердзіла кіраўніца МУС Агне Білатайце. Пакуль надзвычайнае становішча дзейнічае толькі ў прылеглых зь Беларусьсю раёнах краіны.

8 лістапада да беларуска-польскай мяжы ў Горадзенскай вобласьці падышла вялікая калёна мігрантаў. Інфармацыю пацьвердзілі ў Дзяржпагранкамітэце Беларусі, назваўшы гэта «крокам адчаю» і ў чарговы раз зьвінаваціўшы ў міграцыйным крызісе Польшчу і Літву.

Міграцыйны крызіс — 2021. Асноўнае

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
  • Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
  • У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
  • Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
  • Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
  • 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
  • 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
  • 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
  • У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
  • 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
  • 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
  • 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
  • Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
  • 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
  • Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
  • 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
  • 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
  • На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
  • На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.
  • За 2023 год памежнікі суседніх зь Беларусьсю краін Эўразьвязу спынілі 42 тысячы спробаў нелегальнага пранікненьня на сваю тэрыторыю, што на траціну больш за 2022 год.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG