Ціханоўская: «Рэжым Лукашэнкі зладзіў беспрэцэдэнтную міжнародную правакацыю»

Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

Прадстаўніца беларускай апазыцыі заявіла, што Лукашэнка арганізаваў правакацыю міжнароднага маштабу і яго неабходна спыніць.

Палітык Сьвятлана Ціханоўская, якая празь перасьлед уладаў ад жніўня 2020 году жыве ў выгнаньні ў Літве, пракамэнтавала падзеі каля пераходу «Брузгі — Кузьніца» на беларуска-польскай мяжы.

«Сёньня рэжым зладзіў беспрэцэдэнтную міжнародную правакацыю: сотні людзей, якія даверылі яму свае лёсы, рэжым выкінуў на мяжу з Польшчай у ачапленьні ўзброеных сілавікоў. Мы бачым гэтыя жахлівыя кадры і памятаем, што на мяжы ўжо гінулі мігранты. Нельга дапусьціць, каб чарговая правакацыя прывяла да эскаляцыі гвалту і новых ахвяр».

Ціханоўская ад імя свайго штабу заклікала людзей, якія могуць стаць ахвярамі міграцыйнага крызісу, ня верыць абяцаньням рэжыму, бо ён падманвае.

Таксама, на думку Ціханоўскай, зараз неабходны рашучы адказ з боку Эўразьвязу, а ААН павінна разгледзець магчымасьць адправіць гуманітарную місію ў Беларусь.

«Памятайце: Лукашэнка асабіста нясе поўную адказнасьць за гэтыя атакі на Польшчу, Літву і Эўразьвяз. Гэта спроба помсты дэмакратычным краінам за падтрымку беларускага народу. Такім чынам ён спрабуе адцягнуць увагу іншых краін ад таго, што адбываецца ўнутры Беларусі. Але ўсё гэта — часткі аднаго і таго ж крызісу. І выкліканы ён выключна тым, што чалавек, які прайграў выбары, спрабуе ўтрымаць уладу гвалтам, пагрозамі бясьпецы ўсяго рэгіёну і міжнароднай гуманітарнай катастрофай. І наша агульная задача — спыніць яго», — дадала Ціханоўская.

На гэты момант сотні мігрантаў знаходзяцца непасрэдна каля калючага дроту на мяжы з Польшчай. Урад Польшчы ўжо заявіў, што прыводзіць свае войскі ў поўную баявую гатоўнасьць.

За міграцыйны крызіс, які разгарэўся ўлетку 2020 году, на мяжы Беларусі з Польшчай і Літвой загінулі сама меней 9 чалавек. Бакі абвінавачваюць адзін аднаго ў гібелі гэтых людзей. Сабрана нямала сьведчаньняў мігрантаў аб тым, што беларускія памежнікі б'юць іх і адбіраюць рэчы, прымушаючы нелегальна пераходзіць мяжу і парушаць законы краін ЭЗ.

​
XS
SM
MD
LG