Мігранты пра беларускіх памежнікаў: «Яны білі ўсіх і паўтаралі: „Ідзіце ў Польшчу!“»

Рэчы мігрантаў у лесе пры мяжы
Рэчы мігрантаў у лесе пры мяжы

Тэлеканал Euronews апублікаваў 10-хвілінны рэпартаж з польска-беларускай мяжы. Карэспандэнт выданьня выслухаў сьведчаньні ўцекачоў, пабываў з валянтэрамі ў забароненай зоне і сустрэўся з польскімі жыхарамі памежжа.

У адным з эпізодаў сырыйскія ўцекачы апавялі, што прыляцелі ў Беларусь па турыстычных візах у надзеі трапіць у Эўрапейскі Зьвяз. Іх адвезьлі да мяжы з Польшчай, дзе яны апынуліся ў пастцы паміж вайскоўцамі дзьвюх краін.

«Мы прабылі там тыдзень — сем дзён. Там былі і маленькія дзеці, бязь ежы і вады. Я спрабаваў вярнуцца ў Менск і пералез цераз плот. Яны білі мяне дручком. Там таксама былі сабакі. Яны білі ўсіх і паўтаралі: „Ідзіце ў Польшчу!“. Калі б мы, сырыйцы, не былі інструмэнтам ціску, Беларусь бы нас не прапусьціла».

Мігранты таксама сказалі, што ў Беларусі ім не дазвалялі разводзіць вогнішча, каб сагрэцца, калі яны ішлі па вадзе.

За мінулыя содні польскія памежнікі выявілі 570 спробаў пераходу мяжы нерэгулярнымі мігрантамі. 12 чалавек затрымалі, астатніх не прапусьцілі. Яшчэ шасьцёх затрымалі за дапамаганьне мігрантам.

У Літве ўчора прадухілілі 126 спробаў пераходу мяжы мігрантамі, паведаміў Delfi. У Латвіі — 22.

5 лістапада спэцыяльныя службы польскага ўраду паведамілі, што супраць шасьці мігрантаў зь Беларусі завялі крымінальныя справы. У іхных тэлефонах знайшлі парнаграфічныя матэрыялы з удзелам непаўналетніх. У Польшчы за гэта пагражае ад 3 месяцаў да 5 гадоў зьняволеньня.

​
XS
SM
MD
LG