Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пра санкцыі за міграцыйны крызіс: «Мы будзем абараняцца, нам адступаць няма куды»


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з працоўнай групай, якая займаецца дапрацоўкай праекту Канстытуцыі пасьля Канстытуцыйнай камісіі, зрабіў заявы наконт міграцыйнага крызісу.

Аляксандар Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі адрэгаваў на пляны пятага пакету санкцый Эўразьвязу супраць ягонага рэжыму за разгортваньне міграцыйнага крызісу, яго цытуе БелТА.

«Арганізоўваць міграцыйны паток празь Беларусь — гэта сабе даражэй. Мы ніколі гэтым не займаліся і займацца ня маем намеру. Санкцыямі палохаюць. Добра, паглядзім. Яны думаюць, што я буду жартаваць, што я ляпнуў языком і ўсё. Нічога падобнага. Мы будзем абараняцца. Усё, далей нам адступаць няма куды».

Эўразьвяз рыхтуецца абмеркаваць 15 лістапада мэханізм увядзеньня новага пакету санкцыяў супраць Беларусі за штучнае стварэньне міграцыйнага крызісу. Лукашэнка, які ўжо знаходзіцца пад міжнароднымі санкцыямі за задушэньне пратэстаў і прымусовую пасадку самалёта Ryanair, прыгразіў захадамі ў адказ, у тым ліку спыненьнем транзыту прыроднага газу празь Беларусь.

У чым Польшча вінаваціць Лукашэнку?

Польшча абвінавачвае ўлады Беларусі ў наўмыснай арганізацыі каналу для перапраўкі мігрантаў у Эўразьвяз. Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда выступіў з прапановай забараніць палёты ў небе краінаў ЭЗ для авіякампаній, якія дастаўляюць мігрантаў у Беларусь.

Прэсавы прадстаўнік польскага ўраду Пётар Мюлер адзначыў, што беларускія сілавікі могуць узброіць асобных мігрантаў, каб гарантаваць працяг правакацый на мяжы і затым гаварыць, што ўлады ў Менску ня маюць да гэтага дачыненьня.

У сувязі з гэтым польскі бок разглядае магчымасьць поўнай блякады беларускай мяжы, сказаў Мюлер. Урад праводзіць дыскусію, ці падаваць прэзыдэнту Анджэю Дуду на зацьвярджэньне хадайніцтва аб новым надзвычайным становішчы. Папярэдняе скончыцца 1 сьнежня, і пакуль няма перадумоваў сьцьвярджаць, што крызіс скончыцца за тры наступныя тыдні.

Ад 9-й гадзіны 9 лістапада Польшча закрыла памежны пераход «Кузьніца» на мяжы зь Беларусьсю.

Што сказалі пра новую Канстытуцыю

На нарадзе Лукашэнка таксама прапанаваў правесьці сацыялягічнае дасьледаваньне аб пытаньнях канстытуцыйнай рэформы.

«Думаю, трэба таксама правесьці маштабнае сацыялягічнае дасьледаваньне на гэтую тэму, ахапіўшы розныя рэгіёны і пласты насельніцтва. Як мы рабілі напярэдадні Ўсебеларускага народнага сходу», — цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.

Згодна з плянамі, агучанымі ў верасьні, пасьля грамадзкага абмеркаваньня з праектам яшчэ папрацуе каманда юрыстаў, а ўжо потым фінальны варыянт вынесуць на рэфэрэндум.

Нядаўна Лукашэнку далі на разгляд новы праект Канстытуцыі Беларусі. Пра гэта ён сам заявіў падчас сустрэчы з рабочай групай у дапрацоўцы праекту Асноўнага закону.

Тады Лукашэнка зазначыў, што неабходна адпрацаваць прынцыповыя пытаньні, якія тычацца падрыхтоўкі канстытуцыйных зьменаў.

Галоўныя:

  • замацаваньне ролі Ўсебеларускага народнага сходу;
  • пераразьмеркаваньне паўнамоцтваў паміж органамі ўлады;
  • захаваньне збалянсаванасьці дзяржапарату.

Раней у склад рабочай групы для дапрацоўкі праекту Канстытуцыі ўвайшлі больш за тры дзясяткі чалавек, але ніводзін прадстаўнік грамадзянскай супольнасьці да працы не запрошаны. Сярод «рэфарматараў»:

  • кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Ігар Сергеенка;
  • старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава;
  • намесьнік дзяржсакратара Савету бясьпекі Аляксандар Рахманаў;
  • кіраўнік апарату Савету Міністраў Канстанцін Бурак;
  • намесьніца старшыні Канстытуцыйнага суду Натальля Карповіч;
  • старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Орда ды іншыя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG