Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў 12 лістапада: анархіст Емяльянаў скончыў галадоўку, якую трымаў 20 дзён; музыку Банцэру далі яшчэ 10 дзён у ШЫЗА


Мікіта Емяльянаў падчас суду 12 лютага 2020 году
Мікіта Емяльянаў падчас суду 12 лютага 2020 году

Паводле беларускіх праваабаронцаў, па стане на 12 лістапада 846 чалавек знаходзіцца ў зьняволеньні ў палітычна матываваных справах.

Праваабарончаму цэнтру «Вясна» стала вядома, што зьняволены анархіст Мікіта Емяльянаў, якога месяц трымалі ў карцары, 31 кастрычніка скончыў галадоўку. Ён паабедаў упершыню за 20 дзён.

Падчас галадоўкі Мікіта адчуваў слабасьць і санлівасьць. Цяпер хоча паправіць здароўе і набрацца сілаў.

Мікіта знаходзіўся ў карцары з 11 кастрычніка па 10 лістапада. Палітзьняволены раней тлумачыў, за што яго зноў і зноў зьмяшчаюць у карцар. 27 кастрычніка адміністрацыя турмы адабрала ў Мікіты заяву на наведваньне сьвятара.

Калі Мікіта паведаміў сілавікам, што ўжо пісаў заяву, яны зрабілі выгляд, што нібы ўпершыню пра гэты чуюць. 3 лістапада Мікіту наведаў у турме біскуп, які паспавядаў яго і прычасьціў.

Анархісту Мікіту Емяльянаву 21 год. Летась у лютым Савецкі раённы суд Менску прысудзіў яму 7 гадоў пазбаўленьня волі за напады на будынкі Менскага гарадзкога суду і СІЗА на Валадарскага. Пазьней Менскі гарадзкі суд скараціў пакараньне анархісту да 4 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Ужо ў калёніі Мікіту Емяльянаву зьмянілі адбыцьцё пакараньня на турму. «Вясна» ды іншыя беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі Емяльянава палітвязьнем. Паводле праваабаронцаў, яму прысудзілі «празьмерна жорсткае пакараньне, якое відавочна непрапарцыйнае таму, што ён учыніў».

Ігару Банцэру далі яшчэ 10 дзён ШЫЗА, пра гэта Свабодзе паведаміла яго маці Тамара Банцэр. За што яго пакаралі, зноў невядома.

Ігара Банцэра пакаралі штрафным ізалятарам 11 лістапада, калі ён меўся выйсьці пасьля першых 10 дзён у ШЫЗА.

«Людзі культуры не павінны сядзець у турме. Гэта свабодныя людзі, іх турмой не зьмяніць. Хай у турме сядзяць забойцы, зладзеі, але не артысты», — пракамэнтавала Тамара Банцэр.

Усяго музыка атрымаў 20 дзён штрафнога ізалятару пасьля вяртаньня на віцебскую «хімію». Калі яго выпусьцяць на волю і што зь ім будзе адбывацца далей, невядома.

Хто такі Ігар Банцэр

  • Ігар Банцэр — музыкант, актывіст, журналіст, палітвязень.
  • Нарадзіўся 24 лютага 1980 году ў Менску. Зь дзяцінства жыў у Горадні. Бацька працаваў у МУС, маці — выхавацелькай у дзіцячым садку. Ігар паступіў вучыцца ў Варшаўскі ўнівэрсытэт на накірунак «міжнародныя адносіны». Аднак празь некалькі год спыніў вучобу праз хваробу. Пасьля складанай апэрацыі ён вырашыў не аднаўляцца ва ўнівэрсытэце.
  • Каля 10 гадоў працаваў у журналістыцы: карэспандэнтам горадзенскай незалежнай газэты «Пагоня», галоўным рэдактарам польскіх часопісаў Magazyn Polski і Głos znad Niemna ў выгнаньні. Некаторы час быў прэс-сакратаром непрызнанага беларускімі ўладамі Саюза палякаў у Беларусі.
  • Стварыў і ўзначальваў культурную ўстанову «Горадзенскі рок-клюб», дзе займаўся музыкай з падлеткамі і моладзьдзю. У 2021 годзе ўлады ліквідавалі ягоную арганізацыю разам з сотняй іншых прыватных установаў.
  • Зь 2003 году быў лідэрам і сьпеваком свайго стрыт-панк гурта Mister X.
  • Зь 2007 году Банцэра шматкроць затрымлівалі і саджалі на содні. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году яго тройчы асуджалі на адміністрацыйны арышт.
  • 20 кастрычніка 2020 году Банцэра затрымалі за тое, што станцаваў без штаноў перад міліцыянтам Сяргеем Багдзевічам і дэманстраваў яму свае палавыя органы. У пацярпелага міліцыянта прэтэнзій да музыканта не было. Аднак на Банцэра завялі крымінальную справу за хуліганства (частка 1 артыкулу 339 Крымінальнага кодэксу).
  • Музыкант правёў у СІЗА горадзенскай турмы 5 месяцаў, амаль увесь час у адзіночных камэрах. Праходзіў псыхіятрычную экспэртызу ў Навінках. Тая паказала, што ён здаровы.
  • На судзе Банцэр віны не прызнаў. Ён настойваў, што падчас танцу заставаўся ў стрынгах, да таго ж, яго прыкрывала паясная торбачка. Судовы працэс вяла судзьдзя Натальля Козел, пракурор — Віктар Нічыпарук.
  • 3 сакавіка 2021 году ў першы дзень суду Банцэр абвесьціў «сухую галадоўку» на знак пратэсту. Ён пратрымаўся бязь ежы і вады 16 содняў да 19 сакавіка, калі яму прысудзілі 1,5 года «хіміі» і выпусьцілі ў залі суду. Пасьля пераліку тэрміну (1 дзень у СІЗА раўняецца 2 дням «хіміі»), палітвязьню заставалася сядзець 8 месяцаў.
  • Пасьля зьняволеньня ў гарадзенца выявілі падазрэньне на гепатыт С, а таксама сур’ёзныя праблемы са страўнікам і іншымі ўнутранымі органамі.
  • Ён пачаў адбываць пакараньне 17 чэрвеня 2021 году ў папраўчай установе адкрытага тыпу № 9 у Віцебску. Яго не накіравалі на стацыянарнае лячэньне, нягледзячы на стан здароўя.
  • 5 жніўня палітвязень атрымаў 10 дзён штрафнога ізалятару за парушэньне правілаў установы. Потым яму тройчы працягвалі тэрмін утрыманьня ў ШІЗА да 40 дзён без перапынку.
  • Ігар Банцэр жанаты, мае трое дзяцей.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG