Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дачка арыштаванага лідэра БНФ Кастусёва расказала аб пагаршэньні здароўя таты і патрэбе апэрацыі


Рыгор Кастусёў, архіўнае фота
Рыгор Кастусёў, архіўнае фота

Кацярына, дачка 64-гадовага лідэра Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, які цяпер знаходзіцца ў Менску ў СІЗА КДБ, расказала блогу «Отражение» пра праблемы са здароўем у бацькі.

Бацька адразу не казаў Кацярыне, што пасьля затрыманьня ў яго пачаліся праблемы са здароўем. Толькі ў ліпені, калі яна павезла яму перадачу ў СІЗА КДБ, высьветлілася, што Рыгор Кастусёў у турэмным шпіталі. За час у ізалятары палітыку рабілі біяпсію, вынікаў сям’я ня ведае. Паводле дачкі, самому Кастусёву таксама нічога ня кажуць.

У апошнім лісьце, які прыйшоў Кацярыне 5 лістапада, Рыгор Кастусёў піша: «14.10 пачалі інтэнсіўна калоць, падзейнічала. Прайшлі прыступы спазмаў і болю. Уколы рабілі да 1.11. У аўторак (2.11. — РС) лекар павінен быў вырашыць, як быць далей. Пакуль на таблетках — да 9 відаў у дзень. Пра апэрацыю — цішыня».

«У яго павялічваецца прастата. Яна ссоўвае мачавы пухір, на якім утвараецца нараст. Мачавы пухір можа лопнуць, калі гэта здарыцца, наступствы будуць сумныя, — кажа Кацярына, якая ўжо ня ведае, куды зьвяртацца, каб бацьку дапамаглі. — Улетку ў турэмным шпіталі яго вярнулі да жыцьця і адправілі назад у СІЗА. Яму рабілі біяпсію. Вазілі на УГД, дасьледаваньне паказала: тату патрэбна тэрміновая апэрацыя».

Нядаўна камэра, дзе сядзіць Рыгор Кастусёў, перахварэла на COVID-19. Бацька, кажа Кацярына, скардзіўся на праблемы з дыханьнем. Цяпер, калі спрабуе рабіць нейкія фізычныя практыкаваньні, зьбіваецца рытм сэрца. У КДБ, куды Кацярына зьвярталася з пытаньнямі пра здароўе бацькі, першы раз адказалі, што яму прызначылі курс лячэньня, а на другі раз прамаўчалі.

«Тата піша: доктар стараецца, але, паколькі апэратыўнай шпіталізацыі няма, я ня ведаю, ці робіць мэдык усё магчымае», — кажа Кацярына.

Пра ўмовы ў камэры бацькі дачцэ таксама амаль нічога не вядома. Ведае, што першы час у СІЗА ён спаў на падлозе: кагосьці мусілі перавесьці, і ён чакаў месца. Улетку ў памяшканьні было цяжка дыхаць. Волкасьць жахлівая, рэчы цьвілі.

Настрой, паводле Кацярыны, цяпер у бацькі нармальны. Учора ў яго была адвакатка, сказала, што Кастусёў адчувае сябе лепей, але нейкі час ён быў «у заняпадзе». «Неяк напісаў, што яму ўжо ўсё роўна. Маўляў, я лапкі складаю, перастаю змагацца, а вы прыдумляйце што хочаце. Я на яго за гэта ў лісьце палаялася. Ён пасьмяяўся», — кажа Кацярына.

«Прашэньне — гэта прызнаньне віны, але ён ні ў чым не вінаваты, што ён будзе прызнаваць»

Нядаўна стала вядома, што на маёмасьць Рыгора Кастусёва наклалі арышт. У сьпіс увайшлі дзьве кватэры — сямʼі і бабулі, лецішча і машына.

«Ёсьць адчуваньне, што яны ня ведаюць, як на яго чагосьці накапаць. Пару месяцаў з бацькам не праводзіцца ніякіх сьледчых дзеяньняў. Мы прасілі ў сувязі зь ягоным здароўем перавесьці яго хаця б пад хатні арышт, але не. У кастрычніку яму яшчэ на два месяцы працягнулі тэрмін затрыманьня», — кажа Кацярына.

Паводле яе, Рыгору Кастусёву прапаноўвалі напісаць прашэньне аб памілаваньні, але ён адмовіўся. «Прашэньне — гэта прызнаньне віны, але ён ні ў чым не вінаваты, што ён будзе прызнаваць. У гэтым рашэньні я яго цалкам падтрымліваю. Я б зрабіла гэтак жа», — кажа яна.

Затрыманьне Зянковіча, Кастусёва, Фядуты і справа «змоўшчыкаў». Што трэба ведаць

  • У Шклове ўвечары 12 красавіка затрымалі кіраўніка Партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Тады было вядома толькі, што ён праходзіць у крымінальнай справе і знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
  • Увечары таго ж дня жонка беларускага паліттэхноляга Аляксандра Фядуты паведаміла пра яго зьнікненьне ў Маскве. 13 красавіка КДБ Беларусі паведаміў, што Фядуту затрымалі.
  • У ноч на 14 красавіка стала вядома аб затрыманьні ў Маскве беларускага адваката з ЗША Юрася Зянковіча. Усе яны цяпер у менскім СІЗА КДБ.
Юрась Зянковіч, Аляксандар Фядута, Рыгор Кастусёў (зьлева направа)
Юрась Зянковіч, Аляксандар Фядута, Рыгор Кастусёў (зьлева направа)
  • Увечары 17 красавіка дзяржаўныя СМІ Беларусі паказалі заяву Аляксандра Лукашэнкі, што заходнія спэцслужбы рыхтавалі збройны мяцеж, а таксама замах на яго і на ягоных дзяцей.
  • Лукашэнка абвінаваціў у датычнасьці да падрыхтоўкі замаху затрыманых Зянковіча, Кастусёва і Фядуту.
  • Амаль сынхронна ФСБ Расеі заявіла, што яны сумесна з КДБ Беларусі спынілі меркаваную змову з удзелам Зянковіча і Фядуты, якія нібыта плянавалі 9 траўня «ажыцьцяўленьне вайсковага перавароту ў Беларусі па адпрацаваным сцэнары „каляровых рэвалюцый“ з прыцягненьнем мясцовых і ўкраінскіх нацыяналістаў, а таксама фізычную ліквідацыю Аляксандра Лукашэнкі».
  • У рэпартажы на беларускім дзяржаўным тэлеканале АНТ паказалі фрагмэнт відэаразмовы ў Zoom, у якой, акрамя Зянковіча, Кастусёва і Фядуты, удзельнічалі яшчэ чатыры чалавекі (усе жывуць у ЗША), нібыта ўдзельнікі змовы. У інтэрвію Свабодзе двое зь іх адкінулі абвінавачаньні (тут і тут).
  • Афіцыйныя прадстаўнікі ЗША і Польшчы назвалі абвінавачаньні ўладаў Беларусі і Расеі на свой бок няпраўдай.
  • 21 красавіка Ўладзімір Пуцін заявіў, што краіны Захаду ігнаруюць факты падрыхтоўкі «дзяржаўнага перавароту ў Беларусі» і «плянаваньня забойства» Аляксандра Лукашэнкі. Ён абвінаваціў удзельнікаў «змовы супраць Лукашэнкі» ў падрыхтоўцы масаванай кібэратакі на Беларусь.
  • 22 красавіка стала вядома, што старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, палітоляг Аляксандар Фядута і юрыст Юры Зянковіч абвінавачаныя ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу).
  • 30 красавіка КДБ назваў імёны дзевяці абвінавачаных. Гэта Аляксандар Фядута, Юры Зянковіч, Рыгор Кастусёў, Вольга Галубовіч, Дзьмітры Шчыгельскі, Аляксандар Перапечка, Павал Кулажанка, Віталь Макаранка, Ігар Макар. Акрамя Фядуты, Зянковіча і Кастусёва, у няволі трымаюць Вольгу Галубовіч.
  • Прысуды ў справе: Юрасю Зянковічу — 11 гадоў калёніі, Аляксандру Фядуту — 10 гадоў, Рыгору Кастусёву — 10 гадоў, Дзянісу Краўчуку — 2,5 года.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG