Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 фактаў пра шматгадовую кіраўніцу «Радзіславы» Вольгу Гарбунову, затрыманую ў Менску


Затрыманьне Вольгі Гарбуновай 18 верасьня 2020 году ў Менску
Затрыманьне Вольгі Гарбуновай 18 верасьня 2020 году ў Менску

Праваабаронцы «Вясны» паведамілі пра затрыманьне ў Менску былой кіраўніцы прытулку «Радзіслава» для ахвяраў хатняга гвалту Вольгі Гарбуновай. Сабралі сем фактаў пра экспэртку ў пытаньнях хатняга гвалту і актывістку ў сфэры жаночых правоў.

Затрыманую экс-кіраўніцу «Радаславы» Вольгу Гарбунову вінавацяць у арганізацыі жаночых маршаў, ёй пагражае 3 гады зьняволеньня.

У МУС Беларусі назвалі леташнія жаночыя маршы «масавымі беспарадкамі» і заявілі, што працягваюць выяўляць датычных да іх.

«Жанчына працуе мэнэджэрам у грамадзкім аб’яднаньні для асобаў, якія пацярпелі ад хатняга гвалту. У жніўні і верасьні летась яна кіравала так званымі жаночымі маршамі ў сталіцы. Пры гэтым сама выходзіла на праезную частку, перакрываючы дарожны трафік», — піша канал МУС.

Вольгу Гарбунову прызналі падазраванай у крымінальнай справе за «арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх» (арт. 342 КК). Фігурантка правяраецца на дачыненьне да іншых «злачынстваў пратэставай накіраванасьці», у тым ліку з выкарыстаньнем службовага становішча. Санкцыя артыкулу прадугледжвае пакараньне да 3 гадоў калёніі.

Сабралі сем фактаў пра экспэртку ў пытаньнях хатняга гвалту і актывістку ў сфэры жаночых правоў.

18 гадоў працавала з жанчынамі, пацярпелымі ад хатняга гвалту

Вольга Гарбунова
Вольга Гарбунова

Вольга закончыла Пэдагагічны ўнівэрсытэт імя Танка. Псыхоляг адукацыяй. Як яна расказвала Свабодзе, у «Радзіславу» трапіла на хвале захапленьня фэмінізмам ва ўнівэрсытэце. «Пачала шукаць для рэалізацыі першых прафэсійных амбіцый жаночы сацыяльны праект і знайшла крызісны цэнтар, які быў ужо створаны ў Менску. Пісала дыплём на тэму праблемы гвалту ў сям’і яшчэ ў 2003 годзе і зразумела, што вельмі многае з таго, што пра гэта напісана, насамрэч адбывалася ў маёй сямʼі. І зараз я адкрыта кажу пра тое, што я чалавек, які перажыў гвалт. І ня толькі ў бацькоўскай хаце, дзе быў бацька алькаголік, дзе былі скандалы, пра якія расказваюць кліенткі. Гэта была штотыднёвая суровая рэальнасьць майго жыцьця. Таксама быў гвалт і ў другіх адносінах».

Праводзіла сэмінары для ўчастковых міліцыі пра хатні гвалт

Вольга Гарбунова
Вольга Гарбунова

«Радзіслава» і яго кіраўніца шмат гадоў мелі сталыя кантакты зь міліцыяй у справе праблемаў хатняга гвалту. Гарбунова расказвала, што часта ёй тэлефанавалі зь міліцыі ўначы, каб яна ехала забіраць з пастарунку жанчыну, якую пабіў муж. Вольга праводзіла сэмінары для ўчастковых інспэктараў міліцыі пра хатні гвалт, а потым сама трапіла ў пастарунак пасьля ўдзелу ў жаночым маршы ўвосень 2020 году. «Вельмі шмат гадоў у „Радзіславе“ мы працавалі з праваахоўнымі органамі. Прадстаўнікі МУС выступалі нашымі аднадумцамі, спрабавалі лабіяваць спэцыялізаваны закон аб папярэджаньні хатняга гвалту. На жаль, падзеі мінулых месяцаў паказваюць нам, што гэта, падобна, тыя ж самыя людзі, што чыняць гвалт на вуліцах. Я не пазнала ніводных вачэй у проразі балаклавы. Я не магу ім сказаць: „Я памятаю вас, мы працавалі разам на сэмінарах ці на лекцыях, прысьвечаных праблеме хатняга гвалту“», — расказвала яна ў інтэрвію Свабодзе.

Была стваральніцай праекту кавярні-клюбу «Норм», дзе меліся працаваць жанчыны, пацярпелыя ад гендэрнага гвалту

У траўні-чэрвені 2020 году ў Менску мусіла адкрыцца кавярня-клюб «​Норм», сацыяльна-культурная прастора з вэганскай кухняй і барам, дзе меліся працаваць дзяўчаты і жанчыны, пацярпелыя ад гендэрнага (у тым ліку хатняга) гвалту. Плянавалася, што 50% прыбытку кавярні пойдзе на будаўніцтва ці куплю дома на прытулак для жанчын і дзяцей у 50 спальных месцаў. Праз пандэмію гэты праект было вырашана закрыць.

Пасьля арышту і закрыцьця «​Норм» працавала кіроўцай таксі

Як расказала Свабодзе Вольга Гарбунова ў кастрычніку 2020-га, яна пераехала ў Жодзіна і стала працаваць кіроўцай таксі, каб зарабіць на жыцьцё. «На жаль, нам давялося закрыць кавярню, адмовіцца ад памяшканьня і падаць на ліквідацыю нашага ТАА. Я абсалютна перакананая, што гэта не назаўсёды. Водгукі на нашу ідэю пераканалі, што трэба працягваць. Пагаварыўшы з нашымі мэнтарамі, экспэрткамі, якія ўжо маюць такі бізнэс у Менску, мы прынялі рашэньне прыпыніцца. Тады мы яшчэ ня ведалі, што пачнецца ў краіне ў жніўні. Мы адразу ж адкрыем нашу кавярню, як толькі наступіць новая свабодная Беларусь», — казала Гарбунова.

Не хавае прыналежнасьці да ЛГБТ

Вольга Гарбунова пра сваю гомасэксуальнасьць упершыню публічна сказала ў 2019 годзе ў перадачы «Толькі жанчыны»: «У мяне цудоўныя адносіны з маёй дзеўчынай, і ў маёй дачкі таксама. Я вельмі рада, што ўсе да гэтага прыйшлі і спакойна ўспрымаюць адна адну. Новы год мы адзначалі дастаткова вузкім колам — я, мая дзеўчына, мая дачка і мой былы муж. Напэўна, гэта адзіныя людзі, хто прыняў нашы адносіны і нармальна да гэтага ставіцца».

Гераіня міжнароднага дакумэнтальнага фільма «Woman»

Вольга Гарбунова была адной з гераінь міжнароднага дакумэнтальнага фільма «Woman», дзе сабраныя аповеды дзьвюх тысяч жанчын з 50 краін сьвету. У фільме яна гаворыць аб праблемах хатняга гвалту.

Вэгетарыянства як усьвядомлены выбар

Вольга Гарбунова
Вольга Гарбунова

Вольга Гарбунова вэгетарыянка больш за 20 гадоў, у яе было некалькі пэрыядаў вэганства. У кавярні «Норм» мелася быць вэганская кухня. «У нас ёсьць пэўныя каштоўнасьці, і вэганская кухня ім адпавядае. Мы бачым у вэганстве ў тым ліку і інклюзію», — тлумачыла Вольга.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG