Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Трэба будзе вырашаць, што мы робім з Астравецкай АЭС». Дырэктарка «Экадому» пра рэпрэсіі і рашэньне на Орхускай канвэнцыі


Вучэньні на БелАЭС, архіўнае фота
Вучэньні на БелАЭС, архіўнае фота

Дырэктарка «Экадому» Марына Дубіна расказала пра ліквідацыю арганізацыі, перасьлед экаактывістаў, рашэньне па Беларусі на Орхускай канвэнцыі, чаму важна быць неабыякавым і што можа зрабіць кожны, каб палепшыць навакольле.

16 ліпеня да Марыны Дубінай прыйшлі зь ператрусам паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — 293 (масавыя беспарадкі) і 342 (дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).

А ўжо 31 жніўня ўлады ліквідавалі грамадзкую арганізацыю «Экадом», якая 25 гадоў уздымае экалягічныя праблемы на нацыянальным і міжнародным узроўні, зьяўляецца пляцоўкай, куды можна зьвярнуцца па дапамогу.

Калі прававы дэфолт, складана гаварыць пра экалягічныя правы

Марына Дубіна пачала займацца экалягічным актывізмам у 2011 годзе.

«Гэта здарылася, калі мясцовыя жыхары змагаліся супраць забудовы парку „40-годзьдзя Кастрычніка“ ў Менску, дзе цяпер гасьцініца „Пэкін“. Я тады далучылася да іх, пачала даведвацца, што адбываецца, чым можна дапамагчы, і потым так і засталася ў экалягічнай дзейнасьці. Да гэтага яшчэ была ў моладзевай арганізацыі „Фіальта“, займалася валянтэрскай, грамадзкай дзейнасьцю», — кажа Марына.

Прамаўляе беларуская экаактывістка Марына Дубіна
Прамаўляе беларуская экаактывістка Марына Дубіна

Дзяўчына прызнаецца, што сям’я спачатку ставілася да яе актыўнасьцяў вельмі скептычна.

«Казалі, што гэта несур’ёзна, ненадоўга, „вырасьцеш — перагарыш“. А потым ужо, як сапраўды мне ўдавалася дасягаць нейкіх вынікаў у экалягічнай дзейнасьці, бацькі бачылі інтэрвію ў СМІ, пачалі з разуменьнем ставіцца і прыняцьцем. Калі ў 2017 годзе мяне затрымалі, я была на сутках пасьля маршу дармаедаў, напэўна, у блізкіх зьявілася трывога і засьцярогі. Ну, яны, вядома ж, застаюцца і да гэтага часу, але падтрымка ёсьць».

«Экадом» утварылі ў 1996 годзе актывісты і энтузіясты, якія хацелі прасоўваць экалягічныя ідэі. Сёлета арганізацыя пасьпела да сваёй ліквідацыі адзначыць 25-годзьдзе.

«За гэты час празь дзейнасьць арганізацыі прайшло шмат людзей, якія прасякнуліся экалягічнымі каштоўнасьцямі. Наша арганізацыя адна зь першых занялася і працягвае займацца маніторынгам бясьпекі будаўніцтва Астравецкай АЭС і спрабуе ўсімі сіламі прыцягваць увагу да гэтай праблемы, як на нацыянальным, так і на міжнародным узроўні».

Вялікі і важны напрамак дзейнасьці «Экадому» — кансультаваньне грамадзян па экалягічных пытаньнях.

«Добра, калі ёсьць субʼект, да якога ты можаш зьвярнуцца па кансультацыю, папрасіць экспэртнай парады, зразумець, як табе наогул арыентавацца ў гэтай заканадаўчай практыцы, што можаш, а што не. Нам удалося за гэтыя гады паўплываць на зьмены ў заканадаўстве, але пра гэта цяпер цяжка гаварыць. Сытуацыя да 2020 году вельмі моцна адрозьніваецца ад таго, што мы маем пасьля выбараў. Бо калі ў краіне прававы дэфолт, складана гаварыць пра рэалізацыю экалягічных правоў».

Марына на свае вочы бачыла, як мянялася стаўленьне да экалягічных праблем.

«Пяць-сем гадоў таму мы прыходзілі на абмеркаваньні, і была сумная карціна: амаль пустая заля, у ёй два журналісты, два мясцовыя жыхары і мы. Ужо ў 2018–2019 гадах бачылі поўныя залі людзей на грамадзкіх сустрэчах, не хапала месца для ўсіх ахвочых, быў такі рост цікавасьці да экалёгіі і тэмы абароны экалягічных правоў», — кажа Марына Дубіна.

Марына Дубіна
Марына Дубіна

Паўплывалі на людзей і сусьветныя трэнды — імкненьне быць «экафрэндлі», разьдзельны збор сьмецьця і ўсё, што тычыцца экалягічнай сьвядомасьці.

«Мы адзначалі цікавасьць грамадзян да шматразовага выкарыстаньня прадметаў, разьвіцьця адмысловай інфраструктуры. Пасьля 2020-га шмат чаго зьмянілася, у людзей хапае страхаў, у тым ліку і дзяржаўныя органы моцна дыстанцыянаваліся ад грамадзян. Калі закрылі ўсе незалежныя СМІ і прайшліся па грамадзянскай супольнасьці, адэкватна ацэньваць, што адбываецца на месцах і якія ёсьць праблемы, стала значна складаней».

Крымінальныя справы, кампаніі ў СМІ, каб ачарніць актывістаў

Калі вясной пачаліся «зачысткі» мэдыя і грамадзкага сэктару, у «Экадоме» чакалі, што прыйдуць і па іх, але спадзяваліся, што скончыцца ўсё праверкай і папярэджаньнем.

«Пасьля крымінальных спраў, якія завялі на грамадзкія арганізацыі і іх прадстаўнікоў, больш за 60 ператрусаў, стала зразумела: улады „зачышчаюць“ усе інфраструктурныя субʼекты падтрымкі грамадзянскай супольнасьці. Але мы ня думалі, што будзе так масава, што пад „зачыстку“ трапілі нават арганізацыі, якія да 2020 году шчыльна супрацоўнічалі зь дзяржавай і сумесна рабілі праекты, прыцягвалі фінансаваньне ў краіну».

Перасьлед уладамі экалягічных і антыядзерных актывістаў у Беларусі практыкуецца даўно. Адзін з самых вядомых выпадкаў — калі ў Берасьці мясцовыя жыхары і актывісты пратэставалі супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу.

«Іх актыўнасьць — паказальны выпадак, калі людзі арганізавана і моцна стаяць на пазыцыі абароны сваіх правоў і інтарэсаў, кажуць пра тое, што іх голас павінен быць пачуты, іх думка мусіць брацца ў разьлік. Калі яны пачалі „карміць галубоў“, мы назіралі масавую хвалю рэпрэсаваньня актывістаў, якія выступалі супраць будаўніцтва заводу і наогул уздымалі пытаньні бясьпекі. Штрафы, суткі, пагрозы, розныя формы ціску, кампаніі ў СМІ, каб ачарніць актывістаў, крымінальныя справы».

Блогеры Аляксандар Кабанаў і Сяргей Пятрухін, якіх у красавіку 2021 году пакаралі 3 гадамі калёніі агульнага рэжыму, таксама былі актывістамі берасьцейскай кампаніі супраць будаўніцтва заводу.

«Таксама гэта і антыядзерныя актывісты, якіх пачалі перасьледаваць яшчэ ў 2012–2013 гадах, яны сядзелі суткі, ім давалі штрафы. Расейскага экспэрта Андрэя Ажароўскага дэпартавалі з забаронай на ўезд у Беларусь на 10 гадоў. Мы гэтыя выпадкі адзначалі і раней, але апошнія гады бачым масавыя палітычныя рэпрэсіі, якія закранулі экалягічных актывістаў і прадстаўнікоў арганізацый. Віктар Фянчук [адзін зь лідэраў экалягічнага руху, былы кіраўнік „Аховы птушак Бацькаўшчыны“. — РС], які сядзіць цяпер па крымінальнай справе, вельмі шмат зрабіў для экалягічнай дзейнасьці».

Чаму рашэньне Орхускай канвэнцыі па Беларусі надзвычай важнае

21 кастрычніка ў Жэнэве на Сёмай сустрэчы бакоў Орхускай канвэнцыі прынятае рашэньне па Беларусі, якое прызнала ліквідацыю «Экадому» выпадкам перасьледу і прыгнёту НДА. Гэтая канвэнцыя Эўрапейскай эканамічнай камісіі ААН «Аб доступе да інфармацыі, удзеле грамадзкасьці ў прыняцьці рашэньняў і доступе да правасудзьдзя па пытаньнях, што тычацца навакольнага асяродзьдзя», для Беларусі пачала дзейнічаць 20 гадоў таму.

«Рашэньне тычыцца выкананьня абавязкаў па канвэнцыі наконт перасьледу антыядзерных актывістаў, гэты факт пацьверджаны і на сустрэчы бакоў у 2017 годзе. Тады было прынята рашэньне, якое пацьвярджае: Беларусь перасьледавала антыядзерных актывістаў за іх дзейнасьць, дадзеныя рэкамэндацыі, што краіна мусіць пачаць адміністрацыйныя, заканадаўчыя крокі, каб не дапускаць паўтарэньня практыкі перасьледу. На жаль, як відаць на прыкладзе берасьцейскіх актывістаў і іншых выпадкаў, практыка не спынілася, а толькі пагоршылася, асабліва ў 2020–2021 гадах».

Сёлета на сустрэчы бакоў Беларусь павінна была паказаць, як яна выканала рашэньне, прынятае адносна яе ў 2017 годзе. Але 31 жніўня Міністэрства юстыцыі ліквідавала «Экадом», які быў заяўнікам па некалькіх справах у органы канвэнцыі.

«Камітэт падрыхтаваў ацэнку таго, як праходзіла праверка Мін’юсту, якія дадзеныя часовыя рамкі, як было прынята рашэньне аб ліквідацыі і што легла ў яго аснову. Усё гэта пацьвердзіла, што ліквідацыя арганізацыі — форма перасьледу нашай дзейнасьці і перашкода распаўсюджваць экалягічную інфармацыю, прымаць экалягічныя рашэньні і мець доступ да правасудзьдзя».

Такім чынам, Беларусь парушыла фундамэнтальныя правы паводле канвэнцыі: свабоду экалягічных актывістаў ад перасьледу і ціску.

«Пра гэта многія краіны кажуць, бо немагчыма ў страху рэпрэсій рэалізоўваць іншыя правы. І таму справа аб ліквідацыі нашай арганізацыі была хутка разгледжаная, яна канстатавала сыстэмнасьць перасьледу актывістаў з 2017 году, зь мінулай сустрэчы, і паказвае, што сытуацыя сёньня толькі пагаршаецца што да магчымасьці рэалізацыі экалягічных правоў».

Дэлегацыя ад Беларусі была ня згодная з рашэньнем і спасылалася на суд, які быццам законна і абгрунтавана ліквідаваў арганізацыю. Гэта таксама першы выпадак у гісторыі канвэнцыі, калі былі вычарпаныя ўсе спробы прыйсьці да кансэнсусу і рашэньне прымалася галасаваньнем. «За» прагаласавалі 27 краін Эўразьвязу, а таксама Ісьляндыя, Грузія, Чарнагорыя, Швайцарыя, Нарвэгія, Вялікая Брытанія і Сэрбія. «Супраць» былі Беларусь, Казахстан, Кіргізстан і Армэнія. Устрымалася Малдова.

Марына Дубіна
Марына Дубіна

«Беларусі быў дадзены тэрмін да 1 сьнежня, каб аднавіць нашу рэгістрацыю. Калі краіна гэтага ня зробіць, то ад 1 лютага спыняцца асаблівыя правы і прывілеі. Гэта таксама першы выпадак у канвэнцыі, бо дагэтуль такога зь ніводнай краінай не адбывалася. Таму складана пакуль адназначна сказаць, што гэта будзе, апроч іміджавай шкоды, абмежаваньняў доступу да міжнароднай дапамогі, як экспэртнай, так і фінансавай».

Рашэньне, прынятае на канвэнцыі, сьведчыць аб разуменьні міжнароднай супольнасьцю таго, што насамрэч адбываецца ў Беларусі. І гэта, па яе словах, максымум, які краіны маглі зрабіць у рамках аднаго мандату. Як адзначае Марына Дубіна, на сустрэчу бакоў прыехала досыць вялікая дэлегацыя зь Беларусі.

«Яны не праігнаравалі сустрэчу, удзельнічалі ў перамовах, выступалі. Напэўна, для іх усё ж гэта важна. Думаю, нават зь іміджавага пункту гледжаньня, бо да гэтага году Беларусь усё ж камунікавала з органамі канвэнцыі, зьмяняла сваё заканадаўства, практыку, спрабавала намаганьнямі Мінпрыроды рабіць нейкія крокі. Сёлетняе рашэньне кажа, што зьмены заканадаўства недастаткова, бо факты перасьледу актывістаў — гэта абуральна і непрымальна для органаў канвэнцыі».

«Зачыстка» грамадзянскай супольнасьці адабʼецца на ўсіх сфэрах, перакананая Марына Дубіна.

«Ліквідавана звыш 50 грамадзкіх арганізацый, больш за 100 ліквідаваліся самі або былі прымушаныя да самаліквідацыі. Такая „зачыстка“ грамадзянскай супольнасьці адабʼецца ня толькі на абмежаваньні доступу да дапамогі, абароны правоў і інтарэсаў, але і на ўсіх сфэрах. У нас няма цяпер поўнай абʼектыўнай інфармацыі. З прычыны страху саміх жыхароў нешта рабіць публічна мы ня ведаем усе праблемы на месцах. Гэта можа прывесьці да абвастрэньня сацыяльнай напружанасьці».

Марына падкрэсьлівае і значную ролю мэдыя.

«СМІ таксама гралі вельмі важную ролю ў прадухіленьні ўзьнікненьня праблем, бо да іх маглі зьвяртацца людзі на раньніх стадыях, грамадзянская супольнасьць магла адрэагаваць на праблему, і нейкіх момантаў можна было не дапусьціць. Цяпер у нас такой магчымасьці няма».

Экалягічная сфэра — прыклад, як можна ўплываць на краіну, у якой хацелі б жыць

Пры стварэньні новай дэмакратычнай Беларусі грамадзтву трэба будзе вырашаць шмат экалягічных пытаньняў, кажа Марына Дубіна.

«Па-першае, трэба будзе дакладна вырашаць, што мы робім з Астравецкай АЭС. Гэта ня толькі экалягічнае пытаньне, а і эканамічнае. Вядома, неабходна забясьпечыць адэкватную сфэру ўплыву грамадзкасьці на прыняцьце рашэньняў, каб да людзей прыслухоўваліся і такія пытаньні, як будаўніцтва акумулятарнага заводу, абмяркоўваліся і вырашаліся менавіта з улікам думкі мясцовых жыхароў. Без належнага маніторынгу будаўніцтва прадпрыемстваў, якія могуць узьдзейнічаць на навакольнае асяродзьдзе, мы можам мець незваротныя наступствы».

зКожны чалавек можа нешта рабіць для навакольнага асяродзьдзя, кажа Марына. Варта пачаць з простай неабыякавасьці да таго, што адбываецца, сваіх штодзённых звычак.

«Калі ў вашым двары сякуць дрэвы, падыдзіце, даведайцеся, чаму і як. Калі няма кантэйнэраў для разьдзельнага збору сьмецьця, зьвярніцеся ў ЖЭС, каб іх паставілі. Калі няма зялёнай зоны, вы можаце сваімі сіламі разам зь іншымі жыхарамі яе арганізаваць. З такіх маленькіх рэчаў і пачынае стварацца экалягічная сьвядомасьць і адказнасьць за тое, што адбываецца вакол нас і на лякальным узроўні ў нашым двары, і на нейкім высокім, калі нас ужо хвалюе, што адбываецца ў краіне».

На пытаньне, чаму ўсё гэта важна, Марына Дубіна адказвае наступным чынам.

«Я хачу жыць у свабоднай краіне, дзе людзі выходзяць на вуліцу бяз страху быць затрыманымі. І экалягічная сфэра — прыклад таго, як мы можам уплываць на тое грамадзтва і краіну, у якой хацелі б жыць. Я займаюся гэтым у тым ліку і для сябе. Бо хачу жыць у дзяржаве, дзе бясьпечныя вытворчасьці, спрыяльнае навакольнае асяродзьдзе, мне важна, каб людзі мелі магчымасьць у гэтым усім удзельнічаць», — падсумоўвае экаактывістка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG