Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады агучылі графік запуску другога блёку БелАЭС. Першы не працаваў сёлета тры месяцы


Міжведамасная інспэкцыя БелАЭС, архіўнае фота
Міжведамасная інспэкцыя БелАЭС, архіўнае фота

Увесьці ў эксплюатацыю другі энэргаблёк БелАЭС плянуецца ў 2022 годзе. Пра гэта заявіў журналістам міністар энэргетыкі Віктар Каранкевіч падчас адкрыцьця энэргетычнага форуму Energy Expo 2021.

«Да канца году плянуецца загрузка сьвежага ядзернага паліва ў актыўную зону рэактарнай устаноўкі другога энэргаблёку БелАЭС. Паліва дастаўлена ў красавіку, яно прайшло ўваходны кантроль. А ўключэньне ў энэргасетку і ўвод у эксплюатацыю другога энэргаблёку плянуецца ў 2022 годзе», — сказаў Віктар Каранкевіч.

Праз розныя няспраўнасьці АЭС у Астраўцы ўжо неаднаразова прымусова спынялася. Так, толькі 4 кастрычніка пасьля трох месяцаў прастою зноў уключылі ў сетку першы энэргаблёк. Ад таго, што ў сярэдзіне ліпеня спрацавала аўтаматычная сыстэма абароны генэратара, яго адключалі ад сетак і потым доўга рамантавалі.

Паводле ведамства, цяпер першы энергаблёк знаходзіцца на намінальнай магутнасьці 1170 МВт. А ўсяго на ім выпрацавана амаль 4 млрд кВт/г электраэнэргіі.

Тым часам улады заяўляюць, што гатовыя будаваць яшчэ адну атамную станцыю, хоць краіны-суседкі адмаўляюцца купляць электрычнасьць зь небясьпечнага аб’екта.

Па словах міністра энэргетыкі Літвы Дайнюса Крэйвіса, энэргетычная блякада ўжо абышлася бюджэту Беларусі ў 2 мільярды даляраў, і гэта толькі пачатак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG