Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Беларусі да гвалтаваньняў швабрамі адзін крок». Былы турэмны лекар пра катаваньні і сяброўства зь Мікалаем Аўтуховічам


Васіль Завадзкі
Васіль Завадзкі

Былы турэмны лекар, праваабаронца і старшыня незалежнага прафсаюзу РЭП Васіль Завадзкі зь лютага 2021-га жыве ў Вільні. Зьехаў зь Беларусі пасьля ператрусу ў офісе прафсаюзу, дзе міліцыянты знайшлі патрон, якога там «быць не магло».

«Сам працаваў у пэнітэнцыярнай сыстэме, добра ведаю гэтыя прыкметы. Да арышту заставалася аддаць загад», — кажа ён.

Васіль дзякуе лёсу, што хапіла асьцярожнасьці выехаць у Літву не наўпрост зь Беларусі, а самалётам з Масквы. За праведзены ў Вільні час Васіль Завадзкі сузаснаваў праваабарончую арганізацыю «Лекары за праўду і справядлівасьць», якая ўзялася за мэдычную і юрыдычную дапамогу ахвярам катаваньняў у беларускіх турмах.

«Швабры могуць і ў Беларусі прыдацца»

Васіль Завадзкі ў размове згадвае расейскі «кейс са швабрамі» — жудасныя катаваньні вязьняў турэмнай бальніцы ў Саратаве, пра якія нядаўна стала вядома дзякуючы сьмеласьці беларуса Сяргея Савельева. Паводле відэазапісаў, якія былы расейскі зьняволены перадаў праваабаронцам, катаваньні і гвалтаваньні адбываліся зь ведама турэмнага начальства і кіраўніцтва Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў па Саратаўскай вобласьці. Чаму гэта здарылася і ці ня можа атрымацца гэтак, што беларускія турэмшчыкі пяроймуць прыклад суседзяў з усходу? Былы турэмны лекар Васіль Завадзкі такога не выключае.

Васіль Завадзкі ў Вільні на пікеце салідарнасьці з Алесем Бяляцкім
Васіль Завадзкі ў Вільні на пікеце салідарнасьці з Алесем Бяляцкім

«Ня думаю, што там быў адмысловы загад якога вышэйшага начальніка. Хутчэй дапамаглі маўклівая згода начальства і заахвочваньне падначаленых па выніках апэратыўнай дзейнасьці», — мяркуе Васіль Завадзкі і адзначае, што гэткія ж умовы склаліся і ў беларускіх вязьніцах, асабліва ў ізалятарах, дзе да судоў трымаюць палітычных вязьняў. Там таксама для «пераходу на швабры» асаблівы загад не патрэбны, лічыць праваабаронца.

«Дубінкі для гвалтаваньня пратэстоўцаў у нас ужо ўжывалі. Да таго, што адбываецца ў Расеі, нам засталося, можа, некалькі крокаў. Рэпрэсіі ўсё больш жорсткія, зьбіцьцё і гвалт пратэстоўцаў не расьсьледуюць, за зьдзекі даюць кватэры і дзяржаўныя ўзнагароды, званьні прысвойваюць. Ужо год адмыслова нагнятаецца атмасфэра ня тое што страху — жаху. Таму ўсё магчыма», — кажа пра падзеі на радзіме Васіль Завадзкі.

«Сярод начальства адбылася адмоўная сэлекцыя»

Васіль Завадзкі паводле прафэсіі лекар-псыхіятар, у пэнітэнцыярнай сыстэме адпрацаваў амаль 25 гадоў. Служыў лекарам у некалькіх калёніях, у тым ліку ў Навасадах, з 2008 па 2010 узначальваў мэдычную службу Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС. З удзячнасьцю згадвае гады, калі дэпартамэнтам кіравалі Сяргей Кадушкін, а за ім Уладзімер Коўчур. Васіль Завадзкі называе гэты час кароткім пэрыядам рэформаў, калі абыходжаньне зь вязьнямі станавілася больш гуманным.

«Тады назіраўся навуковы падыход да працы. Мы сталі кантактаваць з грамадзкімі арганізацыямі, працавалі па праграме ААН, на вачах умовы мяняліся да лепшага. Але ўсё разьвярнулі ў адваротны бок, сярод начальства адбылася адмоўная сэлекцыя. Хто нешта хацеў палепшыць, таго прыбіралі. Прафэсіяналаў замянілі кар’ерысты, у асноўным выхадцы з унутраных войскаў. Былыя калегі расказваюць, як цяпер: паказуха на першым месцы, а законам сталі словы Лукашэнкі „иногда не до законов“. Нашая сыстэма, як і ўся дзяржаўная сыстэма, за 27 гадоў дэградавала», — перакананы Васіль Завадзкі.

Васіль Завадзкі, архіўнае фота
Васіль Завадзкі, архіўнае фота

Прапаноўвалі зьбітага вязьня прызнаць нецьвярозым

Вядома, што ў беларускіх вязьніцах таксама катуюць, але як да гэтага ставяцца лекары, якія там працуюць? Ці могуць яны спыніць катаваньні?

Васіль Завадзкі падзяліўся тым, што ведае ад былых калегаў і вязьняў: у сьледчых ізалятарах практыкуюцца гэтак званыя «прэс-хаты», дзе зьняволеных на загад адміністрацыі зьбіваюць іншыя вязьні. Але сам Васіль Завадзкі ў сьледчых ізалятарах не працаваў, а толькі ў калёніях. «Там такога не сустракаў», — кажа былы лекар.

«У СІЗА — чаму? Бо там з падсьледных выбіваюць патрэбныя паказаньні, каб нібыта раскрыць злачынства. Могуць і самі зьбіваць, але часьцей дзейнічаюць рукамі іншых арыштантаў. А ў калёніях іншая сыстэма ціску: там карцар, яшчэ могуць пазбавіць перадач, спатканьняў, нават арганізаваць новы тэрмін нібыта за парушэньне правілаў. Магчымасьцяў шмат і без «прэс-хаты», — кажа былы турэмны лекар.

Ці магчыма гэтую сыстэму спыніць ці хаця б паслабіць? Паводле Васіля Завадзкага, у турэмнага лекара такіх магчымасьцяў няма, але бываюць выпадкі, калі і ад ягонага сумленьня нешта залежыць.

«Неяк да мяне прывялі на агляд зьбітага вязьня, і ахоўнік просіць, каб пазначыў у справаздачы, што той нецьвярозы. Я абурыўся і адмовіўся. Больш з такімі прапановамі не зьвярталіся», — згадвае Васіль Завадзкі.\

«Памылка, якая каштавала працы»

У 2010 годзе Васіль Завадзкі 9 месяцаў прабыў у вязьніцы КДБ ужо як арыштант, адкуль адправіўся пад суд па 328-м «антынаркатычным» артыкуле і атрымаў 2,5 года зьняволеньня. Зь іх за кратамі адбыў крыху больш за год, бо год зьнялі па амністыі і залічылі дзень у СІЗА за паўтара. Пра той выкрунтас лёсу Васіль кажа шчыра: «Памыліўся. Калега папрасіў для сябе лекі, якія ў аптэцы не прадаваліся, а ў турме былі. Я пазваніў па тэлефоне, каб прынесьлі, што той прасіў. Ня трэба было гэтак рабіць, але адмовіць ня змог. Аказалася, размову праслухоўвалі, мяне затрымалі. Віну прызнаў, адседзеў. Як кажуць, на свабоду выйшаў з чыстым сумленьнем. Вызваліўся і пайшоў у грамадзкую арганізацыю да Мікалая Аўтуховіча. На той момант мы ўжо былі добра знаёмыя».

«Ён моцны, яго не зламаюць»

Зь Мікалаем Аўтуховічам Васіль Завадзкі пазнаёміўся ў 2005 годзе, падчас першай адседкі прадпрымальніка з Ваўкавыску. Тады Мікалай Аўтуховіч, якога асудзілі за нясплату падаткаў, трымаў галадоўку, пратэстуючы супраць накладзенага на яго падатковай інспэкцыяй штрафу ў мільён даляраў. А Васіль Завадзкі як супрацоўнік Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў прыйшоў у камэру да затрыманага, каб угаварыць яго спыніць галадоўку.

Васіль Завадзкі
Васіль Завадзкі

«Мікалай аказаўся разумным чалавекам, мяне паслухаў і спыніў галадоўку. Праўда, потым ужо прызнаўся, што больш даверыўся ня мне, а інфармацыі зь іншых крыніц, што ўлады зьбіраюцца адмяніць тое рашэньне суду. Гэтак і аказалася, ён выйшаў на волю, і потым мы пасябравалі», — згадаў Васіль Завадзкі.

У сярэдзіне 10-х гадоў Завадзкі і Аўтуховіч стварылі праваабарончую арганізацыю па дапамозе вязьням. Назву «Тайм акт» прыдумаў ён, а рухавіком арганізацыі быў Аўтуховіч, кажа Завадзкі.

«Чаму „Тайм акт“? У перакладзе — „час дзеяньняў“. Ідэя была ў тым, што прыйшоў час дапамогі людзям, якія аказаліся ў складаных умовах, за кратамі, і ня толькі палітычным вязьням — а любым, каму цяжка. Але разгарнуцца нам асабліва ўжо не ўдалося. З кожным годам працаваць было ўсё складаней. Летась Мікалай увогуле перайшоў на паўлегальнае становішча. Бо апасаўся, што яго прэвэнтыўна „закрыюць“, і справядліва апасаўся. А ў тое, што ён нібыта рыхтаваў тэракты, я ня веру. Гісторыя, пра якую кажуць з тэлевізара, больш падобная да правакацыі», — мяркуе Васіль Завадзкі.

Праваабаронца перакананы, што ягоны сябра Мікалай Аўтуховіч годна вытрымае выпрабаваньні, якія зноў выпалі на ягоную долю.

«Фактычна ён пастаўлены цяпер перад выбарам: жыцьцё альбо сьмерць. Іншыя кажуць, што ў такіх умовах трэба пагаджацца на ўсё, што прапануюць, інакш ня выжыць. Але ведаю, які Мікалай моцны чалавек. Ім яго не зламаць», — мяркуе сябра Аўтуховіча.

«Перамога непазьбежная, гэта толькі пытаньне часу»

Летась падчас прэзыдэнцкіх выбараў Васіль Завадзкі быў назіральнікам ад праваабарончай арганізацыі «Тайм акт». Назіраў Васіль за тым, як галасавалі жыхары пасёлку Бальшавік пад Менскам. Там жа і сам прагаласаваў 9 жніўня. Кажа, што на свае вочы пераканаўся ў завышэньні яўкі падчас датэрміновага галасаваньня і фальсыфікацыях у асноўны дзень.

«Спачатку мяне нават дапусьцілі сядзець і лічыць выбарцаў на самім участку. Старанна фіксаваў яўку і штодня падаваў скаргі, што дадзеныя прыкладна ўтрая завышалі. Потым гэтак і аказалася ў выніковым пратаколе. Зь недзе 1350 выбарцаў, якія прагаласавалі, 450, траціна, нібыта прагаласавалі датэрмінова. А 9 жніўня ўжо і на ганак не пусьцілі, ня тое што назіраць за падлікам. Але было бачна і звонку, што Лукашэнка не перамагае», — перакананы Васіль Завадзкі.

Далейшае, кажа былы назіральнік, таксама было сумным.

Пратакол галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году ў Бальшавіку, дзе назіраў за выбарамі Васіль Завадзкі
Пратакол галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году ў Бальшавіку, дзе назіраў за выбарамі Васіль Завадзкі

«Пратакол вывесілі ўжо ноччу. І вывесілі ня з боку вуліцы, а знутры памяшканьня. Зьбеглі, як мы казалі, „праз задні праход“, бо людзей забаяліся» — кажа праваабаронца.

Паводле Васіля Завадзкага, баяцца сябрам камісіі было чаго. Бо зь іхнага пратаколу выходзіла, што Лукашэнка нібыта атрымаў галасоў утрая больш за Ціханоўскую, хоць усе бачылі, што большасьць людзей на выбары прыйшлі зь белымі стужкамі, і ня толькі маладыя, але і сярэдняга ды старэйшага веку.

«Людзі з пляцоўкі перад сельсаветам разыходзіліся вельмі расчараваныя. І нават злыя. Мы ўжо мелі інфармацыю з суседніх участкаў, з тых жа Бараўлянаў, што там перамагае Ціханоўская. У людзей з Бальшавіку былі падобныя настроі, а тут такі падман... Але калі пачаліся пратэсты, а потым людзі выйшлі на вуліцы з кветкамі — як сапраўднага паветра дыхнуў. Такі быў душэўны ўздым — гэта незабыўна», — згадвае Васіль Завадзкі леташнія падзеі канца жніўня — пачатку верасьня. Паводле Васіля Завадзкага, тыя падзеі былі сапраўднай рэвалюцыяй, а яе вынік толькі адкладзены.

«Што перамога будзе, тут я веру яшчэ больш, чым на радзіме. Перамога непазьбежная, гэта толькі пытаньне часу», — кажа Васіль Завадзкі. Ці не беспадстаўная ягоная вера? Былы доктар пералічае прычыны, якія, на ягоную думку, адкрыюць шлях да пераменаў: гэта ціск грамадзтва, моцныя санкцыі Захаду і пагроза страты сувэрэнітэту Беларусі з боку Расеі, якая прымусіць Лукашэнку шукаць паратунку праз дамову з народам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG