Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фігуранту «справы Аўтуховіча» з інваліднасьцю 2-й групы Ўладзімеру Гундару прысудзілі тры гады турмы


Уладзімер Гундар, архіўнае фота

Прысуд агучылі 20 траўня ў судзе Маскоўскага раёну Берасьця.

Фігуранта так званай «справы Аўтуховіча» 60-гадовага Ўладзімера Гундара абвінавацілі паводле арт. 366 КК (Гвалт або пагроза ў адносінах да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, або іншай асобы, якая выконвае грамадзянскі абавязак).

Трыма гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму баранавіцкага актывіста Гундара пакараў судзьдзя Сяргей Беразюк.

«Валодзя ўспрыняў прысуд годна. Нават верш прачытаў. Усьміхаўся, быў рады ўсім, хто прыйшоў яго падтрымаць», расказала Свабодзе жонка палітвязьня Алена Гундар.

У залю, па словах Алены, пусьцілі ўсіх, хто хацеў трапіць на паседжаньне.

«Выглядаў нармальна, дзякуй Богу. Праўда, нязвыкла, ён жа ўсё жыцьцё з бародкай такой хадзіў, а цяпер паголены абсалютна», – кажа Алена.

Пасьля суду Алена з дачкой Уладзімера пайшлі пісаць заяву на спатканьне.

Суд быў закрытым

Закрыты суд над краязнаўцам Уладзімерам Гундарам пачаўся 12 траўня. Справа разглядалася 3 дні. Увесь гэты час родныя актывіста не маглі трапіць у судовую залю.

У першы дзень працэсу жонку Ўладзімера Гундара Алену сілавікі не пусьцілі нават да дзьвярэй залі, таму яна большасьць часу стаяла на вуліцы.

Паводле сьледзтва, 30 сьнежня (у гэты дзень Ўладзімеру Гундару з інваліднасьцю 2-й групы прад’явілі абвінавачаньне паводле арт. 289 Крымінальнага кодэксу «Акт тэрарызму». — РС) падчас ператрусу ў хаце Гундар нібыта пагражаў сьледчым і разьбіў свой мабільны тэлефон.

Па словах жонкі актывіста Алены, гэты эпізод вылучылі ў асобную справу. Пасьля чаго Гундару выставілі абвінавачаньне паводле арт. 366 КК (Гвалт або пагроза ў адносінах да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, або іншай асобы, якая выконвае грамадзянскі абавязак).

Уладзімер Гундар некалькі гадоў таму перанёс складаную апэрацыю. Яму ампутавалі нагу, ён мае гіпэртанію і судзіннае захворваньне. Актывіст ужо шмат гадоў носіць пратэз, але падчас затрыманьня праваахоўнікі прымусілі яго зьняць. У турме Гундар вымушаны перасоўвацца на мыліцах.

Перад першым судовым паседжаньнем Алена Гундар сказала Свабодзе, што ёй зь вялікай цяжкасьцю ўдалося перадаць мужу неабходныя лекі. Іх некалькі дзён не хацелі прымаць, нягледзячы на тое, што Ўладзімер напісаў заяву. У выніку лекі ад Алены ўсё ж такі прынялі, але ня ўсе.

Баранавіцкі актывіст і краязнаўца Ўладзімер Гундар, як і іншыя фігуранты справы аб падрыхтоўцы тэракту Мікалаем Аўтуховічам і Вольгай Маёравай, некалькі месяцаў правеў у СІЗА КДБ. Аднак на пачатку красавіка яго перавялі ў Берасьцейскае СІЗА № 7. Адтуль праз свае нешматлікія лісты ён паведаміў жонцы, што менавіта ў Берасьці над ім адбудзецца суд паводле арт. 366 КК.

Нядаўна ў сваіх лістах Уладзімер Гундар напісаў, што сярод яго сукамэрнікаў няма палітычных вязьняў. У камэры Ўладзімер знаходзіцца з трыма крымінальнікамі. Два зь іх асуджаныя за забойства, трэці праходзіць па «наркатычным артыкуле».

Галоўнае пра «справу Аўтуховіча»

Пра затрыманьне «групы Аўтуховіча» дзяржаўныя СМІ расказалі ўвечары 8 сьнежня 2020 году. Паводле іх, за падпаламі дома міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Горадні стаіць групоўка, якой кіраваў ваўкавыскі прадпрымальнік і былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч.

Спачатку Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 218 КК «Наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці, учыненае агульнанебясьпечным спосабам». Потым Генпракуратура перакваліфікавала яго на ч. 1 арт. 289 — «Акт тэрарызму», які прадугледжвае пазбаўленьне волі да 15 гадоў.

На пачатку лютага абноўлены сьпіс арганізацый і фізычных асобаў, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці, зьявіўся на сайце КДБ Беларусі. Паводле КДБ, апроч самога Аўтуховіча, у ягоную «групу» ўваходзілі 12 чалавек. Сярод іх Сяргей Разановіч, ягоная жонка Любоў і дарослы сын Павал, якія нібыта дапамагалі Аўтуховічу хавацца ад праваахоўнікаў. Уладзімер Гундар ды былая актывістка АГП, жыхарка Крупскага раёну Вольга Маёрава зналі Аўтуховіча, падтрымлівалі зь ім сувязь і, па вэрсіі сьледзтва, могуць быць датычнымі да злачынства, якое ён нібыта рыхтаваў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG