Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супраць Аўтуховіча завялі яшчэ адну справу? КДБ Беларусі хоча дапытаць ва Ўкраіне сьведкаў у справе беларускага актывіста


Мікалай Аўтуховіч, архіўнае фота, 2017 год
Мікалай Аўтуховіч, архіўнае фота, 2017 год

Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі ў межах двухбаковага пагадненьня аб міжнароднай прававой дапамозе зьвярнуўся ў праваахоўныя органы Ўкраіны па правядзеньне допытаў зь некалькімі фігурантамі справы Мікалая Аўтуховіча.

У прыватнасьці, як вынікае з апублікаванага ўкраінскім выданьнем censor.net адпаведнага беларускага запыту, КДБ хоча дапытаць беларуску Алену Васільеву, якая ўцякла ва Ўкраіну летась у верасьні, беларускага добраахвотніка Дзьмітрыя Палойку, а таксама шэраг грамадзян Украіны, зь якімі Мікалай Аўтуховіч нібыта сустракаўся ў часе сваёй паездкі ва Ўкраіну ў лістападзе 2020 году.

Апроч таго, беларускія спэцслужбы прасілі дапытаць і экс-камандзіра добраахвотніцкага батальёна «Данбас», былога народнага дэпутата Сямёна Сяменчанку (яго арыштавалі 26 сакавіка, празь месяц пасьля звароту КДБ да Ўкраіны). Сямёна Сяменчанку абвінавачваюць у стварэньні прыватнай вайсковай кампаніі.

Фігуранты справы іншыя

У запыце да праваахоўных органаў Украіны КДБ паведамляе, што расьсьледуецца крымінальная справа па абвінавачаньні чатырох грамадзян Беларусі паводле ч. 2 артыкула 289 Крымінальнага кодэксу Беларусі — акт тэрарызму, зьдзейсьнены паўторна, або групай асобаў паводле папярэдняй змовы, караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 8 да 20 гадоў.

Раней паведамлялася аб расьсьледаваньні справы паводле ч. 2 арт. 218 КК «Наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці, учыненае агульнанебясьпечным спосабам», якая потым была перакваліфікаваная на ч. 1 арт. 289 — «Акт тэрарызму» (пазбаўленьне волі да 15 гадоў).

На пачатку лютага, паводле КДБ, у «групу Аўтуховіча», апроч яго самога, уваходзілі 12 чалавек. Сярод іх Сяргей Разановіч, ягоная жонка Людміла і дарослы сын Павал, якія нібыта дапамагалі Аўтуховічу хавацца ад праваахоўнікаў. Уладзімер Гундар ды былая актывістка АГП, жыхарка Крупскага раёну Вольга Маёрава, якія зналі Аўтуховіча, падтрымлівалі зь ім сувязь і, па вэрсіі сьледзтва, могуць быць датычнымі да злачынства, якое ён нібыта рыхтаваў.

У запыце да Ўкраіны ў справе фігуруюць толькі чацьвёра грамадзян — Мікалай Аўтуховіч, Артур Папок, Павал Сава і Віктар Сьнегур (ураджэнец Украіны). Адзначаецца, што гэтая група 1 кастрычніка падпаліла аўтамабіль у Ваўкавыску, а 20 лістапада падарвала машыну ў Горадні.

Беларускае сьледзтва накіравала таксама пералік канфіскаванай у Аўтуховіча і Папка зброі і боепрыпасаў і просіць украінцаў праверыць магчымасьць іх набыцьця ва ўкраінскіх крамах зброі.

У запыце дакладна апісваецца, як Мікалай Аўтуховіч перасякаў беларуска-ўкраінскую мяжу, дзе спыняўся ў Ровенскай вобласьці і ў Кіеве, як наведваў Луганскую вобласьць, дзе нібыта набыў зброю, якую потым незаконна перамясьціў праз украінскую мяжу ў Беларусь. КДБ таксама пералічвае ўсе сустрэчы і тэлефонныя размовы, якія ажыцьцяўляў Аўтуховіч у часе сваіх паездак ва Ўкраіну.

Што цікавіць КДБ

КДБ просіць вызначыць месцазнаходжаньне і дапытаць двух грамадзян Беларусі — Алены Васільевай і Дзьмітрыя Палойкі, зь якімі Аўтуховіч нібыта абмяркоўваў набыцьцё зброі на тэрыторыі Ўкраіны «для правядзеньня акту тэрарызму ў Беларусі».

Беларускіх сьледчых цікавіць, дзе і зь якой мэтай яны знаходзяцца ва Ўкраіне, якой дзейнасьцю займаюцца, якія тэмы абмяркоўвалі з Аўтуховічам. Ад Алены Васільевай яны хацелі б таксама атрымаць дакладную інфармацыю аб заснавальніках і фінансаваньні грамадзкай арганізацыі «Беларускі Майдан» і «Беларускі майдан ДаВолі».

Дзьмітры Палойка пасьля ўдзелу ў баявых дзеяньнях на ўсходзе Ўкраіны атрымаў грамадзянства Ўкраіны, а цяпер завочна атрымлівае вышэйшую адукацыю ў адным з украінскіх унівэрсытэтаў. Беларускі КДБ дагэтуль лічыць яго беларускім грамадзянінам. Дзьмітры Палойка паведаміў Свабодзе, што пакуль не атрымліваў ніякіх выклікаў на допыт.

Алена Васільева займалася ў Беларусі турыстычным бізнэсам, а ва Ўкраіну прыехала летась у верасьні разам з дачкой, апасаючыся перасьледу праз сваё знаёмства зь Міколам Аўтуховічам. У размове са Свабодай яна казала, што ніколі не займалася палітычнай дзейнасьцю, аднак заўсёды апазыцыйна ставілася да беларускіх уладаў. Ва Ўкраіне яна сапраўды стварыла дабрачынны фонд «Беларускі Майдан» для дапамогі беларусам, якія ўцякаюць ва Ўкраіну ад перасьледу ў Беларусі, а таксама для стварэньня нацыянальна арыентаванага СМІ. Фонду «Беларускі Майдан ДаВолі» не існуе.

Алена Васільева зьвярнулася ў Дзяржаўную міграцыйную службу па атрыманьне статусу ўцекача адразу, як па беларускіх тэлеканалах прадэманстравалі фільм аб «тэрарыстычнай» дзейнасьці Аўтуховіча. Яна паведаміла Свабодзе, што сапраўды ў лістападзе 2020-га сустракалася зь Міколам Аўтуховічам у Кіеве, але іншых грамадзян, якія фігуруюць у запыце, ня ведае, за выключэньнем Дзьмітрыя Палойкі.

«У мяне некалькі пытаньняў. Якім чынам размовы, запісаныя ва Ўкраіне па ўкраінскіх тэлефонных картках, сталі здабыткам КДБ? Наша размова зь Міколам нібыта пра зброю — не было такой размовы. Як яна была сфабрыкаваная, бо галасы нашыя, а як там зьявіліся словы, якіх мы не казалі?», — сказала Свабодзе Алена Васільева. Яна таксама пакуль не атрымлівала ніякіх выклікаў на допыт.

Аднаго ўкраінца ўжо дапыталі

Пакуль дакладна невядома, ці ў поўным аб’ёме ўкраінскі бок будзе выконваць даручэньні КДБ. Паводле галоўнага рэдактара выданьня censor.net Юрыя Бутусава, украінскія сьледчыя ўжо дапыталі Сямёна Сяменчанку — экс-камандзіра добраахвотніцкага батальёну «Данбас». Яго арыштавалі 26 сакавіка паводле падазрэньня ў арганізацыі прыватнай вайсковай кампаніі, а запыт беларускага КДБ уключаны ў матэрыялы заведзенай супраць яго справы.

Юры Бутусаў таксама зьвярнуў увагу на тое, што беларускі КДБ просіць украінскі бок аб кантактах і дадзеных супрацоўнікаў галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны.

У інтэрвію ўкраінскаму выданьню «Українська правда» Сямён Сяменчанка расказваў, што справу супраць яго завялі адразу пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка пачаў заяўляць пра тое, што «беларуская апазыцыя возіць з Украіны зброю тонамі».

Паводле Сямёна Сяменчанкі, групу сьледчых у ягонай справе ўзмацнілі адразу пасьля таго, як на дзяржаўным тэлеканале АНТ выйшаў сюжэт, у якім ён разам з былым добраахвотнікам батальёну «Данбас» Дзьмітрыем Палойкам і іншымі асобамі былі абвінавачаныя ў дапамозе «паўстанцам супраць карнікаў рэжыму Лукашэнкі».

«Расьсьледаваньне супраць мяне я зьвязваю з жаданьнем Пуціна і Лукашэнкі зьнішчыць новы інструмэнт барацьбы з расейскай агрэсіяй, які мы далі Ўкраіне. Нэўтралізаваць матываваных добраахвотнікаў. Але гэта паўбяды. Праўда ў тым, што я асабіста і наша вэтэранская арганізацыя ўжо некалькі гадоў выконваю заданьне ў інтарэсах нацыянальнай бясьпекі. Я не магу зараз назваць арганізацыю, прозьвішчы, даты і пасады, канкрэтныя абставіны і канкрэтныя апэрацыі. Я не хачу дыпляматычных канфузаў і скандалаў, вонкавых палітычных рызыкаў для маёй краіны. Не хачу зрыву тых апэрацый, якія СБУ яшчэ не пасьпела сарваць. Не хачу рызыкаваць людзьмі, якія ў іх задзейнічаныя», — заявіў Сямён Сяменчанка.

Галоўнае пра «справу Аўтуховіча»

Пра затрыманьне «групы Аўтуховіча» дзяржаўныя СМІ расказалі ўвечары 8 сьнежня 2020 году. Паводле іх, за падпаламі дома міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Горадні стаіць групоўка, якой кіраваў ваўкавыскі прадпрымальнік і былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч.

Спачатку Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 218 КК «Наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці, учыненае агульнанебясьпечным спосабам». Потым Генпракуратура перакваліфікавала яго на ч. 1 арт. 289 — «Акт тэрарызму», які прадугледжвае пазбаўленьне волі да 15 гадоў. Некаторым з абвінавачаных інкрымінавалі частку 3 гэтага ж артыкулу, паводле якой пагражала сьмяротнае пакараньне.

Частка 3 артыкулу 289 прадугледзваецца, калі акты тэрарызму «учыненыя арганізаванай групай, або з прымяненьнем аб’ектаў выкарыстаньня атамнай энэргіі, або з выкарыстаньнем радыяактыўных рэчываў або ядзерных матэрыялаў, моцнадзейных, таксычных хімічных або біялягічных рэчываў або спалучаныя з забойствам чалавека».

Разгляд «справы Аўтуховіча» цягнуўся 5 месяцаў. Працэс праходзіў у горадзенскай турме.

Падчас працэсу падсудныя неаднаразова заяўлялі пра ціск і катаваньні з боку сілавікоў і адміністрацыі турмы. Сярод іншага фігуранты заяўлялі, што справа супраць іх сфабрыкаваная.

Працэс вёў судзьдзя Максім Філатаў, які знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу. Ён вядомы тым, што асудзіў на 5 год зьняволеньня актывіста зь Бярозаўкі Вітольда Ашурка, які пазьней пры нявысьветленых абставінах загінуў у шклоўскай калёніі.

17 кастрычніка 2022 году Філатаў вынес выракі:

  • Мікалаю Аўтуховічу — 25 гадоў зьняволеньня (першыя 5 гадоў у турме, 20 гадоў — у калёніі строгага рэжыму), штраф 1000 базавых велічынь і пазбаўленьне званьня прапаршчыка ў адстаўцы.
  • Уладзімеру Гундару — 18 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Паўлу Саву — 20 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Вользе Маёравай — 20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Віктару Сьнегуру — 19 гадоў калёніі строгага рэжыму.
  • Галіне Дзербыш —20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Любові Разановіч — 15 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Сяргею Разановічу — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Павал Разановіч — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Ірыне Мельхер — 17 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Ірыне Гарачкінай — 6 год і 1 месяц калёніі агульнага рэжыму.
  • Антону Мельхеру — 2,5 гады калёніі агульнага рэжыму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG