Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьняволеная ў «справе Аўтуховіча» Вольга Маёрава скардзіцца на боль у сэрцы


Вольга Маёрава
Вольга Маёрава

Вольга Маёрава правяла ў зьняволеньні ўжо каля 4 месяцаў. Яе лісты даходзяць толькі сыну.

Зьняволеная грамадзкая актывістка Вольга Маёрава зь СІЗА КДБ напісала ліст свайму сыну Сяргею Зіямаву. Ліставаньне зь ёй застаецца вельмі абмежаваным, лісты ад яе даходзяць толькі сыну. У адным з пасланьняў Вольга напісала, што ня мае права паведамляць нешта, што тычыцца сьледзтва, але справа паціху ідзе, піша «Новы час».

У лісьце яна зазначае, што сыну трэба разьлічваць выключна на сябе. Маёрава раіць сыну ўладкоўваць сваё жыцьцё, не азіраючыся на яе. Жанчына мяркуе, што чакаць суду ёй засталося нядоўга.

Таксама ў адным з лістоў зьняволеная зазначае, што яе непакоіць сэрца.

«Штосьці ў мяне сэрца пабольвае. Сынок, калі што-небудзь здарыцца, то хай табе аддадуць твой вялікі канвэрт, у якім ты даслаў мне калісьці канвэрты і сшыткі. У ім ёсьць зялёны аркушык з цыдулкай. Трэба, каб ты прачытаў гэтую цыдулку», — піша Вольга.

У нядаўніх лістах яна ўспамінала паездку ў Будапэшт, цікавілася сваім хворым сабакам, прасіла сына наведваць магілы бабулі і дзядулі, прыслаць ёй вершы Акуджавы, Ахматавай і Цьвятаевай, падрыхтаваць для яе рэчы да наступнага халоднага сэзону і далейшага этапаваньня.

Грамадзкую актывістку і экс-кандыдатку ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Вольгу Маёраву затрымалі 4 студзеня. Перад гэтым па месцы яе жыхарства, у вёсцы Нача Крупскага раёну, правялі ператрус, у выніку якога супрацоўнікі КДБ забралі з дому тэхніку.

Зьмест абвінавачаньняў, якія выставілі Вользе Маёравай, дасюль невядомы. Яна праходзіць у справе Мікалая Аўтуховіча. Меру стрыманьня ў выглядзе зьмяшчэньня пад варту ёй працягнулі да 2 красавіка.

Справа Аўтуховіча. Галоўнае

  • Пра затрыманьне «групы Аўтуховіча» дзяржаўныя СМІ расказалі ўвечары 8 сьнежня. Паводле іх, за падпаламі дома міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Горадні стаіць групоўка, якой кіраваў ваўкавыскі прадпрымальнік і былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч.
  • Спачатку Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 218 КК «Наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці, учыненае агульнанебясьпечным спосабам». Потым Генпракуратура перакваліфікавала яго на ч. 1 арт. 289 — «Акт тэрарызму», які прадугледжвае пазбаўленьне волі да 15 год.
  • На пачатку лютага абноўлены сьпіс арганізацый і фізычных асобаў, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці, зьявіўся на сайце КДБ Беларусі. Паводле КДБ, апроч самога Аўтуховіча, у ягоную «групу» ўваходзілі 12 чалавек. Гэта сьвятар Сяргей Разановіч, ягоная жонка Людміла і дарослы сын Павал, якія нібыта дапамагалі Аўтуховічу хавацца ад праваахоўнікаў. Уладзімер Гундар ды былая актывістка АГП, жыхарка Крупскага раёну Вольга Маёрава зналі Аўтуховіча, падтрымлівалі зь ім сувязь і, па вэрсіі сьледзтва, могуць быць датычнымі да злачынства, якое ён нібыта рыхтаваў.
  • Гундара ды Маёраву, як і Аўтуховіча, зьмясьцілі ў СІЗА КДБ («амэрыканка»).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG