Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі ты нарадзіўся ў Беларусі, ты ўжо вінаваты». Гісторыя менчука, якога асудзілі за «дэманстратыўнае стаяньне на кантэйнэры»


Павал Лукаянаў

Мянчук Павал Лукаянаў прынцыпова не хадзіў на выбары 2020 году. Амаль праз год яго асудзілі на 4 гады калёніі за ўдзел у масавых беспарадках. Суд ішоў 6 гадзін.

«Дэманстратыўна стаяў на сьмецьцевым кантэйнэры»

Маці Паўла Лукаянава Валянціна расказала ягоную гісторыю. Паўлу 27 гадоў, адукацыяй ён авіярамонтнік. Займаўся наладкай кампутараў як ІП.

Паводле маці, галасаваць летась Павал не хадзіў. Казаў, што нічога з гэтага ня выйдзе. 10 жніўня, як ён пазьней патлумачыць на судзе, ён ішоў міма групы людзей і яму стала цікава, што адбываецца.

«Але калі чалавек ня ходзіць на выбары, гэта ня значыць, што ён не цікавіцца лёсам краіны, у якой жыве і будзе жыць», — тлумачыць маці.

На пытаньне, ці Павал удзельнічаў у пратэстах, маці адказвае каротка: «Усім нам баліць за Беларусь». Зьяжджаць Павел не плянаваў, хоць і дапускаў, што да яго могуць прыйсьці, як і да многіх іншых людзей.

За Паўлам прыйшлі ў 7:20 ранку 23 чэрвеня, амаль праз год пасьля падзеяў, за якія яго пасадзілі. Восем чалавек у спартовым адзеньні, у кепках і чорных масках. Дзьверы ім адчыніла сама Валянціна. Яна думала, што сын вярнуўся дадому пасьля таго, як праводзіў бацьку на самалёт і пагуляў са сваёй нявестай. Аказалася, Павал ужо даўно быў дома і спаў на сваім другім паверсе двух’яруснага ложка.

«Яны прайшліся нагамі па ложку на першым ярусе, дзе спала дачка. Сьцягнулі яго. Адразу надзелі кайданкі. Ён быў толькі ў споднім. Калі я папрасіла, каб дазволілі яму апрануцца, на мяне сталі крычаць, што я шалёная мамаша і супраціўляюся міліцыі. Але апрануцца дазволілі», — успамінае Валянціна.

Першапачаткова прычыну візыту патлумачылі тым, што Павал падпісаны на «няправільныя тэлеграм-каналы». Маці сказалі, што Паўла забяруць на некалькі гадзін, а потым ён вернецца дадому. Сям’я ня думала, што гэта зацягнецца так надоўга. Меркавалі, дадуць адміністрацыйны арышт.

Аднак потым аказалася, што Паўла правяраюць у справе аб нападзе на пракурора. Урэшце абвінавачаньне выставілі за ўдзел у масавых беспарадках (частка 2 артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу). Высьветлілася, што Павал трапіў на відэа пратэстаў 10 жніўня. Яму закідалі, што ён перакрываў дарогу, крычаў лёзунгі, заахвочваў іншых далучацца да пратэстаў, а таксама «дэманстратыўна стаяў на сьмецьцевым кантэйнэры».

«Надзеў адзеньне, зручнае, каб бегаць і чыніць супраціў»

Суд над Паўлам прайшоў 1 кастрычніка. Разгляд усёй справы заняў 6 гадзін. Падчас паседжаньня Павал быў у кайданках.

Маці Паўла расказала, што яго прызналі вінаватым у тым, што кіраваў іншымі падчас пратэстаў. Як доказ на судзе называлі тое, што ў яго была паднятая дагары рука. 10 жніўня хлопец быў у шортах і вятроўцы. На судзе назвалі ягонае адзеньне «зручным, каб рухацца, бегаць і чыніць супраціў» і зрабілі выснову, што Павал рыхтаваўся да беспарадкаў, калі так апрануўся.

«Што бы ты ні зрабіў, ты будзеш вінаватым у любым выпадку», — камэнтуе суразмоўца.

Лукаянаву далі 4 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму. Ён яшчэ чакае разгляду апэляцыі.

«Было прыемна атрымаць досьвед у гэтым спэктаклі і ўсьвядоміць, як усё працуе з другога боку. Мяркую, што сваю ролю выканаў на 100%, а судзьдзя ацаніў мой талент на 4», — паўжартам напісаў Павал сваёй знаёмай па перапісцы.

Нядаўна хлопца з «Валадаркі» перавялі ў магілёўскую калёнію.

Маці Паўла Валянціна згадвае, што яе дзед з Ракава ў 1949 годзе таксама некалькі месяцаў сядзеў у турме за тое, што прапанаваў не аддаваць зямлю ў калгас, а толькі здаваць ураджай увосень. Урэшце ён аддаў усю маёмасьць у калгас, але яго ўсё роўна пасадзілі.

«Яму не дазвалялі нават перадачу перадаць. Бабуля хадзіла і карміла яго з чайніка супам. Бо яму нельга было нават лыжку перадаць праз краты. Калі ты нарадзіўся ў Беларусі, ты ўжо вінаваты», — падсумоўвае гісторыю сям’і жанчына.

«Усе ў камэры хварэюць па коле»

З кратамі асноўнымі інтарэсамі Паўла сталі кнігі і размовы зь цікавымі людзьмі, якіх ён там сустракае. Ён параўноўвае сваё зьняволеньне зь бізнэс-канфэрэнцыяй, на якой апынуліся і некалькі наркаманаў.

«Я за 20 гадоў жыцьця не даведаўся столькі, колькі тут за месяц», — кажа ён пра гутаркі за кратамі.

Паўлу забаронена чытаць адукацыйную літаратуру: кнігі па гісторыі, псыхалёгіі. Ён піша, што многія кнігі, якія ён хацеў бы атрымаць, яму не прыносяць зь бібліятэкі.

«Калі ты небясьпечны чалавек, то раптам табе і празьмерныя веды перашкодзяць», — іранізуе Валянціна.

Павал прачытаў «Сабачае сэрца» Булгакава, творы Рэмарка, Дзюма, Шэксьпіра. Запатрабаваная ў турме кніга пра графа Монтэ-Крыста.

Хлопец піша, што сукамэрнікі амаль увесь хварэюць: спачатку першы, другі, трэці, потым «першы становіцца чацьвёртым», і так па коле.

«Цікава назіраць, як людзі, калі трапляюць сюды, пачынаюць зьмяняцца. Наркаманы пачынаюць актыўна займацца спортам; забойцы хапаюцца за Біблію і пачынаюць верыць у Бога. Толькі „палітычныя“ застаюцца невыпраўляльныя пры ўсіх абставінах», — напісаў у лісьце Павел.

«Надзею на лепшае дае думка, што ўсё раней ці пазьней заканчваецца», — кажа Валянціна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG