Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алексіевіч у ААН: «Рэжым намагаецца цалкам зьнішчыць грамадзкую супольнасьць і культурнае жыцьцё краіны»


Ілюстрацыйнае фота

Наступ на свабоду слова і правы чалавека ў Беларусі быў галоўнаю тэмаю канфэрэнцыі, якая праводзілася ў віртуальным рэжыме з ініцыятывы ААН. У ёй узялі ўдзел Сьвятлана Алексіевіч, прадстаўнікі Камітэту абароны журналістаў і праваабаронцы арганізацыі Human Rights Watch, перадае «Голос Америки».

Пра падзеі ў Беларусі ўдзельнікам сустрэчы расказала нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч. Паводле яе, «сутыкненьне з дыктатурай было прагназаваным, але ніхто не чакаў настолькі барбарскай рэакцыі». Пры гэтым Сьвятлана Алексіевіч упэўнена, што ад мары жыць у свабоднай краіне большасьць беларусаў не адмовілася.

«Нам давялося мець справу зь дзьвюма сіламі: з аднаго боку Лукашэнка, з другога — вялізны мядзьведзь Расея. Гаворка ня толькі пра тое, што рэжым імкнецца ў страху трымаць увесь народ, запужаць народ, пазбавіць яго інстынкту свабоды і веры ў сябе, але ён ідзе і на тое, каб зьнішчыць цалкам грамадзкую супольнасьць і культурнае жыцьцё краіны», — адзначыла яна.

У верасьні вярхоўны камісар правоў чалавека ААН Мішэль Бачэлет апавядала пра катаваньні і жорсткае абыходжаньне з удзельнікамі пратэстаў. Цяпер, як лічаць праваабаронцы Human Rights Watch, гаворка ідзе ўжо ня толькі пра барацьбу ўладаў з пратэстоўцамі, а пра вынішчэньне іншадумства. Пра гэта ўдзельнікам сустрэчы расказала Рэйчэл Дэнбэр, куратарка аддзелу Эўропы і Сярэдняй Азіі ў Human Rights Watch.

«За час нашага назіраньня за Беларусьсю мы бачылі там і наступ на правы чалавека, і праяву аўтарытарызму, і нават вельмі жорсткі наступ на правы чалавека, але тое, што мы бачылі цягам апошняга году, гэта ўжо зусім іншая справа. Гэта спроба ня толькі перасьледаваць актывістаў ці ўскладніць ім жыцьцё, а поўнае зьнішчэньне іншадумства», — заявіла Рэйчэл Дэнбэр.

У сваю чаргу, спэцыяльная дакладчыца ААН аб сытуацыі ў Беларусі Анаіс Марэн казала пра тое, што наступ на грамадзянскія правы вядзецца ня толькі ў палітыцы, але і ў культуры.

«Беларуская Канстытуцыя вызначае беларускую мову ў якасьці дзяржаўнай, і тым ня менш дзесяцігодзьдзямі існуе практыка дыскрымінацыі тых, хто размаўляе на беларускай. Мяне асабліва непакоіць абмежаванае выкарыстаньне беларускай мовы ў вышэйшай і сярэдняй адукацыі», — адзначыла Анаіс Марэн.

Удзельнікі сустрэчы заклікалі міжнародную супольнасьць праз дыпляматычныя падважнікі паўплываць на Менск і не дапусьціць канчатковага здушэньня ў краіне грамадзянскіх свабодаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG