Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо тыдзень адвакаты і родныя Віктара Бабарыкі ня могуць зь ім зьвязацца


Юрыст Дзьмітры Лаеўскі, былы адвакат Віктара Бабарыкі.

Былы кіраўнік «Белгазпрамбанку» і прэтэндэнт на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году ў Беларусі Віктар Бабарыка пазбавіўся апошняга з абраных ім адвакатаў і не мае юрыдычнай дапамогі.

Пра сытуацыю з абаронай Віктара Бабарыкі расказаў на прэс-брыфінгу, арганізаваным Press Club Belarus, былы ягоны адвакат Дзьмітрый Лаеўскі.

«На жаль, апошніх навін ад Віктара Бабарыкі няма. Тыдзень адвакаты ня могуць трапіць да яго, таму што іх дзейнасьць прыпыненая. Але тыдзень таму пачала фармавацца праблема, зьвязаная і з камунікацыяй з роднымі. Было заплянавана некалькі тэлефанаваньняў, але яны не адбыліся. Я ня ведаю чаму, мы спрабуем гэта высьветліць. Выпадкова ці не — гэта мы даведаемся бліжэйшым часам», — сказаў Лаеўскі.

Ён дадаў, што ёсьць праблемы і з карэспандэнцыяй:

«Лісты яму [Бабарыку] перадаюць некалькі разоў на месяц. Ня думаю, што гэта правільна, але ён іх атрымлівае. Што зьвязана з працай. Праблема была з высокай тэмпэратурай у пякарні, дзе ён працаваў. Пасьля нашага звароту прыехала камісія. Па дадзеных калёніі, умовы працы адпавядаюць стандартам. Але мы ня можам даведацца падрабязнасьцяў без адвакатаў. Умовы ў непрацоўны час звычайныя, як ва ўсіх астатніх людзей».

Лаеўскі падкрэсьліў, што на гэты момант Віктар Бабарыка ня мае адвакатаў:

«Сутнасьць праблемы ў тым, што проста цяпер Бабарыка пазбаўлены магчымасьці атрымліваць юрыдычную дапамогу ад сваіх абаронцаў, паколькі яны адхіленыя ад ажыцьцяўленьня адвакацкай дзейнасьці і існуе высокая рызыка пазбаўленьня іх адвакацкага статусу. Гаворка пра Натальлю Мацкевіч і Яўгена Пыльчанку», — адзначыў Лаеўскі. — Існуе давер паміж Бабарыкам і тымі адвакатамі, якіх ён выбраў. Даверныя адносіны заўсёды фармуюцца доўга. Іншая справа — ня так даўно быў абскарджаны прысуд, па якім Віктар Бабарыка накіраваны ў калёнію. І нават ва ўмовах бяспраўя ўсё роўна існуе магчымасьць перагляду прысуду або запуску такіх працэсаў. Гэта зьвязана з тым, што, рыхтуючы скаргу, мы выявілі грубыя парушэньні, таму верагоднасьць працэдур, якія могуць быць цяпер запушчаныя, існуе. І ў іх, безумоўна, трэба будзе адстойваць сваю пазыцыю».

Паводле Лаеўскага, улічваючы факт, што крымінальная справа Бабарыкі складала больш за 120 тамоў і судовы працэс ішоў некалькі месяцаў, два адвакаты, якія пры гэтым прысутнічалі, ня могуць быць зараз эквівалентна нікім замененыя.
У кантэксьце маштабнасьці праблемы, зьвязанай з адсутнасьцю абаронцы інтарэсаў Віктара Бабарыкі, Лаеўскі згадаў колькасьць адвакатаў, якія былі абраныя экс-банкірам і ўжо альбо пазбаўленыя ліцэнзіі, альбо знаходзяцца пад рызыкай яе пазбаўленьня.

«Такога ніколі раней не назіралася, і зьвязаць гэта зь нечым, акрамя асобы самога падабароннага, немагчыма»,— сказаў Дзьмітрый Лаеўскі.

Ён назваў дзьве групы людзей, якія могуць паўплываць на абарону правоў Віктара Бабарыкі:

«Па-першае, гэта дысцыплінарная камісія менскай гарадзкой калегіі адвакатаў, якая разглядае дысцыплінарныя вядзеньні, узбуджаныя Мін'юстам. І на гэтым тыдні абодва дысцыплінарныя вядзеньні будуць разгледжаныя.

Другая група — журналісты, якія пра гэтую праблему могуць расказаць. Бо сёньня сытуацыя крытычная».

Як каралі адвакатаў Бабарыкі

  • 20 кастрычніка загадам міністра юстыцыі было распачатае дысцыплінарнае вядзеньне ў дачыненьні да адваката Яўгена Пыльчанкі. Гэтым жа загадам ён быў адхілены ад ажыцьцяўленьня адвакацкай дзейнасьці.
  • 13 кастрычніка, адразу пасьля падачы абаронай скаргі ў парадку нагляду на прысуд Віктару Бабарыку, ад адвакацкай дзейнасьці адхілілі Натальлю Мацкевіч, якая таксама абараняла Бабарыку.
  • 9 ліпеня адвакацкага статусу пазбавілі Дзьмітрыя Лаеўскага. Гэта адбылося праз 2 дні пасьля абвяшчэньня прысуду Віктара Бабарыку (14 гадоў пазбаўленьня волі).
  • 16 кастрычніка адвакацкай ліцэнзіі пазбавілі адваката Аляксандра Пыльчанку, які таксама абараняў Бабарыку.

Перасьлед Віктара Бабарыкі. Што важна ведаць

  • Віктара Бабарыку абвінавачваюць у «адмываньні» сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (па частцы 2 арт. 235 КК), і атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры (па частцы 3 арт. 430 КК). Яму пагражае да 15 гадоў турэмнага зьняволеньня.
  • У крымінальнай справе «Белгазпрамбанку» 122 тамы. Працэс пачаўся 17 лютага. Справу разглядае Вярхоўны суд у будынку суду Маскоўскага раёну.
  • 22 сакавіка абарона Бабарыкі заявіла пярэчаньні на прад’яўленыя абвінавачаньні, бо апісаньне, якое ёсьць у іх, не дазваляе ў дастатковай ступені зразумець, у якіх менавіта дзеяньнях абвінавачанага Бабарыкі ўгледжана злачынства, заявіў адвакат Дзьмітры Лаеўскі. Таксама ён адзначыў, што ў абвінавачаньні няма апісаньня інкрымінаваных дзеяньняў з указаньнем часу, месца, спосабу, іншых абставінаў іх учыненьня. Адвакат папрасіў далучыць да матэрыялаў справы дакумэнт, у якім выклаў «дэфэкты абвінавачаньня».
  • Віктар Бабарыка віны не прызнае.​

Хроніка перасьледу

  • 10 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаніяў, якія нібыта звальняюць тых, хто адмаўляецца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў. Ён загадаў «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній, у знаёмых патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі прайшлі ператрусы. Камітэт дзяржкантролю заявіў аб завядзеньні крымінальных спраў за адмываньне грошай і ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • Віктар Бабарыка назваў гэта атакай на яго асабіста, хоць сам у справе тады не фігураваў, і заявіў пра «палітычны характар» дзеяньняў сьледчых, якія ня маюць прамога кампрамату на яго.
  • 11 чэрвеня арыштавалі каардынатарку выбарчага штабу Бабарыкі Сьвятлану Купрэеву па абвінавачаньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • 12 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што Бабарыка таксама датычны да справы, маўляў, «​гэта адна шайка-лейка». Праз 4 гадзіны Дзяржкантроль заявіў, што мае доказы датычнасьці былога банкіра да злачынстваў.
  • Фігурантамі «справы „Белгазпрамбанку“» сталі каля 20 чалавек.
  • 15 чэрвеня Нацыянальны банк прызначыў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю на чале з Надзеяй Ермаковай. Расейскія акцыянэры банку («Газпромбанк» і «Газпром») назвалі гэтае рашэньне незаконным.
  • 17 чэрвеня ўлады арыштавалі без тлумачэньняў выбарчы фонд Віктара Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку.
  • 18 чэрвеня затрымалі Віктара Бабарыку і яго сына Эдуарда Бабарыку — кіраўніка ініцыятыўнай групы. У дамах сям’і Бабарыкаў прайшлі ператрусы.
  • Кіраўнік КДК Іван Тэртэль назваў Бабарыку «непасрэдным арганізатарам» «махлярскай схемы з адмываньнем грошай» з удзелам былых і дзейных топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку».
  • 19 чэрвеня праваабаронцы прызналі палітвязьнямі Віктара, Эдуарда Бабарыкаў і затрыманых сябраў ініцыятыўнай групы.
  • Штаб Бабарыкі падрыхтаваў да здачы 435 тысяч подпісаў.
  • 20 чэрвеня адвакаты падалі пакет дакумэнтаў для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты.
  • 2 ліпеня стала вядома, што Бабарыку вінавацяць па трох фінансавых артыкулах Крымінальнага кодэксу.
  • 14 ліпеня ЦВК адмовіў Віктару Бабарыку ў рэгістрацыі празь неадпаведнасьць прадстаўленай дэклярацыі аб даходах і маёмасьці.
  • 10 кастрычніка Лукашэнка сустрэўся зь Віктарам Бабарыкам і іншымі палітвязьнямі ў СІЗА КДБ.
  • 17 лютага 2021 году пачаўся суд над Віктарам Бабарыкам і былымі супрацоўнікамі «Белгазпрамбанку». На працэс не пусьцілі нікога зь незалежных журналістаў.
  • 6 ліпеня Бабарыку асудзілі на 14 гадоў пазбаўленьня волі. Вырак вынес судзьдзя Ігар Любавіцкі. Бабарыка не прызнаў віны, ягоныя абаронцы яшчэ раз заявілі аб палітычных матывах справы.
  • 12 ліпеня стала вядома, што Бабарыку этапавалі ў ПК №1 у г. Наваполацак.
  • 12 кастрычніка з ізалятараў выйшлі некалькі чалавек, затрыманых у справе «Белгазпрамбанку»​. Ім зьмянілі меру стрыманьня, але іншыя падрабязнасьці справы невядомыя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG