У справе «Белгазпрамбанку» выпусьцілі 11 чалавек, Віктар і Эдуард Бабарыкі застаюцца ў зьняволеньні

абноўлена

На волю выйшлі некалькі чалавек, затрыманых у справе «Белгазпрамбанку»​, паведаміла Zerkalo.io: Сьвятлана Купрэева, Уладзімер Сажын, Дзьмітры Карака, Дзьмітры Жардзецкі і яшчэ некалькі чалавек.

Паводле тэлеграм-каналу штабу Бабарыкі, Купрэевай, Караку і Жардзецкаму зьмянілі меру стрыманьня.

Сьвятлана Купрэева — былая каардынатарка ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі ў адным з раёнаў Менску. Дачка беларускага паэта і празаіка Мікалая Купрэева. Была блізкай сяброўкай жонкі Віктара Бабарыкі Марыны, якая загінула ў 2017 годзе, хросная маці ягонай дачкі. З 11 чэрвеня 2020 году знаходзілася ў СІЗА КДБ. Яе падазравалі ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў, чым яна нібыта нанесла дзяржаве шкоду на суму, эквівалентную амаль 4 мільёнам даляраў. Пры гэтым Сьвятлана на пэнсіі падзарабляла бухгальтаркай у розных дробных фірмах і жыла разам з мамай у старой хрушчоўцы. Сьвятлану Купрэеву вызвалілі ў панядзелак вечарам, паведамілі ейныя сябры.

Уладзімер Сажын — былы дарадца Віктара Бабарыкі і сябра праўленьня банку з 2006 да 2020 году.

Дзьмітры Карака — былы асабісты памочнік Віктара Бабарыкі, яго абвінавачвалі ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў.

Дзьмітры Шаўчук — супрацоўнік юрыдычнага аддзелу «Белгазпрамбанку».

Дзьмітры Жардзецкі — сябра Віктара Бабарыкі.

Вольга Радзецкая — старшыня назіральнай рады кампаніі «Кентаўр».

Андрэй Харлановіч, Аляксей Герашчанка і Антон Марозаў — акцыянэры «Приватлизинга».

У верасьні на волю выйшлі сябар Віктара Бабарыкі Ўладзімер Дрозд і былы дырэктар дэпартамэнту раздробнага бізнэсу банку Андрэй Грыгаровіч.

«Белгазпрамбанкам» кантралёры зацікавіліся адразу пасьля таго, як Віктар Бабарыка пакінуў пасаду старшыні праўленьня і агучыў намер балятавацца ў прэзыдэнты. 18 чэрвеня 2020 году Бабарыку затрымалі. Нягледзячы на больш як 400 тысяч подпісаў, сабраных за вылучэньне Бабарыкі, ЦВК не зарэгістравала яго кандыдатам у прэзыдэнты.

6 ліпеня 2021 году Віктара Бабарыку асудзілі на 14 гадоў пазбаўленьня волі. Ягоны сын Эдуард застаецца ў СІЗА пад сьледзтвам.

​
XS
SM
MD
LG