Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі зарэгістравалі новы штам каранавірусу, Літва заявіла пра новую хвалю мігрантаў зь Беларусі. Найважнейшае за 24 кастрычніка


Ілюстрацыйнае фота. Мігранты на беларуска-польскай мяжы
Ілюстрацыйнае фота. Мігранты на беларуска-польскай мяжы

Падзеі 24 кастрычніка.

У Беларусі зарэгістравалі новы штам каранавірусу «дэльта-лайт», для якога характэрная вялікая кантагіёзнасьць — вірус здольны хутчэй пераходзіць ад чалавека да чалавека, хапае пары хвілін знаходжаньня разам. Дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская зьвярнулася да беларусаў з заклікам «узяць барацьбу з COVID-19 у свае рукі»: рабіць прышчэпкі, насіць маскі і памагчымасьці больш сядзець дома.

Вайскоўцы пачалі дастаўляюць у шпіталі Беларусі кісларод для каранавірусных хворых з авіяцыйных базаў Вайскова-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны, дзе ёсьць адпаведнае абсталяваньне.

Літва заявіла пра новую хвалю мігрантаў на мяжы зь Беларусьсю. За 23 кастрычніка літоўскія памежнікі не ўпусьцілі 183 замежнікаў зь Беларусі, і гэта адзін з самых высокіх паказьнікаў у 2021 годзе з 2 жніўня. Працягваюць затрымліваць мігрантаў, якія спрабуюць нелегальна трапіць у Эўразьвяз, таксама ў Польшчы і Літве: польскія памежнікі за мінулыя суткі зафіксавалі 373 спробы нелегальнага перасячэньня мяжы зь Беларусьсю, латвійскія — 22.

Пасьля таго, як з польскай тэрыторыі на нямецкую сталі пранікаць мігранты, якія ўдала прарваліся ў Эўразьвяз зь Беларусі і незаконна перасеклі некалькі межаў, Нямеччына накіравала 8 паліцэйскіх падразьдзяленьняў у раёны, што мяжуюць з Польшчай, для аховы мяжы.

Міністар унутраных спраў Нямеччыны Хорст Зэехофэр падтрымаў узмацненьне жорсткасьці кантролю на польска-беларускай мяжы, але выступіў супраць увядзеньня памежнага кантролю ў Эўразьвязе ва ўмовах прытоку мігрантаў зь Беларусі. Тым часам паліцыя Нямеччыны ў ноч на нядзелю выявіла на мяжы з Польшчай групу нэанацыстаў з дубінкамі і мачэтэ, якія накіраваліся на мяжу з Польшчай нібыта перашкаджаць нелегальнай міграцыі.

Беларус Віталь Алексяёнак заняў першае месца і атрымаў Прыз глядацкіх сымпатый у міжнародным конкурсе дырыгентаў імя Тасканіні, які прайшоў у італьянскім горадзе Парма. Другім стаў украінец Аляксандар Янкевіч, які цяпер працуе ў Швэцыі, а трэцяе месца дасталося Фэліксу Горнбахнэру з Аўстрыі.

Беларускі айцішнік Сяргей Савельеў, дзякуючы якому былі апублікаваныя запісы з катаваньнямі ў расейскіх турмах, пракамэнтаваў абвяшчэньне яго ў вышук на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі, пра што стала вядома напярэдадні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG