Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МУС Нямеччыны падтрымаў ўзмацненьне жорсткасьці кантролю на польска-беларускай мяжы


Хорст Зэехофэр
Хорст Зэехофэр

Хорст Зэехофэр выступіў супраць увядзеньня памежнага кантролю ў Эўразьвязе ва ўмовах прытоку мігрантаў зь Беларусі.

Пра гэта інфармуе ТАСС.

Міністар унутраных спраў ФРН Хорст Зэехофэр выступіў супраць увядзеньня памежнага кантролю на ўнутраных межах Эўразьвязу ва ўмовах павелічэньня колькасьці нелегальных мігрантаў, якія прыбываюць у Эўропу, у тым ліку праз тэрыторыю Беларусі. З такой заявай ён выступіў у апублікаваным у нядзелю інтэрвію газэце Bild am Sonntag.

«Па магчымасьці ўнутры Эўропы не павінна быць больш памежнага кантролю. Гэта, аднак, атрымаецца толькі ў тым выпадку, калі будзе працаваць абарона зьнешніх межаў», — сказаў Зэехофэр. Ён адзначыў, што ў сьвятле прытоку мігрантаў церазь Беларусь на мяжы суседняй зь Нямеччынай Польшчы службу нясуць сотні супрацоўнікаў фэдэральнай паліцыі. «Калі будзе неабходна, я гатовы ўзмацніць там прысутнасьць», — сказаў міністар. Раней ён прапанаваў свайму польскаму калегу разам патруляваць агульную мяжу.

Зэехофер падтрымаў ўзмацненьне жорсткасьці кантролю на польска-беларускай мяжы. «У духу эўрапейскай ідэі я перакананы ў тым, што мы павінны ведаць, хто да нас прыбывае. Цалкам законна, калі мы будзем такім чынам ахоўваць зьнешнюю мяжу, каб не адбывалася незаконнага перасячэньня. Той, хто хоча ўехаць, павінен выканаць умовы, і гэта варта кантраляваць», — сказаў кіраўнік МУС, адказваючы на пытаньне аб неабходнасьці ўзмацненьня жорсткасьці кантролю на мяжы Польшчы і Беларусі.

Міністар паведаміў, што «нерэгулярны прыток мігрантаў» ажыцьцяўляецца цяпер у Нямеччыну па розных напрамках.

«У Турцыі лічбы па уцекачах растуць, праз Польшчу зь Беларусі значна павялічылася колькасьць прыбыўшых, а з Грэцыі мы бачым нелегальнае перасячэньне мяжы па паветры. Мы павінны быць пільнымі, бо міграцыйны ціск на Нямеччыну і Эўропу па-ранейшаму высокі», — канстатаваў Зэехофэр.

У канцы траўня прэзыдэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што яго краіна служыла бар’ерам на шляху перакіданьня нелегальных мігрантаў у Літву, аднак з улікам палітычнага ціску Захаду Менск можа задумацца, ці варта працягваць гэта рабіць. Улады Польшчы раней прынялі рашэньне аб увядзеньні надзвычайнага становішча ў рэгіёнах на мяжы зь Беларусьсю з прычыны сытуацыі зь мігрантамі.

Міграцыйны крызіс — 2021. Асноўнае

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
  • Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
  • У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
  • Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
  • Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
  • 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
  • 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
  • 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
  • У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
  • 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
  • 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
  • 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
  • Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
  • 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
  • Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
  • 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
  • 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
  • На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
  • На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.
  • За 2023 год памежнікі суседніх зь Беларусьсю краін Эўразьвязу спынілі 42 тысячы спробаў нелегальнага пранікненьня на сваю тэрыторыю, што на траціну больш за 2022 год.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG