Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 18 кастрычніка: у Воршы сілавікі пагражалі кастэтам і артыкулам «здрада радзіме»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Сілавыя органы Беларусі не спыняюць перасьлед грамадзян за іх пазыцыю.

Менчуку далі 1,5 года «хатняй хіміі» за абразу Чамаданавай пад пастом пра суд за абразу Чамаданавай

18 кастрычніка суд Фрунзенскага раёну Менска вынес прысуд 45-гадоваму інжынэру-праграмісту Віктару Лебедзеву. Як паведамляе «Наша Ніва», яго прызналі вінаватым паводле артыкулу 369 Крымінальнага кодэксу «Абраза прадстаўніка ўлады» і асудзілі на 1,5 года «хатняй хіміі». Таксама ён кампэнсаваў «маральную шкоду» ў памеры 3000 рублёў.

Лебедзева прызналі вінаватым у тым, што ў тэлеграм-канале, які цяпер прызнаны экстрэмісцкім, ён абразіў Вольгу Чамаданаву — на той час яна была прэс-сакратаркай Міністэрства ўнутраных справаў.

26 студзеня 2021 году Лебедзеў пакінуў камэнтар пад пастом з навіной пра суд, на якім чалавека за абразу Чамаданавай асудзілі да «хатняй хіміі» і абавязалі яго выплаціць на яе карысьць 5000 рублёў.

Віцябляніна асудзілі за замыканьне чыгуначных шляхоў

Вынесены прысуд 41-гадоваму жыхару Віцебска Сяргею Іванову, якога абвінавацілі ў прывядзеньні ў непрыдатны для эксплюатацыі стан сродкаў чыгуначнага транспарту, шляхоў спалучэньня, сродкаў сыгналізацыі (ч. 1 арт. 309 КК) і замаху на такія дзеяньні (ч. 1 арт. 14, ч. 1 арт. 309 КК).

Падчас судовага разбору абвінавачаны прызнаў толькі адзін эпізод, які быў зьдзейсьнены пад уплывам асабістых матываў — страты дзіцяці. Мужчына паехаў на сваім аўтамабілі ў лес і з дапамогай дроту закараціў рэйкавы ланцуг.

У іншых эпізодах віну не прызнаў, сказаў, што сам сябе абгаварыў падчас сьледзтва, паведамляюць праваабаронцы .

У выніку віцябляніна пакаралі 3 гадамі пазбаўленьня волі з накіраваньнем у папраўчую калёнію.

Заўзятараў пакаралі за ігнараваньне дзяржаўнага гімну

У Горадні падчас хакейнага матчу паміж мясцовым клюбам «Нёманам» і гасьцямі з «Гомля» двое мужчын ня ўсталі падчас выкананьня дзяржаўнага гімну Беларусі.

За парушэньне патрабаваньняў да працэдураў спартовых імпрэзаў на заўзятараў 37 і 39 гадоў склалі адміністрацыйныя пратаколы. Іх не затрымлівалі, але неўзабаве будуць судзіць.

Былы назіральнік уцёк за мяжу пасьля пагроз у міліцыі

КДБ Беларусі атрымаў доступ да зьместу хадайніцтва Сяргея Мярненкі на атрыманьне гуманітарнай візы Польшчы. Былога назіральніка за выбарамі 2020 году выклікалі ў Аршанскі РАУС і сталі пагражаць крымінальным артыкулам «здрада дзяржаве» за хадайніцтва аб атрыманьні гуманітарнай візы Польшчы, піша Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Улетку 2020 году назіральніка за выбарамі прэзыдэнта Беларусі Сяргея Мярненку затрымлівалі некалькі разоў, тройчы каралі адміністрацыйным арыштам, дапытвалі. Імаверна, ліст з аргумэнтацыяй на атрыманьне польскай гуманітарнай візы спэцслужбы атрымалі з камэры відэаназіраньня, што знаходзіцца ў візавым цэнтры Польшчы ў Магілёве.

У лісьце актывіст пералічыў факты перасьледу, а таксама паведаміў, што да яго дадому рэгулярна прыходзяць сілавікі, шукаючы яго. У кватэры, дзе жыве маці Мярненкі, правялі ператрус, а яму самому пагражалі кастэтам у выпадку адмовы расказаць пра ліст на відэакамэру.

Акрамя таго, аршанскія міліцыянты заявілі, што хадайніцтва Мярненкі аб атрыманьні польскай гуманітарнай візы можа стаць падставай для крымінальнай справы супраць яго паводле арт. 356 КК РБ «Здрада дзяржаве». Сяргей Мярненка тэрмінова пакінуў Беларусь.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG