Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У нас думаюць, што сьмерці на мяжы — фэйк». Расказ сырыйца, які спрабаваў трапіць у Эўразьвяз празь Беларусь


Мігранты на беларуска-польскай мяжы
Мігранты на беларуска-польскай мяжы

Грамадзянін Сырыі, які хацеў трапіць у Нямеччыну празь Беларусь, расказаў сваю гісторыю. Адразу скажам, ён вырашыў вярнуцца на радзіму.

Свабода пагаварыла з сырыйцам, калі ён быў у Беларусі. Мы не называем імя і прозьвішча мужчыны на ягоную просьбу (ягоныя дадзеныя ёсьць у рэдакцыі).

На пералёт у Беларусь аддаў 3 тысячы даляраў

Гэта мужчына ва ўзросьце каля 50 гадоў. На радзіме ён працаваў настаўнікам ангельскай мовы. У яго ёсьць жонка і двое непаўналетніх дзяцей. Сям’ю ён пакінуў у Сырыі і спрабаваў спачатку адзін перабрацца ў Эўропу. З сабой у яго заплечнік сярэдніх памераў, невялікая валізка і торбачка. Ён рушыў у падарожжа адзін, без сваякоў і знаёмых.

«Інфармацыя пра тое, што можна лёгка трапіць у Эўропу празь Беларусь, стала зьяўляцца 2-3 месяцы таму ў нашых сацыяльных сетках, але тады я ня ведаў, што гэта небясьпечна. Легальна паехаць у Эўропу мы ня можам, нам не даюць візы», — кажа мужчына, як пачаліся ягоныя прыгоды.

Тады адпаведныя паслугі пералёту ў Беларусь пачалі аказваць сырыйскія турыстычныя цэнтры. Ад звароту ў турфірму да вылету ў Беларусь прайшло каля 10 дзён, каб зрабіць усе дакумэнты: візу, запрашэньне, страхоўку. За ўсе паслугі і білеты мужчына аддаў 3 тысячы даляраў. У самалёце ён пазнаёміўся з 70-гадовым земляком, які заплаціў 6 тысяч даляраў за сваю паездку. Чаму такая розьніца, невядома.

На пытаньне, чаму ён вырашыў эміграваць, мужчына кажа пра кепскае эканамічнае становішча ва ўсёй краіне. Раптам змаўкае і пачынае ціха выціраць сьлёзы.

Ён як настаўнік зарабляў 40 даляраў на месяц. Пасьля асноўнай працы рабіў таксоўцам на сваім старым аўтамабілі. Гэта прыносіла яму дадаткова ня больш за 75 даляраў на месяц. На ягонай радзіме ў людей звычайна па 2-3 працы адначасна, бяруцца за любую фізычную працу, падпрацоўку ў прыватных фірмах. На пытаньне, колькі ягонай сям’і трэба грошай, каб нармальна жыць, назваў суму ў мінімум 700 даляраў. Розьніцу амаль 600 даляраў яны «нідзе не бяруць».

«Шмат рэчаў я проста не магу дазволіць сваёй сям’і. Нам хапае толькі на самыя неабходныя прадукты і рэчы. Гэта вельмі складана для кожнага забясьпечваць сваю сям’ю, дзяцей», — празь сьлёзы тлумачыць мужчына.

Другая прычына эміграцыі ў тым, што ён хацеў бы жыць у спакойнай краіне.

«Там, дзе я жыву, пэрыядычна адбываюцца ваенныя дзеяньні», — кажа сырыец.

Дзе сям’я знайшла 3 тысячы даляраў пры заробку мужа 110 даляраў на месяц? Мужчына патлумачыў, што яны прадалі каштоўныя ўпрыгожаньні жонкі.

«Іншыя прадаюць машыны, нехта кватэры, зямельныя надзелы, каб аплаціць паездку. Гэта ж ня толькі сырыйцы едуць, гэта і афганцы, і іракцы, і з Алжыру, Эгіпту», — пералічвае ён.

У аэрапорце ніхто не сустрэў

Па словах сырыйца, у турфірме на радзіме яму абяцалі, што ён безь перашкодаў трапіць у Эўропу. У менскім аэрапорце яго павінны былі сустрэць прадстаўнікі фірмы. Аднак ніхто не сустрэў. Калі мужчына зьвязаўся са сваім турыстычным агентам, той адказаў, што чалавек чакаў яго гадзіну і сышоў, не дачакаўшыся.

«Вось такая хлусьня», — упэўнены мігрант.

Мужчына самастойна дабраўся да Горадні, засяліўся ў гатэль. На месцы ён пагаварыў зь іншымі мігрантамі, якія раней прыехалі ў Беларусь і ўжо спрабавалі перайсьці мяжу, аднак, безвынікова. Са словаў суразмоўцы, яны былі адны, без суправаджэньня. На мяжы яны блукалі па лесе, ня ведалі, куды ісьці, замярзалі, некаторыя правальваліся ў халодную дрыгву. Калі заканчвалася ежа, пітво і зарад батарэі ў тэлефонах, вярталіся ў горад і плянавалі наступны паход на мяжу.

Ягонаму новаму 70-гадоваму знаёмаму турагент сказаў самастойна паехаць на мяжу на таксоўцы. Паказаў на мапе кропку ў лесе каля вёскі Нязбодзічы Сьвіслацкага раёну. Адтуль да Польшчы каля гадзіны дарогі пешкі. Яму абяцалі, што яго на месцы сустрэнуць. Пажылога мужчыну не напужалі складанасьці — ягоны сын раней ужо трапіў у Нямеччыну. Чым скончыўся ягоны шлях, невядома.

«У Сырыі думаюць, што сьмерці мігрантаў на мяжы — фэйк»

Наш суразмоўца, паслухаўшы расказы іншых, вырашыў, што ня будзе рызыкаваць жыцьцём і вернецца дадому.

«Бо я паважаю сябе», — кажа ён.

Пра праўдзівую сытуацыю на беларуска-польскай мяжы ён даведаўся толькі ў Беларусі. На пытаньне, няўжо ён не чытаў, што ўжо прынамсі некалькі мігрантаў памерлі на памежжы, што групы людзей захрасьлі паміж краінамі і каля месяца жывуць на вуліцы, суразмоўца патлумачыў, што многія на ягонай радзіме думаюць, што гэта фэйкі, што прапаганда адмыслова піша такія артыкулы, каб людзі больш ня ехалі па лепшае жыцьцё.

«Я ведаю яшчэ шмат людзей, якія зьбіраюцца ляцець сюды. Я вярнуся дадому і буду іх адгаворваць, раскажу, што адбываецца ў рэальнасьці», — кажа мужчына.

«У мяне не засталося нічога»

Ён не хацеў заставацца ў Беларусі, бо мяркуе, што ўлады нічога ня могуць прапанаваць такім уцекачам, як ён.

«Гэта вельмі трагічна. Я шкадую, што прыехаў сюды. Гэта быў кепскі досьвед. У мяне не засталося нічога. Я аддаў усе зьберажэньні», — з плачам кажа мужчына.

Акрамя таго, ён зьведаў да сябе стаўленьне беларусаў. Амаль ніхто не дапамог яму, калі ён зьвяртаўся: некаторыя нават не хацелі слухаць, іншыя не разумелі па-ангельску.

«Я адчуваю сябе тут, быццам я нішто, пустое месца. Людзі глядзяць на мяне дзіўна. Некаторыя нават не давалі мне шанцу задаць пытаньне. Але я мужчына. Я чалавек», — кажа сырыец.

Ён прабыў у Беларусі адзін тыдзень. Некалькі апошніх дзён ён правёў у аэрапорце ў спробе вылецець. Ён ня мог самастойна разабрацца, як працягнуць візу, якая ўжо скончылася, як зарэгістравацца на ПЦР-тэст праз інтэрнэт, шукаў грошы на зваротны квіток.

На момант выхаду гэтай публікацыі мужчына ўжо меўся вылецець дадому ў Дамаск зь дзьвюма перасадкамі ў Дубаі і Бэйруце.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG