У мігрантаў зьявілася магчымасьць прасіць аб прытулку ў амбасадзе Літвы ў Менску. Але за 3 тыдні ніхто не зьвяртаўся

Мігранты, ілюстрацыйнае фота
Мігранты, ілюстрацыйнае фота

22 верасьня стала вядома, што мігранты змогуць падаваць прашэньне аб прытулку ў амбасадзе Літвы ў Менску. Такая магчымасьць прадугледжаная ва ўказе выканаўцы абавязкаў кіраўніка МЗС гэтай краіны Арвідаса Анушаўшкаса.

Zerkalo.io адправіла запыт у амбасаду Літвы, каб даведацца, колькі мігрантаў зьвярнуліся да іх за прамінулы час.

«На дадзены момант заявак на прадастаўленьне прытулку ў амбасаду Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь не паступала», — адказалі ў дыппрадстаўніцтве.

Пры гэтым, згодна з афіцыйнымі дадзенымі, пачынаючы з 22 верасьня літоўскія памежнікі вярнулі ў Беларусь 857 мігрантаў — і ніхто зь іх не зьвярнуўся з прашэньнем у амбасаду.

Міграцыйны крызіс на межах зь Беларусьсю пачаўся на фоне пагаршэньня стасункаў паміж афіцыйным Менскам і Эўразьвязам. Для параўнаньня, калі за 2020 год празь мяжу зь Беларусьсю ў Літву незаконна трапілі 74 грамадзяніны краін Блізкага Ўсходу і Афрыкі, то сёлета ўжо больш за 4 тысячы. Агулам у краіны Балтыі і Польшчу спрабавалі прарвацца звыш 10 тысяч чалавек.

У жніўні Літва, Латвія і Польшча вырашылі будаваць агароджы на мяжы і не ўпускаць мігрантаў на сваю тэрыторыю, заварочваючы іх назад у Беларусь.

​
XS
SM
MD
LG