Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вунь Эўропа, ідзіце туды». Мігранты на беларуска-літоўскай мяжы


Мігранты, якія прыбылі ў Літву зь Беларусі
Мігранты, якія прыбылі ў Літву зь Беларусі

На літоўска-беларускай мяжы практычна кожны дзень памежнікі Літвы затрымліваюць вялікія групы ўцекачоў з мусульманскіх краін Азіі і Афрыкі, у асноўным з Іраку, якія спрабуюць трапіць у краіну зь Беларусі. Вільня абвінавачвае Менск у мэтанакіраванай арганізацыі транзыту для мігрантаў.

Сытуацыю зь мігрантамі на беларуска-літоўскай мяжы дасьледавала Кацярына Пракоф’ева з расейскай службы Радыё Свабода.

З пачатку 2021 году літоўскія памежнікі затрымалі 387 іншаземцаў, якія спрабавалі нелегальна трапіць у краіну зь Беларусі. Гэты паказьнік амаль у пяць разоў вышэйшы, чым за ўвесь мінулы год. Такія зьвесткі ўтрымліваюцца ў паведамленьні Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы з 14 чэрвеня. Грамадзяне Іраку, Сырыі, Емэну і Турэччыны працягваюць прыбываць у Менск, пасьля чаго крымінальныя групоўкі Беларусі, якія займаюцца гэтым «бізнэсам», адвозяць іх на мяжу зь Літвой і даюць патрэбныя інструкцыі. На літоўскай мяжы іншаземцы просяць прытулку.

Намесьнік кіраўніка Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Відас Мачайціс назваў сытуацыю вельмі складанай. Мноства ўцекачоў цяпер знаходзіцца ў цэнтры для замежнікаў і падраздзяленьнях службы проста на мяжы. А нарады давялося ўзмацніць удвая, на некаторых участках — і ўтрая (у тым ліку сіламі памежнікаў зь іншых падразьдзяленьняў, а таксама супрацоўнікаў МУС). Кантроль на літоўскай мяжы ўскладняецца тым, што на некаторых участках усё яшчэ няма камэраў.

У канцы траўня міністар унутраных спраў Літвы Агне Білатайце ўдакладняла, што сыстэма відэаназіраньня ахоплівае менш за 40 працэнтаў мяжы зь Беларусьсю, і каб выправіць гэтую сытуацыю, спатрэбіцца яшчэ два гады і 38 мільёнаў эўраў.

Паводле слоў Відаса Мачайціса, сытуацыю ўскладняе і той факт, што адносіны дзьвюх краін вельмі пагоршыліся: «Раней, калі ў нас былі добрыя адносіны зь Беларусьсю, дэпартацыя была магчымая. Пасьля праверкі інфармацыі мы праводзілі сумесныя расьсьледаваньні на мяжы. Але цяпер такога ўжо няма. Сытуацыя зь беларускімі калегамі на гэты момант вельмі складаная. Яны не ідуць на абмен інфармацыяй аб нелегальнай кантрабандзе і міграцыі».

Сёньня ў Беларусі каля тысячы іракцаў і сырыйцаў чакаюць магчымасьці нелегальна перайсьці мяжу зь Літвой. Пра гэта ў інтэрвію Financial Times заявіў міністар замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбэргіс. Ён распавёў пра тое, што да падвозу ўцекачоў да мяжы мае дачыненьне дзяржаўная турфірма «Цэнтркурорт»: яна дапамагае ўвозіць людзей у Беларусь.

Прадстаўнікі турфірм Oscartur і Joodland, якія, паводле інфармацыі беларускіх незалежных тэлеграм-каналаў, таксама займаюцца арганізацыяй турыстычных паездак з Іраку ў Беларусь, адмовіліся ад камэнтароў. На просьбу Радыё Свабода пракамэнтаваць сытуацыю адказ быў: «Больш сюды не тэлефануйце!».

Раней Аляксандар Лукашэнка прыгразіў аслабіць кантроль за наркатрафікам і міграцыяй на мяжы з ЭЗ. Так ён адрэагаваў пасьля рэзкай міжнароднай рэакцыі на інцыдэнт з прымусовай пасадкай пасажырскага самалёта Ryanair і затрыманьнем былога галоўнага рэдактара выданьня NЕХТА Рамана Пратасевіча. 26 траўня Лукашэнка паабяцаў напоўніць Эўропу мігрантамі. 22 чэрвеня, выступаючы ў Брэсцкай крэпасьці з нагоды 80-годзьдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны, Аляксандар Лукашэнка ўжо не хаваў, што ўцекачы — помста Захаду за санкцыі ў дачыненьні да Беларусі: «У Літву, Латвію і Польшчу рынуліся тысячы і тысячы нелегальных мігрантаў. Яны патрабуюць ад нас абараніць іх ад кантрабанды, ад наркотыкаў. Аж з-за Атлянтыкі чутны сыгнал: „Дапамажыце, як гэта было раней, затрымайце ядзерныя матэрыялы, каб яны не трапілі ў Эўропу“. Што, мы будзем марнаваць сотні мільёнаў даляраў у год, як і раней, на абарону вашых геапалітычных інтарэсаў?»

23 чэрвеня стала вядома аб прылёце ў Менск чарговага самалёта з Багдаду. Апазыцыйныя беларускія тэлеграм-каналы паведамляюць, са спасылкай на ананімных супрацоўнікаў турыстычных фірмаў, што грамадзяне Іраку не датрымліваюць рэжыму самаізаляцыі ў сувязі з пандэміяй каранавірусу. Зрэшты, заканадаўства Беларусі прадугледжвае магчымасьць не выконваць карантын па прыбыцьці ў краіну, калі іншаземец прыяжджае ў камандзіроўку паводле адпаведнай візы.

Алена Чаховіч, юрыстка грамадзкай прыёмнай для іншаземцаў і людзей без грамадзянства Human Constanta, лічыць, што дзеяньні беларускіх уладаў процізаконныя:

— Вядома, гэта ідзе насуперак зь беларускім заканадаўствам і міжнароднымі нормамі. Іншаземец, які шукае прытулку, павінен прасіць абароны ў першай бясьпечнай краіне.

— А Беларусь можа лічыцца бясьпечнай краінай?

— Можа і лічыцца, таму тое, што цяпер робяць беларускія памежнікі, выдвараючы ўцекачоў за межы краіны, супрацьзаконна. Да таго ж у нас ёсьць абавязаньні ў ахове дзяржаўнай мяжы, так што гэта падвойнае парушэньне. Калі мэта тых, хто прыбыў праз «Цэнтркурорт» — прасіць прытулку ў Літве, то неабходна разабрацца з арганізатарамі каналаў нелегальнай міграцыі.

— Грамадзяне Іраку маюць права прасіць абароны ў Літве?

— Тая акалічнасьць, што грамадзяне Іраку не зьвярнуліся па абарону ў Рэспубліцы Беларусь, не пазбаўляе іх магчымасьці папрасіць яе ў Літве. Беларусь не зьяўляецца краінай, якая падпісала Дублінскі рэглямэнт, так што дзеяньне гэтага пагадненьня не распаўсюджваецца на яе. У прыватнасьці, Літва ня можа накіраваць уцекачоў у Беларусь, кіруючыся тым, што першапачаткова шукальнікі прытулку прыбылі ў Менск, а ня ў Вільню.

Што да Беларусі, то ў краіне не сфармаваўся дзейсны мэханізм аказаньня міжнароднай абароны. У сваім штогадовым дакладзе аб сытуацыі ў галіне правоў чалавека ў сьвеце Amnesty International у 2017 годзе заявіла, што Беларусь мае патрэбу ў функцыянальнай сыстэме надаваньня прытулку і што краіна неаднаразова перадавала асобаў з патрэбай у міжнароднай абароне, уладам краін, у якіх такім асобам пагражала рэальная небясьпека выкарыстаньня катаваньняў ці іншых відаў жорсткага абыходжаньня. Абставіны, пры якіх просьбіты перасеклі мяжу Рэспублікі Беларусь і Літвы не ўплываюць на магчымасьць падачы імі заявы аб атрыманьні статусу ўцекача, — кажа юрыстка Алена Чаховіч.

Літва абсталёўвае намётавыя мястэчкі для ўтрыманьня ўцекачоў блізка беларускай мяжы. 24 чэрвеня ў Цэнтры рэгістрацыі іншаземцаў у літоўскім горадзе Пабрадзе адбыўся бунт. Канфлікт узьнік паміж літоўскімі памежнікамі і выхадцамі з Іраку, якія цяпер у цэнтры рэгістрацыі складаюць пераважную большасьць. Прычынай незадаволенасьці стала рашэньне адміністрацыі разьмясьціць некалькіх зь нядаўна прыбылых у лягер іракцаў у закрыты корпус, дзе людзі ўтрымліваюцца ізалявана ў памяшканьнях камэрнага тыпу.

Пра тое, што адбываецца ў Літве зь перакінутымі туды замежнымі грамадзянамі, у інтэрвію РС распавядае журналістка delfi.lt Ангеліна Гудкова:

— Асноўная вэрсія літоўскіх уладаў, у прыватнасьці, кіраўніка МУС Агне Білатайце, якая часьцей за ўсё выказваецца з нагоды сытуацыі, складаецца ў тым, што паток уцекачоў арганізаваны Беларусьсю. Праблемай зьяўляецца пошук для іх перакладчыкаў: курдзкая мова, складаныя дыялекты, таму дамовіцца зь імі даволі складана. З таго, што нам вядома, іх правозяць на машынах лясамі на мяжу і проста паказваюць: «Вунь там Эўропа, ідзіце туды». Кажуць, што на тым баку іх сустрэнуць калегі, якія ўсё задаволяць, але ў выніку гэтых людзей, якія непасрэдна плацяць праваднікам, ніхто не сустракае, і яны трапляюць да літоўскіх памежнікаў. Зь іх аповедаў, якія ўдалося здабыць, самая хадавая сума — 1400 эўраў з чалавека. Калі гэта сям’я, выходзіць крыху таньней.

— Зь якой прычыны яны зладзілі бунт у намётавым мястэчку?

— Удзельнічала ў ім каля 70 чалавек, у асноўным грамадзяне Іраку. Яны былі вельмі незадаволеныя тым, што абмяжоўваюць іх свабоду, не даюць выйсьці за межы лягеру, паколькі па ўсім пэрымэтры ён ахоўваецца службай аховы дзяржаўнай мяжы, стрэлкамі. У прынцыпе, магчымасьць выйсьці адтуль ёсьць, паколькі ім выдаюць спэцыяльныя карткі ўцекачоў, якія дазваляюць ім на дзьве гадзіны выходзіць у горад. Аднак гэтыя карткі атрымліваюць толькі людзі, якія ўжо даволі даўно знаходзяцца ў лягеры, а сваім новым таварышам такой магчымасьці не даюць, паколькі былі выпадкі ўцёкаў. Зноў жа, гэта ня моцна афішуецца, дзеля бясьпекі іх зьмяшчаюць у зачыненыя карпусы. Першапачаткова, калі яны праходзяць карантын, яны знаходзяцца там. Потым іх могуць вывесьці ў намётавае мястэчка. Калі здараецца спроба ўцёкаў, прызначаецца судовы працэс, і яны дзесьці тры месяцы павінны яшчэ правесьці ў гэтым зачыненым інтэрнаце.

— Некаторыя ўцекачы агрэсіўныя?

— Так. Мяркуючы па тым, што кажа кіраўнік Цэнтру рэгістрацыі іншаземцаў, стварылася пагроза для ахоўнікаў, таму два разы стралялі папераджальна ў паветра гумовымі кулямі і ўжылі сьлезацечны газ для іх разгону. Мясцовыя жыхары, якія жывуць у Пабрадзе, вельмі перажываюць. Паводле іх слоў, плот недастаткова высокі, і ў любы момант уцекачы могуць пералезьці празь яго.

— Грамадзяне якіх краін, акрамя Іраку, знаходзяцца ў гэтым цэнтры?

— З 507 на гэты момант 327 чалавек — грамадзяне Іраку. Потым Ірану, Аўганістану, Сырыі, Емэну, нават пару чалавек з Самалі. Ёсьць з Расеі і Беларусі, але няшмат.

— Якія ў іх у прынцыпе прэтэнзіі да літоўскіх уладаў, калі ня браць у разлік умовы ўтрыманьня ў цэнтры? Быў выпадак, калі сямʼя ўцекачоў з Іраку падала ў суд на дэпартамэнт міграцыі Літвы за тое, што ім далі дадатковую прававую абарону, а ня статус уцекача, як яны разьлічвалі першапачаткова. Наколькі частыя такія выпадкі?

— Насамрэч яны ўсе едуць, мяркуючы, што ім адразу дадуць статус уцекача, і яны спакойна паедуць далей па Эўропе. Ніхто зь іх ня ведае, што працэдура атрыманьня такога статусу ў Літве займае ад паўгоду да году. Увесь гэты час высьвятляюцца прычыны, паводле якіх можа ці ня можа быць нададзены прытулак. Зразумела, уцекачам не падабаецца жыць у намётавых мястэчках.

— А зь якіх меркаваньняў яны не выдаюць сваіх беларускіх праваднікоў, якія, атрымліваецца, падманваюць іх, абяцаючы, што там іх сустрэнуць, бяруць зь іх грошы і завозяць у лясы?

— Ёсьць мноства тэорый, чаму яны прылятаюць у Менск з дакумэнтамі, а, трапляючы на мяжу, дакумэнтаў пазбаўляюцца. Яны нічога не распавядаюць. Нават сацыяльныя работнікі гэтага лягеру ня могуць высьветліць гэта, паколькі ўцекачы трымаюцца вельмі адасоблена. Гэта яшчэ і культурныя адрозьненьні. Да прыкладу, жанчына зь сямʼі, якая апынулася ў лягеры, ня мае права мець зносіны зь іншымі людзьмі, таму што галоўным у сямʼі зьяўляецца мужчына. А ён, магчыма, чагосьці баіцца, або яму ёсьць што хаваць.

— А ці літоўскія ўлады могуць паўплываць на сытуацыю?

— У новым праекце бюджэту было прадугледжана дадатковых 15 мільёнаў эўраў у тым ліку на ўзьвядзеньне плота на мяжы, каб кантраляваць патокі мігрантаў. Цяпер сытуацыяй займаецца МУС, служба аховы дзяржаўнай мяжы, служба дзяржаўнай бясьпекі і Зьвяз стралкоў. Плюс, у пачатку ліпеня прыбудуць як мінімум 10 памежнікаў з агенцтва Frontex ЕС у якасьці падмацаваньня. Ёсьць асьцярогі, што ў Літву могуць прыбываць у будучыні да тысячы чалавек у дзень. Натуральна, столькі ў лягеры разьмясьціць немагчыма, таму верагодна давядзецца пабудаваць яшчэ карпусы, закупіць мабільныя дамкі. У цэлым цяпер месцаў яшчэ досыць, у намёце — па 10 месцаў, і ёсьць свабодныя, паколькі большасьць уцекачоў усё яшчэ знаходзіцца ў закрытых памяшканьнях. Там, у прыватнасьці, семʼі, а адзінокіх селяць у намётавае мястэчка.

Кіраўнік МЗС Літвы меў зносіны з прадстаўніком Іраку, каб арганізаваць працэдуру вяртаньня ўцекачоў у краіну іх паходжаньня. Гэта значыць, спрабуюць на ўзроўні перамоваў уладзіць гэтыя пытаньні. У крайнім выпадку, калі сытуацыя зусім выйдзе з-пад кантролю, спадзяюцца на дапамогу ЭЗ.

— У Літвы ёсьць адказ, чаму беларускім уладам на руку гэты трафік?

— Па-першае, грошы. 1400 эўраў з чалавека, і 50 чалавек у дзень. Беларускі рэжым ня можа нідзе звонку дастаць грошай, акрамя як з Расеі. З улікам апошніх сэктаральнай санкцый, незразумела, як гэта паўплывае на эканоміку, так што гэта можа быць свайго роду падстрахоўка. Па-другое, гэта імкненьне Лукашэнкі паказаць, што свае пагрозы ён ператварае ў жыцьцё і больш абараняць Захад ня будзе, а будзе займацца кантрабандай. У цэлым Літвой гэта разглядаецца як пачатак гібрыднай вайны, — распавядае журналіст Ангеліна Гудкова.

Павел Латушка, лідэр Народнага антыкрызіснага кіраваньня, былы міністар культуры Беларусі і зь мінулага году сябар Каардынацыйнай Рады, распавядае пра тое, як уцекачы трапляюць зь Беларусі ў Літву:

— Праз Ірак рэйсамі ў Менск прыбываюць групы пад выглядам турыстаў, якія атрымліваюць турыстычныя візы ў аэрапорце паводле запрашэньня турыстычнай кампаніі «Цэнтркурорт» пры кіраваньні справамі прэзыдэнта. На падставе гэтых турыстычных пуцёвак, атрымаўшы візы, яны разьмяшчаюцца ў гатэлях, на турыстычных базах побач зь літоўскай мяжой. Таксама маюцца выпадкі перавозу на тэрыторыю Польшчы.

— Ці ёсьць доказы, што ўцекачы не ўяжджаюць у Беларусь самастойна, а што гэта адбываецца арганізавана?

— Ужо маецца вялікая колькасьць доказаў іх арганізаванага прыбыцьця і афармленьня ў аэрапорце «Менск». Фактычна мае месца склад злачынства паводле КК РБ «нелегальнае перасоўваньне грамадзян празь дзяржаўную мяжу». Таксама гэта зьяўляецца парушэньнем адпаведных міжнародных канвэнцый. Фактычна ажыцьцяўляецца міжнародная арганізаваная злачынная дзейнасьць. Трэба прыняць да ўвагі, што грамадзянін Лукашэнка публічна даў адпаведнае даручэньне старшыні Памежнага камітэту Беларусі і сакратару Савету Бясьпекі Рэспублікі Беларусь адкрыць дзяржаўную мяжу. Ён заявіў аб тым, што больш ня лічыць неабходным ахоўваць краіны ЭЗ ад патокаў нелегальных мігрантаў, якія нібыта масава жадаюць уехаць на тэрыторыю Эўразьвязу. Трэба разумець памылковасьць гэтага пасылу. Няма масавых груп іншаземцаў на тэрыторыі Беларусі, якія б прыяжджалі самі. Яны арганізаваны пры спрыяньні дзяржаўных органаў улады пад легендай цікавасьці да прыгажосьцяў Беларусі. Асабіста для мяне як для былога міністра культуры Беларусі нечаканым зьяўляецца факт, што грамадзяне Іраку раптам актыўна зацікавіліся гістарычнымі помнікамі Беларусі.

— Беларускія ўлады ў сапраўднасьці трацілі такія грошы на ахову межаў з ЭЗ, як кажа Лукашэнка?

— Ён публічна кажа пра тое, што ня будзе больш марнаваць сотні мільёнаў даляраў на ахову дзяржаўнай мяжы. Але ён не марнаваў такіх грошай. Дзяржаўная мяжа абсталёўвалася шмат у чым дзякуючы дапамозе Эўразьвязу, а таксама Расейскай Фэдэрацыі. Я кажу гэта як былы амбасадар Беларусі ў Польшчы, які браў удзел у арганізацыі большасьці памежных пунктаў пропуску на польскім участку дзяржаўнай мяжы. Я ведаю, зь якіх крыніц яны фінансаваліся, за якія грошы куплялася абсталяваньне, тэхніка, і гэтак далей. Выкарыстоўваліся рэсурсы пры падтрымцы Frontex, арганізацыі ЭЗ, адказнай за ахову межаў.

— Уцекачамі ў такім выпадку справа не абмяжуецца?

— Наступнае, пра што казаў Лукашэнка, — гэта трафік наркотыкаў. І можна спрагназаваць, што адбудзецца спроба перамяшчэньня празь мяжу наркатычных сродкаў, калі прытрымлівацца яго лёгікі. 22 чэрвеня ён заявіў аб тым, што нібыта ёсьць пагроза вывазу зь Беларусі на тэрыторыю ЭЗ ядзерных матэрыялаў. У Беларусі ёсьць адзін экспэрымэнтальны ядзерны рэактар, які знаходзіцца ў пасёлку Сосны каля Менску. МАГАТЭ ажыцьцяўляе кантроль за гэтым рэактарам, але можа быць, МАГАТЭ варта было б больш уважліва паглядзець на прадмет наяўнасьці там узбагачанага ўрану. Гэта цалкам можа стаць чарговым крокам Лукашэнкі ў дачыненьні да Эўропы. Гэта не пустыя словы, — кажа Павел Латушка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG