Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ахова газам страляла». Мігрант зь літоўскага лягеру пра канфлікт паміж уцекачамі і адміністрацыяй і ўмовы пражываньня


Намётавы лягер у Падбродзьдзі
Намётавы лягер у Падбродзьдзі

У літоўскім Цэнтры рэгістрацыі іншаземцаў у Падбродзьдзі (Pabradė) знаходзіцца намётавы лягер для мігрантаў. Усяго на цяперашні момант у цэнтры пражывае 218 іншаземец, зь іх 18 — тыя, хто парушылі рэжым праходжаньня мяжы, і 200 просьбітаў прыстанішча. Паводле зьвестак Радыё Свабода, цяпер на тэрыторыі лягеру могуць жыць і трое беларусаў.

23 чэрвеня ў цэнтры мігранты пачалі канфлікт.

«З намётаў дасталі чалавек 10 і пасадзілі ў закрыты корпус, дзе іх ужо большасьць. І пасьля гэтага пачалася заваруха, ахова газам страляла. Усе былі закрытыя па сваіх намётах, выходзіць было нельга. Шмат паліцыі, аховы, „хуткая“, былі пацярпелыя», — расказаў адзін з насельнікаў лягеру.

Як інфармуе літоўская дзяржаўная служба памежнай бясьпекі, некаторыя мігранты былі абураныя рашэньнем суду аб іхным юрыдычным статусе ў Літве, пачалі паводзіць сябе агрэсіўна і нават паспрабавалі ўцячы. Каб суняць канфлікт, памежнікі ўжылі сьлезацечны газ і два разы стрэлілі ў паветра гумавымі кулямі.

Партал Delfi перадае, што дырэктар цэнтру заявіў, што «большасьць удзельнікаў бунту — грамадзяне Іраку». Цяпер там выяўляюць, ізалююць і апытваюць магчымых завадатараў бунту. Прыкметы незадаволенасьці праявілі і мігранты, якія жывуць у інтэрнаце, але там сур’ёзных інцыдэнтаў не было.

«Кормяць нармальна, але ад сьпёкі нічога ў горла ня лезе»

Адзін з жыхароў лягеру, які жыве там больш за паўгода, пагадзіўся расказаць пра ўмовы, у якіх там знаходзяцца людзі.

Некалькі тыдняў таму да цэнтру дабудавалі адмысловы намётавы лягер, каб разьмясьціць яшчэ больш мігрантаў. У такіх намётах пражываюць адзіночкі, а людзі зь сем’ямі жывуць асобна. У намёце стаяць выключна раскладушкі і генэратар, каб цыркулявала паветра.

«У нас ёсьць спэцыяльны вагончык з прыбіральняй і душам, але да яго трэба ісьці па пяску, таму ўсё роўна будзеш брудны потым. Вядома, мне цяжка жыць у намёце ў такую сьпёку, таму што там даводзіцца ўвесь час бавіць. Ёсьць яшчэ адна вялікая палатка, дзе раздаюць ежу, але там наагул вельмі горача. Кормяць нас нармальна, але таксама ад сьпёкі ў горла нічога ня лезе».

На цяперашні момант вядома, што ў цэнтры пражываюць тры беларусы: адзін у намётавым лягеры і двое ў закрытым корпусе. У другім людзі ізаляваныя, прагулка толькі раз на дзень па паверсе будынку, і ім забаронена карыстацца мабільным тэлефонам.

«У закрыты корпус накіроўваюць па рашэньні суду. Гэта значыць, суд дае тры месяцы адміністрацыйнага арышту, потым можа яшчэ падоўжыць на тры. Па законе максымум шэсьць месяцаў можна сядзець там. Такія рашэньні выносіць судзьдзя Сьвянцянскага раёну, дзе знаходзіцца Падбродзьдзе. Калі вы паспрабуеце ўцячы і вас зловяць, будзеце сядзець у закрытым корпусе, а добрага ў гэтым абсалютна нічога няма».

На адзеньні жыхароў лягера робяць адмысловыя пазнакі зялёнага, жоўтага і чырвонага колераў.

«Розьніцу паміж зялёнымі і жоўтымі я да гэтага часу не дазнаўся. Але ведаю, што з чырвонай нельга выходзіць за тэрыторыю, таму што вас могуць зьмясьціць у закрыты корпус. Раней вось ловяць сямʼю, мужчыну садзяць у закрыты корпус, а жанчына зь дзецьмі застаецца ў адкрытым. Сёлета зрабілі альтэрнатыўнае затрыманьне: цяпер людзям даюць чырвоную палоску, згодна з якой можна перасоўвацца толькі па тэрыторыі цэнтру, выхад куды-небудзь наогул забаронены. Аднак цяпер у закрытым корпусе сядзіць курдзкая сямʼя з адным дзіцем, ім далі 3 месяцы. А ў чым вінаватае 4-гадовае дзіця? І яго ўзялі цяпер зачынілі на тры месяцы, потым яшчэ могуць дабавіць, яно сядзіць там цяпер з бацькамі, краты на вокнах, я яго бачу, галава тырчыць у акне».

«Абсалютна няма чаго рабіць»

Жыхар лягеру кажа, што гэтыя пазнакі не выглядаюць нечым страшным. Але вось заняць сябе за цэлы дзень амаль няма чым.

«Бывае, размаўляю зь іншымі пасяленцамі, вечарам выходжу ў горад на 2 гадзіны. Абсалютна няма чаго рабіць. Бібліятэка ёсьць толькі ў закрытым корпусе; трэба папрасіць работніка, і раз на тыдзень могуць туды адвесьці. Нейкіх настольных гульняў няма нідзе. Ёсьць пляцоўка валейбольная і будоўля, вакол усё ў пыле. Кухаркі таварыскія, большасьць ахоўнікаў таксама нармальныя, усё разумеюць. Але проста такая сыстэма, што калі тут хтосьці трошкі пажыў і потым зьехаў, то ўсяго гэтага бруду ён не заўважыць. Але калі даўжэй пажыць, то тут балота», — кажа мужчына.

Штомесяц мігрантам, якія пражываюць у цэнтры, выплочваюць грашовую дапамогу — 12 эўра. У горад можна выходзіць на дзьве гадзіны. Калі ж чалавек спазьняецца, то яму даюць штраф — забіраюць палову дапамогі.

«Калі гэта першы раз, то даюць папярэджаньне, а на другі і наступныя разы — мінус палова дапамогі. Больш за палову забраць ня могуць. Калі ёсьць яшчэ парушэньні, то проста забіраюць за будучыя месяцы», — тлумачыць жыхар лягеру.

«Я не хачу каб гэты лягер для мяне быў канцавым прыпынкам»

Доктар у лягер прыяжджае два разы на тыдзень, на пару гадзін.

«Ёсьць мэдсёстры, але на месцы нейкай спэцыяльнай дапамогі не аказваюць. Трэба дамаўляцца, каб вас кудысьці везьлі, але калі гэта будзе, невядома. Ну і калі нешта моцна турбуе, то лепш выклікаць „хуткую“, якая адвязе ў лякарню».

Жыхар лягеру кажа, што хоць і мае пастаянны доступ да тэлефона і можа размаўляць з роднымі, стараецца ім нічога не расказваць, каб яны не перажывалі.

«Гэтыя лягеры трэба зрабіць, як у іншых краінах Эўразьвязу. Трэба дазволіць людзям свабодна выходзіць з гэтага цэнтру, калі ім захочацца, таму што ўнутры абсалютна няма чым заняцца. У законе аб становішчы іншаземцаў у Літоўскай Рэспубліцы шмат прапісана аб інтэграцыі нас у літоўскае грамадзтва, але як гэта зрабіць, жывучы ў намёце? Вы сядзіце тут у намёце ў сьпёку. Якая можа быць інтэграцыя? Сюды нікога не пускаюць, пабочным асобам уваход забаронены. Тут прыходзіцца неяк выжываць. Мне вельмі хочацца назад дадому, да родных, да дачкі. Я не хачу, каб гэты лягер для мяне быў канцавым прыпынкам».

«Гэта не асабліва камфартабэльныя ўмовы, але ўсе чалавечыя патрэбы задавальняюцца»

Вось як камэнтуе сытуацыю прадстаўнік літоўскай службы аховы дзяржаўнай мяжы Гедрус Мішуціс.

«У цэнтры ўсяго хапае. Вядома, гэта ня нейкія асабліва камфартабэльныя ўмовы, але ўсе чалавечыя патрэбы задавальняюцца. Там ёсьць мэдыцынскі пункт зь дзяжурнымі лекарамі; калі патрабуецца спэцыялізаваная дапамога, то ёсьць і ў горадзе мэдыцынская ўстанова, адкуль выклікаецца доктар. Вялікіх праблем у гэтым няма», — кажа Гедрус Мішуціс.

Прадстаўнік кажа, што стаўленьне да жыхароў цэнтру адпавядае правілам і законам.

«Там няма жорсткіх умоў, гэта не турма. Але свае абмежаваньні існуюць для некаторых груп, у якой ёсьць затрыманыя: яны ня маюць права на свабоднае перамяшчэньне, ёсьць рэжым і свае патрабаваньні. Ніякіх нечалавечых умоў там дакладна няма. Людзі, вядома, маюць сваё разуменьне, свае ілюзіі, свае пляны пры незаконным перасячэньні мяжы. У некаторых выпадках — дасягнуць заходніх краін, як Нямеччына і Аўстрыя. Калі яны трапляюць у такую сытуацыю (іх затрымліваюць), напэўна, у іх зьяўляюцца нейкія эмоцыі ня самыя радасныя. Але ўсё адбываецца ў адпаведнасьці з заканадаўствам і правіламі, якія дзейнічаюць у Літве і канкрэтна ў гэтым цэнтры».

Усе абмежаваньні па выхадзе з цэнтру зьвязаныя зь дзеяньнем карантыну, сьцьвярджае прадстаўнік службы аховы.

«Калі карантын будзе спынены, перагледзяць і гэты час, на які чалавек можа выйсьці. Напрыклад, цяпер ніхто, адпаведна з карантыннымі патрабаваньнямі, ня можа сустракацца з жыхарамі цэнтру, акрамя адваката і арганізацый, якія аказваюць розныя паслугі».

Мішуціс абвяргае інфармацыю аб тым, што жыхарам цэнтру няма чым заняць свой вольны час.

«Ёсьць сацыяльныя работнікі, праводзяцца і кантакты для непаўналетніх, ёсьць пакоі для рэлігійных патрэбаў, пляцоўкі і розныя пакоі для вольнага часу, псыхалягічная і мэдыцынская дапамога. Людзей там ня кідаюць безь ніякай дзейнасьці. Таксама ёсьць недзяржаўныя арганізацыі, якія імкнуцца задзейнічаць гэтых жыхароў. Па магчымасьці праводзім мерапрыемствы, каб было такое жыцьцё», — кажа Мішуціс.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG