Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве мігранты ўчынілі бунт, памежнікі ўжылі сьлезацечны газ


Намётавы лягер у Падбродзьдзі

У сераду вечарам у Цэнтры рэгістрацыі іншаземцаў у Падбродзьдзі (Pabradė) мігранты не падпарадкаваліся патрабаваньням памежнікаў і спрабавалі прарвацца да выхаду. Памежнікі ўжылі сьлезацечны газ і двойчы стрэлілі ў паветра, паведаміў Delfi.

Група мігрантаў у намётавым лягеры выказала незадаволенасьць іхным юрыдычным статусам і прызначанымі судом абмежаваньнямі, гаворыцца ў паведамленьні. Некалькі дзясяткаў чалавек паводзіліся агрэсіўна, шумелі, спрабавалі прарвацца да выхаду зь лягера, не падпарадкоўваліся памежнікам, якія заклікалі іх да парадку.

Каб суняць бунтаўнікоў, памежнікі ўжылі сьлезацечны газ і двойчы стрэлілі ў паветра гумовымі кулямі. Неўзабаве мігранты супакоіліся і вярнуліся ў намёты.

Інцыдэнт здарыўся пасьля затрыманьня на двое сутак дваіх іракцаў, якія няправільна пазначылі свае зьвесткі падчас афармленьня дакумэнтаў на статус уцекача. Гэта і выклікала абурэньне ў іх суайчыньнікаў, яны патрабавалі вызваліць затрыманых.

Дырэктар цэнтру заявіў, што «большасьць удзельнікаў бунту — грамадзяне Іраку». Цяпер там выяўляюць, ізалююць і апытваюць магчымых завадатараў бунту.

Прыкметы незадаволенасьці праявілі і мігранты, якія жывуць у інтэрнаце, але там сурʼёзных інцыдэнтаў не было, паведаміў Delfi.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG