Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 8 кастрычніка: ператрус у супрацоўніка заводу «Палімір», прысуд за абразу 9 амапавак

абноўлена

Супрацоўнік АМАП у амуніцыі. Ілюстрацыйнае фота
Супрацоўнік АМАП у амуніцыі. Ілюстрацыйнае фота

Свабода працягвае сачыць за падзеямі ў Беларусі: не спыняюцца ператрусы, працягваюцца суды паводле адміністрацыйных і крымінальных артыкулаў за пратэставыя дзеяньні.

Былога сьледчага Ягора Вяршыніна асудзілі на 2 гады калёніі за ўдзел у маршах пратэсту

Ягора Вяршыніна абвінавацілі паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу — актыўны ўдзел у масавых беспарадках.

Ягор Вяршынін віны не прызнаў. На судзе ў кайданках дапыталі ягонага сябра, Яўгена Юшкевіча, якога абвінавачваюць у тэрарызьме.

Судзьдзя Дзьмітры Карсюк разгледзеў справу за дзень, паведаміла «Вясна».

Ягор Вяршынін больш за 6 гадоў адпрацаваў у Сьледчым камітэце. Пасьля 56-й гімназіі Гомля ён паступіў на юрыдычны факультэт БДУ. У 2013-м скончыў яго па спэцыяльнасьці «судова-пракурорска-сьледчая дзейнасьць». Пасьля працаваў у раённых аддзелах СК сталіцы і ў Цэнтральным апараце СК. Расьсьледаваў эканамічныя злачынствы. У 2019 годзе звольніўся. Займаўся спартыўнай аналітыкай, вучыў мовы, плянаваў ісьці ў IT.

11 чэрвеня 2021 году Ягора Вяршыніна затрымалі. Тры дні быў на Акрэсьціна, потым перавялі ў СІЗА на Валадарскага.

«Я ня думаю, што яго зьняволеньне зьвязанае з былой прафэсійнай дзейнасьцю. Усё-ткі ён звольніўся ў 2019 годзе, калі, скажам так, „нічога не прадказвала бяду“. Затрымалі яго ўлетку 2021 году. Нібыта за падзеі 2020 году. Ніхто нічога не тлумачыў, адвакат пад падпіскай. Звычайны народны артыкул — 342. Спадзяёмся, што на судзе даведаемся, за што судзяць», — казаў брат абвінавачанага.

«Выкрыкваў лёзунгі, блякаваў рух транспарту». Яшчэ аднаго менчука адправілі ў калёнію

Суд Савецкага раёну Менску 8 кастрычніка вынес прысуд па справе Яўгена Кузьмянкова. Яго абвінавацілі паводле ч.1 артыкула 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») — а менавіта ва ўдзеле ў акцыях пратэсту 9 жніўня і 6 верасьня 2020 году. Падчас акцыі 9 жніўня каля стэлы хлопец атрымаў раненьні ад сьвятлашумавых гранат, паведамляе «Вясна».

Сваю віну Яўген прызнаў і раскаяўся.

Судзьдзя Сяргей Шаціла прысудзіў Кузьмянкову пазбаўленьне волі на тэрмін 1 год і 6 месяцаў у калёніі агульнага рэжыму.

15 сутак пэнсіянэру за рэпост публікацый у сацсетках

У Жлобіне судзьдзя Ігар Змушка асудзіў на 15 сутак адміністрацыйнага арышту пэнсіянэра Пятра Карабанава за рэпост у сацыяльных сетках т.зв. «экстрэмісцкіх» публікацый, паведамляе «Гомельская вясна».

Ператрус у інжынэра

Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведаміў, што ў Наваполацку 7 кастрычніка адбыўся ператрус у інжынэра 1-й катэгорыі Ігара Бутоўскага. Бутоўскі працуе на заводзе «Палімір».

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, учора ў 15:00 да дома Ігара пад’ехалі 2 аўтамабілі. У адным зь іх былі супрацоўнікі міліцыі, а з другога выйшлі невядомыя людзі ў цывільным.

Потым міліцыянты шукалі сярод суседзяў ахвотнікаў быць панятымі. Сам Ігар цяпер пад падпіскай аб невыдаваньні.

Тры гады «хатняй хіміі» за абразу дзевяці супрацоўніц АМАПу і кампэнсацыя іх «маральных пакутаў»

Тры гады «хатняй хіміі» і 6000 рублёў пацярпелым — такі прысуд вынесьлі Сьвятлане Бараноўскай за абразу дзевяці супрацоўніц АМАП, паведамляе «Вясна».

Паводле абвінавачаньня, 1 сакавіка 2021 году Бараноўская пакінула камэнтар пад фатаздымкам дзевяці супрацоўніц АМАП, разьмешчаным у адным з тэлеграм-каналаў: «Вот мрази».

Пацярпелымі прызналі 9 супрацоўніц менскага АМАПу. Адна зь іх, Кацярына Якушава, ацаніла свае маральныя пакуты ў 10 000 рублёў, бо «людзі ў гэтай форме ратуюць жыцьці, падстаўляюць свае целы пад кулі, абараняючы грамадзянаў Беларусі, гінуць. І цяпер чуць гэта вельмі абразьліва мне як жанчыне і як супрацоўніцы міліцыі».

Сьвятлана Бараноўская прызнала віну і папрасіла прабачэньня. Якушава адзначыла, што не прымае прабачэньняў Бараноўскай, што на нэрвовай глебе ў яе павысіўся цукар у крыві і цяпер яна хварэе на цукровы дыябэт, таму будзе з кожнага абразьніка патрабаваць кампэнсацыі за страчанае здароўе.

Судзьдзя Юлія Крэпская пастанавіла прызнаць Сьвятлану Бараноўскую вінаватай у публічнай абразе прадстаўнікоў улады ў сувязі з выкананьнем імі службовых абавязкаў і на падставе арт. 369 прызначыць ёй пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову тэрмінам на тры гады, а тэлефон Бараноўскай канфіскаваць як сродак зьдзяйсьненьня злачынства.

Ператрус у пінскага праваабаронцы

«Вясна Брэст» паведамляе, што ў Пінску адбыўся ператрус у мясцовага праваабаронцы Алеся Рамановіча. Вядома, што ў яго забралі ноўтбук і тэлефон. Паведамляецца, што сам Алесь на волі.

Тры месяцы арышту за надпіс «Жыве Беларусь»

7 кастрычніка суд Клецкага раёну за надпіс «Жыве Беларусь» на прыпынку ў вёсцы Лецяшын на тры месяцы арышту асудзіў 45-гадовага Сяргея Цімахая, паведаміла «Вясна».

Надпіс ён зрабіў 8 чэрвеня.

Нанесеную шкоду ацанілі ў 147 рублёў 79 капеек.

Абвінавачаны віну прызнаў, сказаў, што быў пʼяны.

Судзіў яго Віктар Цімошка, абвінаваўцам быў пракурор Клецкага раёну Вадзім Жукоўскі.

Справа аб садзейнічаньні экстрэмізму можа скончыцца 6 гадамі за кратамі

Жыхар Наваградку стаў фігурантам справы па новым артыкуле Крымінальнага кодэксу — аб садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці. Прычынай стаў камэнтар у інтэрнэце, за які мужчыну пагражае да 6 гадоў калёніі.

Па дадзеных Сьледчага камітэту, 38-гадовы мужчына 3 кастрычніка напісаў у тэлеграм-канале камэнтар пад відэаролікам, дзе дэманструецца прымяненьне зброі. У фармулёўцы СК зазначалася, што ён выказаўся «ў падтрымку экстрэмісцкай дзейнасьці».

Па дадзеных ведамства, раней мужчыну двойчы судзілі па адміністрацыйным артыкуле аб несанкцыянаваных мерапрыемствах. Увечары 6 кастрычніка яго затрымалі, потым завялі на яго крымінальную справу па ч. 1 арт. 361-4 КК «вярбоўка, іншае ўцягваньне асобы ў экстрэмісцкую дзейнасьць, навучаньне і іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG