Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 7 кастрычніка: 5 гадоў калёніі за паведамленьні ў тэлеграме

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота

Свабода працягвае сачыць за судовымі працэсамі ў Беларусі, дзе грамадзян судзяць за пратэсты супраць уладаў.

Арышт за вокладку пашпарта з «Пагоняй»

23-гадовы Ўладзіслаў Фёдараў 14 кастрычніка прыйшоў у «Менск-Арэну» на хакейны матч «Дынама» (Менск) — «Спартак» (Масква).

Падчас агляду рэчаў у хлопца знайшлі пашпарт з вокладкай, на якой быў герб «Пагоня». Заўзятара затрымалі супрацоўнікі міліцыі і адвезьлі ў Цэнтральны РУУС.

Згодна з пратаколам, ужо на тэрыторыі РУУС малады чалавек «аказаў непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі», за што на яго склалі пратакол паводле арт. 24.3 КаАП.

15 кастрычніка справу Ўладзіслава Фёдарава разгледзела судзьдзя Цэнтральнага раёну Вікторыя Шабуня. Падсудны сьцьвярджаў, што непадпарадкаваньня не аказваў.

Міліцыянт на судзе расказаў, што хлопца затрымалі ў зьвязку з падазрэньнем ва ўдзеле ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Вынік — 15 сутак арышту.

Гэта ўжо ня першае затрыманьне пасьля агляду рэчаў перад пачаткам хакейнага матчу. У верасьні на суткі адправілі 20-гадовага студэнта БНТУ Максіма Лычкоўскага, якога спынілі пры такіх жа абставінах.

2 гады «хатняй хіміі» за камэнтар

У судзе Баранавіцкага раёну і гораду Баранавічы 6 кастрычніка разгледзелі крымінальную справу ў дачыненьні да Валянціны Пісарук, якую вінавацілі ў «абразе прадстаўніка ўлады» паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу, піша «Вясна».

Згодна з абвінавачаньнем, яна са свайго тэлефона пакінула ў сацыяльнай сетцы «Аднаклясьнікі» пад фота намесьніка начальніка Кобрынскага РАУС па ідэалягічнай і кадравай працы Віктара Турчыновіча «абразьлівы камэнтар».

Жанчына ў судзе сваю віну прызнала і патлумачыла, што пад фатаграфіяй пацярпелага хтосьці з карыстальнікаў сацсеткі напісаў, што міліцыянт зьбіваў людзей падчас пратэстаў, таму яна на эмоцыях напісала зьняважлівае слова.

Пацярпелы ў суд не зьявіўся, затое заявіў грамадзянскі пазоў на кампэнсацыю маральнай шкоды ў памеры 1000 рублёў.

Судзьдзя Сяргей Данільчык за 30 хвілін разгляду пастанавіў — пакараць жанчыну 2 гадамі «хатняй хіміі», а таксама спагнаць на карысьць пацярпелага кампэнсацыю маральнай шкоды ў заяўленым памеры.

Прысуд за абразу міліцыянтаў

Суд Заводзкага раёну Менску разгледзеў крымінальную справу ў дачыненьні да мантажніка Міхаіла Богдана, якога абвінавацілі ў абразе супрацоўнікаў МУС (арт. 369 КК РБ). Пацярпелыя — міліцыянты Шнараў і Шуплакоў — на суд не зьявіліся, аднак выставілі матэрыяльныя пазовы па 1000 рублёў.

Паводле матэрыялаў абвінавачаньня, Міхаіл 18 лютага ў сацыяльнай сетцы «ЎКантакце» напісаў камэнтар: «Такія Хероі, і хай увесь сьвет пачакае». Тэкст быў пакінуты пад фота, дзе супрацоўнікі МУС у форменным абмундзіраваньні здымалі надзіманыя балёнікі. Богдан быў абураны, чаму гэта робяць не рабочыя ЖКГ, а супрацоўнікі МУС. Лінгвістычная экспэртыза ўстанавіла, што слова «хероі» мае нэгатыўны характар.

Судзьдзя Алег Каляда прысудзіў Богдану 2 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»).

5 гадоў калёніі за паведамленьні ў тэлеграм

У Магілёве 7 кастрычніка абвясьцілі прысуд 24-гадоваму жыхару Асіповічаў Ільлі Дубскаму, які абвінавачваўся ў пагрозе гвалту ў дачыненьні да сілавікоў і распальваньні варажнечы.

Восеньню мінулага году абвінавачваны адседзеў 13 сутак арышту за мітынгі. Пазьней яго затрымалі ў крымінальных справах па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу: ч.1 арт. 130 (да 5 гадоў пазбаўленьня волі) і ч.1 арт. 366 (да 7 гадоў пазбаўленьня волі).

Ільля Дубскі — зводны брат былога лідэра асіповіцкага аддзяленьня «Маладога фронту», экс-палітвязьня Арцёма Дубскага, які ўжо 10 гадоў як выехаў у Польшчу. Арцём Дубскі не выключае, што праблемы ў зводнага брата ўзьніклі менавіта таму, што яны сваякі.

Паводле інфармацыі Zerkalo.io, падставай для крымінальнага перасьледу сталі паведамленьні ў адным з тэлеграм-чатаў: аўдыё- і тэкставыя.

Абарона Ільлі Дубскага не пагадзілася з прысудам і абскардзіць яго.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Ягор Марціновіч

Самае папулярнае

XS
SM
MD
LG