Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падпалкоўніка юстыцыі адправілі ў калёнію за пратэсты, ягонага брата-чыноўніка таксама асудзілі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

5 кастрычніка ў судзе Фрунзэнскага раёну Менску вынесьлі прысуд 43-гадоваму Аляксею Сянькову. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу і прысудзілі яму 2 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.

Аляксей Сянькоў — падпалкоўнік юстыцыі ў адстаўцы. 5 ліпеня 2021 году яго затрымалі на працы ў Сьледчым камітэце, дзе ён на розных пасадах працаваў зь ліпеня 2012 году. У гэты ж дзень яго звольнілі па згодзе бакоў. Сянькоў мае ордэны і мэдалі, а таксама граматы за бездакорную службу, паведамляе «Вясна».

Справу Аляксея Сянькова разгледзела судзьдзя Натальля Бугук. Бок дзяржабвінавачваньня падтрымліваў памочнік пракурора Фрунзэнскага раёну Дзьмітры Хаваўка.

Пазоў «Менсктрансу» на 11 тысяч 819 рублёў 76 капеек будзе разгледжаны ў грамадзянскім парадку.

Аляксея Сянькова абвінавацілі ў тым, што 16 і 23 жніўня 2020 году ён узяў удзел у маршах — «групавых дзеяньнях, якія груба парушылі грамадзкі парадак і пацягнулі за сабой парушэньне працы транспарту». Таксама ён нібыта «пляскаў у далоні, выкрыкваў лёзунгі». Дзеяньні адбываліся на праспэктах Машэрава і Пераможцаў, плошчы Незалежнасьці.

Аляксей прызнаў, што мела месца абмежаваньне руху транспарту, але ён ня бачыў, каб яно было побач зь ім. Таксама ён прызнаў, што пляскаў у далоні і крычаў «Жыве Беларусь!».

Тое самае Аляксей адзначыў наконт падзей 23 жніўня: прыйшлі з братам паглядзець на колькасьць людзей, сфатаграфаваліся непадалёк ад калёны і разышліся. Бліжэй не падыходзілі, бо «бачылі тэхніку і вайскоўцаў». Аляксей Сянькоў таксама адзначыў, што ў счэпках ня ўдзельнічаў і непадпарадкаваньня не аказваў.

Малодшы брат Аляксея — палітзьняволены былы чыноўнік Юры Сянькоў, які быў начальнікам фінансавага аддзелу адміністрацыі Ленінскага раёну Менску. Яго затрымалі 30 красавіка 2021 году і пяць разоў асудзілі па адміністрацыйных справах, у выніку чаго ён атрымаў 50 сутак арышту.

Затым яго перавялі ў СІЗА ўжо па крымінальнай справе. Яго абвінавацілі па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу: па арт.342 КК — за ўдзел у акцыях пратэсту 16 і 23 жніўня 2020 году, і па арт. 368 КК — за рэпост у тэлеграме. Юры Сянькоў атрымаў 3 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG