Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адстаўным афіцэрам, якіх Лукашэнка пазбавіў званьняў, паменшылі пэнсіі. Яны падаюць скаргі ў суд


Падпалкоўнікі КДБ у адстаўцы Валер Костка, архіўнае фота

Падпалкоўнікі Камітэту дзяржбясьпекі ў адстаўцы Валер Костка і Сяргей Аніська праз суд аспрэчаць указ аб пазбаўленьні іх званьняў. У верасьні ім паведамілі, што ў іх скарачаецца пэнсія.

«Сказалі, што прыблізна на 150 рублёў пэнсія зьменшыцца — цалкам здымуць надбаўку, якая тычылася званьня», — расказаў «Народнай волі» Валер Костка, які выйшаў у адстаўку ў 1993 годзе і падтрымаў нацыянальныя сілы.

Яго таксама абавязалі «вярнуць частку грошай» — тую самую надбаўку за некалькі месяцаў, якую налічвалі пасьля прыняцьця ўказу. Сумарна ён вінен дзяржаве каля 500 рублёў.

Аналягічная размова з супрацоўніцай пэнсійнага аддзелу КДБ адбылася і ў Сяргея Аніські. Тая супакойвала: маўляў, не хвалюйцеся, ад 1 кастрычніка пэнсія будзе складаць 1091 рубель. Але адстаўны афіцэр не разумее, чаму павінен страчваць фінансава, бо надбаўка — гэта ў тым ліку «афганскія» грошы.

«Я ад Лукашэнкі не атрымаў ніводнага званьня, усё аж да маёра меў пры СССР, а падпалкоўніка прысвоіў былы старшыня КДБ Уладзімер Мацкевіч. У маіх пасьведчаньнях аб мэдалях няма подпісу Лукашэнкі. Тады пытаньне: якое ён мае права пазбаўляць мяне званьня?» — зьдзіўлены Сяргей Аніська, які зьбіраецца ў суд, бо гэта «пытаньне прынцыпу».

Валер Костка ўжо двойчы быў у судзе. Як толькі выйшаў указ, напісаў скаргу ў раённы суд па месцы прыпіскі, але яму адмовілі з фармулёўкай «за некарэктныя выразы». Так у канцылярыі расцанілі просьбу прызнаць Лукашэнку нелегітымным кіраўніком дзяржавы, а ягоны ўказ — нікчэмным.

Зварот у гарадзкі суд меў той жа вынік. Цяпер Валер Костка чакае адказу зь Вярхоўнага суду.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG