Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пазбавіў званьняў больш як 80 былых сілавікоў. Бо «нагняталі»


Пагоны палкоўніка КДБ. Ілюстрацыйнае фота

Аляксандар Лукашэнка сваім указам пазбавіў вайсковых званьняў больш як 80 былых вайскоўцаў і супрацоўнікаў сілавых структураў.

Пра гэта паведаміў пралукашэнкаўскі тэлеграм-канал «Пул первого», спасылаючыся на тое, што заканадаўства дазваляе пазбаўляць званьняў у тым ліку і тых, хто знаходзіцца ў адстаўцы альбо ў запасе.

«У пэрыяд абвастрэньня грамадзка-палітычнага становішча ў краіне з мэтай яе дэстабілізацыі асобныя вайскоўцы і супрацоўнікі нагняталі настроі пратэсту ў грамадзтве, арганізоўвалі і ўдзельнічалі ў несанкцыянаваных мерапрыемствах, разьмяшчалі ў сетцы Інтэрнэт экстрэмісцкія матэрыялы, заклікалі да радыкальных дзеяньняў, публікавалі асабістыя дадзеныя дзяржаўных службоўцаў, журналістаў, супрацоўнікаў праваахоўных органаў, выступалі з абвінавачаньнямі, абразамі і пагрозамі на іх адрас. Дыскрэдытуючы гонар і годнасьць вайскоўца і супрацоўніка, праяўлялі зьнявагу дзяржаўных сымбаляў, выкідалі службовыя пасьведчаньні, здымалі пагоны», — тлумачыць тэлеграм-канал.

Паведамляецца таксама, што ініцыятарамі пазбаўленьня званьняў выступілі кіраўнікі сілавых ведамстваў.

Прозьвішчы тых, хто пазбаўлены званьняў, пакуль невядомыя.

  • Першым вайскоўцам, якога Лукашэнка пазбавіў званьня, быў у 1994 годзе былы міністар абароны Павал Казлоўскі — ён быў разжалаваны з генэрал-палкоўніка ў генэрал-лейтэнанты.
  • Яшчэ адным вядомым сілавіком, якога Лукашэнка панізіў у званьні, быў экс-міністар унутраных спраў Юры Захаранка. У красавіку 1996, праз паўгоду пасьля адстаўкі Захаранкі, Лукашэнка сваім указам панізіў яго з генэрал-маёра міліцыі да палкоўніка і звольніў з МУС. Захаранка паніжэньня ў званьні не прызнаў і, калі даводзілася апранаць форму міліцыянта, насіў генэральскія пагоны. Захаранка бясьсьледна зьнік у траўні 1999 году.
  • Вайсковае званьне самога Лукашэнкі застаецца невядомым. На парадах і манэўрах ён зьяўляецца ў форме, якая ўяўляе сабой гібрыд мундура савецкага генэрала і адзеньня афрыканскіх вайсковых дыктатараў. Ніякімі статутамі гэтая форма не прадугледжаная.
  • У часе жнівеньскіх пратэстаў некалькі дзясяткаў супрацоўнікаў сілавых структураў заявілі, што нязгодныя з забойствамі, зьбіцьцём і катаваньнем цывільных грамадзян, і сышлі са службы.
  • Для дапамогі былым сілавікам, іх перакваліфікацыі былі створаныя грамадзкія ініцыятывы, зь якіх найбольш вядомая — BYPOL.
  • Для перападрыхтоўкі адстаўных і звольненых з палітычных матываў супрацоўнікаў сілавых ведамстваў быў таксама створаны праект ByChange . У красавіку стваральніка праекту, былога сьледчага Яўгена Юшкевіча, затрымалі па справе аб тэрарызьме.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG