Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Міліцыя цяпер — гэта карны орган у руках аднаго чалавека». Што былы міліцыянт кажа пра пазбаўленьне афіцэрскага званьня


Уладзімер Жыгар
Уладзімер Жыгар

Лукашэнка пазбавіў афіцэрскіх званьняў 80 былых міліцыянтаў, памежнікаў і вайскоўцаў. Сярод іх — лейтэнант міліцыі запасу, былы опэрупаўнаважаны крымінальнага вышуку Мазырскага РАУС Уладзімер Жыгар. Зь якімі эмоцыямі сустрэў ён навіну, спыталася Свабода.

Уладзімера Жыгара звольнілі з Мазырскага РАУС улетку «за палітыку». Ён далучыўся да каманды «Страна для жизни». На некаторых мерапрыемствах ахоўваў Сьвятлану Ціханоўскую. Сядзеў на «сутках» у Жодзіне. Быў вымушаны зьехаць зь Беларусі. Далучыўся да ініцыятывы ByPol.

«Пазбаўленьне афіцэрскага званьня я і ўсе прадстаўнікі ByPol успрынялі спакойна. Мы разумеем, што Лукашэнка нелегітымны прэзыдэнт і ўсе яго рашэньні ня маюць ніякай вагі. У свабоднай Беларусі ўсе гэтыя загады будуць ануляваныя. Вядома ж, я не шкадую, што зрабіў такі выбар. Паступаць па сумленьні заўсёды складана, аднак служыць рэжыму я не хацеў. Я даваў прысягу абараняць уласны народ, а не асобна ўзятага правіцеля, які ня можа зьмірыцца з тым, што людзі яго не абралі. Цяпер ён катаваньнямі, штрафамі, гвалтам спрабуе прымусіць людзей любіць сябе!» — выказаўся Ўладзімер Жыгар.

Ён кажа, што сумуе па Мазыры, але не па ранейшай службе.

«Тое, у што цяпер ператварылася міліцыя, гэта ненармальна. Гэта проста карны орган у руках аднаго чалавека», — лічыць былы міліцыянт.

Уладзімер Жыгар кажа, што працы ў ByPol шмат, «працуем 24/7».

«Але гэтая праца прыносіць толькі станоўчыя эмоцыі, таму што я разумею, што гэтая праца сапраўды патрэбная і накіраваная на вяртаньне Беларусі ў прававое рэчышча і прыцягненьне вінаватых асоб да адказнасьці», — дадаў ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG