Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік By_Pol: «Сілавікі ведаюць, што ўвесну людзі ўсё роўна выйдуць на вуліцы»


Уладзімер Жыгар. Фота By_Pol

Былы опэрупаўнаважаны крымінальнага вышуку Мазырскага РАУС Уладзімер Жыгар, які пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году звольніўся зь міліцыі і адбыў адміністрацыйны арышт у жодзінскай турме, заявіў, што Лукашэнка яшчэ не пачаў паўнамаштабных чыстак у апараце МУС.

На думку Ўладзімера Жыгара, які далучыўся да ініцыятывы By_Pol, у органах яшчэ ёсьць тыя, хто «сымпатызуе беларускаму народу». А тыя, хто пакуль утрымлівае ўладу ў сваіх руках, ня могуць дазволіць сабе ў адно імгненьне «выразаць 30-40% супрацоўнікаў у цэнтральным апараце». Па словах былога апэратыўніка, гэтых людзей проста немагчыма будзе замяніць у выпадку масавых звальненьняў.

«Акрамя барацьбы з грамадзянскай супольнасьцю, ёсьць і паўсядзённая праца, а за яе спаганяюць напоўніцу. За невыкананьне пэўных нормаў даводзіцца адказваць. Караюць строгімі вымовамі — тлумачэньні пра барацьбу з „апазыцыянэрамі“ не працуюць».

Таксама Жыгар заявіў, што шмат міліцыянтаў, якія яшчэ засталіся на службе, сабатуюць захады ў палітычным вышуку, больш за тое, атрымліваюць папярэджаньні ад жонак, што ў выпадку «пасадак невінаватых людзей» атрымаюць заявы на развод. Наогул разводы Жыгараў лічыць звычайнай для міліцыянта практыкай, бо працоўны дзень не ўнармаваны, а заробак не такі буйны.

Колішні супрацоўнік Мазырскага РАУС неаднаразова ўдзельнічаў у сустрэчах з Лукашэнкам і расказаў, што ў чаканьні ягонага прылёту даводзілася праводзіць шмат гадзін на марозе, у дождж ці сьнег.

«Не зважаючы на пасады і званьні, падымалі ноччу і везьлі на месца збору. Там мы стаялі з 6-7 раніцы, хоць сам Лукашэнка прылятаў толькі а 9-й вечара. Проста суткі на марозе ахоўвалі пляцоўку тры на тры мэтры, каб які-небудзь сабака не прабег перад картэжам. І за гэта ніхто дадаткова не плаціў».

На думку Жыгара, сілавікі ведаюць, што «ўвесну нешта будзе», таму цяпер прэвэнтыўна затрымліваюць, фальсыфікуюць адміністрацыйныя матэрыялы. Але пры гэтым усьведамляюць, што «нічога ня зьменіцца і людзі ўсё роўна выйдуць на вуліцы». Дзейныя супрацоўнікі МУС, па словах былога апэратыўніка, павінны зразумець, што няма розьніцы, хто будзе пры ўладзе — міліцыя патрэбна заўсёды.

«Але калі Лукашэнка застанецца, то праблем для краіны стане нашмат больш. Пасьля яго сыходу ня будзе пагалоўнай люстрацыі, суд прыме законнае рашэньне толькі ў тым выпадку, калі ты вінаваты».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG